Вера Бурлак стала лаўрэаткай прэміі Шэрмана 2018

Прэмія імя Карласа Шэрмана была ўручана Веры Бурлак за паспяховы сінтэз перакладчыцкіх тэхнік пры пераўвасабленні мастацкага ўніверсуму Льюіса Кэрала ў перакладзе кнігі «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса».

Уручэнне прэміі адбылося 25 кастрычніка, у дзень народзінаў патрона ўзнагароды — перакладчыка, праваабаронцы і літаратуразнаўцы Карласа Шэрмана.

Сёлета ў кароткі спіс прэміі ўвайшлі:

Вера Бурлак з перакладам з англійскай мовы кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса», Галіяфы, Мінск.

Аляксей Знаткевіч з перакладам з англійскай мовы кнігі Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі», Янушкевіч, Мінск.

Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы кнігі Свэна Нурдквіста «Калядная каша», «Паляванне на ліса», «Пэтсан сумуе», «Фіндус з’язджае», Кнігазбор, Мінск.

Ігар Крэбс з перакладам з нямецкай мовы кнігі Г. А. Бюргера, Р. Э. Распэ «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна», Кнігазбор, Мінск.

Максім Мудроў з перакладам з албанскай мовы кнігі Ісмаіля Кадарэ «Хроніка ў камені», Янушкевіч, Мінск.

Васіль Сёмуха з перакладам з латышскай мовы кнігі Аляксандра Чакса «Выбраныя вершы», Зміцер Колас, Мінск.

На прэмію сёлета было намінавана 35 кніг, перакладзеных з 15 моваў.

Сябрамі журы прэміі Шэрмана ў 2018 годзе былі:

Лявон Баршчэўскі, перакладчык, літаратуразнаўца;

Ганна Бутырчык, літаратуразнаўца, загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ;

Аксана Данільчык, паэтка, перакладчыца;

Дзмітрый Плакс, перакладчык, паэт, празаік;

Марына Шода, літаратуразнаўца, перакладчыца.

Сябры журы не мелі права галасаваць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі.

Прэмія за найлепшую мастацкую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд «Вяртанне». Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонда «Вяртанне» чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.

У 2016 г. лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017 – Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера. Сёлета прэмія ўручалася ў трэці раз.

Беларускі ПЭН-цэнтр

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-10-26 11:53:22
Рэдакцыя, можна было б дадаць фота лаўрэаткі, дарма што я ведаю, як яна выглядае ;) В. Бурлак яшчэ і спявае. Паслухаем? http://tuzinfm.by/performer/mp3/4217/daroha.html