Вечар вечных вершаў у кавярні «Грай» (фота, відэа)

Другі год запар у мінскай кавярні "Грай" адбываецца імпрэза "Вечар вечных вершаў", прысвечаная трагічным падзеям, што здарыліся 82 гады таму.

30 ліпеня 1937 года выйшаў загад НКУС аб аперацыі па знішчэнні "антысавецкіх элементаў", які адкрыў шлях жудасным сталінскім рэпрэсіям. 1 жніўня 1937 года ва ўнутраным дворыку "амерыканкі" ў Мінску ў агні гарэлі рукапісы беларускіх пісьменнікаў. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС (“амерыканкі”) былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР: літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы. На працягу восені 1937-га было рэпрэсавана больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.

Мэта імпрэзы, якая прайшла ўвечары 27 кастрычніка ў мінскай кавярні "Грай", — ушанаваць тую спадчыну, што паспелі пакінуць пасля сябе літаратары. Каб зноў прыгадаць імёны рэпрэсаваных творцаў і тое, што яны зрабілі для беларускай і сусветных культур. Верагодна, яны яшчэ шмат паспелі б зрабіць і напісаць, але сістэма ў тыя часы вырашыла абысціся па-свойму з тымі, хто ствараў і развіваў беларускую нацыянальную культуру, не баяўся казаць праўду. І гэтыя трагічныя падзеі варта памятаць, трэба вывучаць у школах, каб ведаць, на што здольная чалавечая жорсткасць, бяздумнае падпарадкаванне аўтарытэтам — каб ніколі зноў гэта не паўтарылася.


Творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры чыталі Павал Гарадніцкі, Ганна Севярынец, Віка Трэнас, музыку на вершы рэпрэсаваных літаратараў выконвалі Кацярына Ваданосава & Fantasy Orchestra, Павал Аракелян і Hvedar Groovich.


У "Вечары вечных вершаў" прымала ўдзел Вікторыя Трэнас — беларуская паэтка і літаратурны крытык (У.Жылка “Восеньскае”, А.Дудар “Запляці залатую касу”, Т.Кляшторны “Плачуць асеннія клёны”).

У "Вечары вечных вершаў" прымала ўдзел Вікторыя Трэнас — беларуская паэтка і літаратурны крытык (У.Жылка “Восеньскае”, А.Дудар “Запляці залатую касу”, Т.Кляшторны “Плачуць асеннія клёны”).


Павал Аракелян — беларускі саксафаніст, кампазітар, джазмэн, удзельнік гуртоў “Крамбамбуля”, The Outsiders. Выконваў сваю песню на верш Майсея Кульбака — "Гультай".



У імпрэзе ўзялі ўдзел маладыя паэты: Альгерд Касцян, Яўгенія Мароз, Яўген Кунцэвіч, Анастасія Даніленка.


Кацярына Ваданосава і яе Fantasy Orchestra выканалі песню на словы Алеся Дудара "Асыпае чэрвень белы сад", якая была запісана для праекту "(Не)расстраляная паэзія".



Ганна Севярынец — літаратуразнаўца, выкладчыца, аўтарка гістарычнага раману "Гасцініца "Бельгія", у якім апавядаецца пра літаратурнае жыццё Беларусі 20 — першай паловы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, а сярод галоўных герояў — паэты Алесь Дудар і Уладзімір Дубоўка. Літаратуразнаўца распавяла пра апошнія дні літаратараў у турме, пра іх апошнія запіскі і надпісы на сценах. Былі прачытаны вершы Чарота, Дудара, Харыка, Таўбіна.

Ганна Севярынец

Незвычайны выступ у стылі рэп зладзіў музыка, бубнач Hvedar Groovich з песняй "Калі я буду паміраць" на словы Юлія Таўбіна.


Бубнач Hvedar Groovich з песняй "Калі я буду паміраць"

Бубнач Hvedar Groovich з песняй "Калі я буду паміраць"


Завяршыў вечар актор Свабоднага тэатру, удзельнік гурта “Разбітае Сэрца Пацана” Павел Гарадніцкі. Ён прачытаў вершы Тодара Кляшторнага, Юлі Таўбіна і Уладзіміра Жылкі).

Павел Гарадніцкі

Павел Гарадніцкі


На вечарыне адбылася дэманстрацыя кліпа на песню Уладзіслава Лепяшынскага і Lear "На могілках" (на словы Міхася Чарота), які будзе прэзентаваны Арт-Сядзібай на сваіх старонках у сацсетках толькі 29 кастрычніка.

На працягу імпрэзы ахвотныя мелі магчымасць запальваць знічы на ўспамін крывавых падзей 1937 года.



Расклад наступных імпрэзаў:
  •  28 кастрычніка,13:00, Прэс-клуб (Харужай 3-601) — Брыфінг "Расстраляная Беларусь".
  •  29 кастрычніка, 11:00 — 17:00, Кальварыйскія могілкі — Шлях Памяці па месцах сталінских рэпрэсій: Кальварыя, Цівалі, станцыя Мінск-Таварны, Лошыца, Благоўшчына, Вайсковыя могілкі, парк Чалюскінцаў.
  • 29 кастрычніка, 20:00, Курапаты, Галгофа — "Ноч расстраляных паэтаў".
  • 31 кастрычніка, 18:30, пляцоўка OK16 (Кастрычніцкая 16) — вечар паэзіі, прэзэнтацыя дызайнерскіх партрэтаў рэпрэсаваных літаратараў.
  • 3 лістапада — Дзяды

Аўтар здымкаў — Рыгор Бутылін

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!