Верагодна праз МНС: вядомая мінская арт-прастора высяляе арандатараў

Культурны хаб атрымаў прадпісанне ад МНС і вымушаны зачыніцца.
Стала вядома, што мерапрыемствы, запланаваныя ў сталічнай арт-прасторы Ok16 на бліжэйшы час, адмяняюцца. Пра гэта паведамілі арандатары пляцоўкі. Прычыну яны апісалі так: культурны хаб атрымаў прадпісанне ад МНС і вымушаны зачыніцца.

Ok16 - культурная прастора на Кастрычніцкай вуліцы. Некалькі гадоў запар пляцоўку для правядзення сваіх мерапрыемстваў арандавала кампанія «АртКарпарэйшн», арганізатары фестываляў «Лістапад» і «ТэАрт». Сёння стала вядома, што ўсе падзеі гэтай арганізацыі адмяняюцца. Пра гэта «АртКарпарэйшн» паведаміла ў сябе ў сацсетках:

- Сябры, на жаль, мы вымушаныя пакінуць прастору Ок16. Вось так зусім нечакана для нас мы засталіся без нашага любімага хаба, дзе так доўга давалі жыццё шматлікім важным праектах, у тым ліку стваралі і паказвалі спектаклі «ТОКтеатра».

Усе спектаклі «ТОКтеатра» у студзені і лютым пакуль адмяняюцца. Арганізатары просяць захаваць квіткі на запланаваныя мерапрыемствы і тым самым падтрымаць іх у няпростых абставінах.

Прадстаўнік «АртКарпарэйшн» распавёў TUT.BY, што 5 студзеня кампанія даведалася: пляцоўка атрымала прадпісанне МНС аб прыпыненні мерапрыемстваў. Пасля гэтага, паводле яго слоў, рушыла ўслед адмена ўсіх мерапрыемстваў і скасаванне дамовы арэнды з боку ўладальніка.

Адмяняюцца і іншыя мерапрыемствы, запланаваныя на гэтай пляцоўцы на бліжэйшы час. Так, заснавальнік Сучаснага мастацкага тэатра Уладзімір Ушакоў падзяліўся ў сябе ў Facebook, што ўчора спектакль #Гэтадземакрэйшэн адмянілі за паўгадзіны да яго пачатку. Прычыну артыст патлумачыў так: «Прыехалі з МНС і за 30 хвілін да спектакля прынеслі прадпісанне Оk16».

Дабрачыннаму праекту KaliLaska таксама давялося аператыўна шукаць новую пляцоўку для правядзення традыцыйнай дабрачыннай барахолкі, запланаванай на 7 і 8 студзеня. Оk16 вымушаныя былі адмовіць ім у правядзенні мерапрыемства, дзеляцца арганізатары.

- Такі час цяпер. Нашы сябры, культурны хаб Оk16, прыпыняе сваю дзейнасць на дадзены момант. Распараджэнне аб гэтым паступіла раніцай. Мы не маркоцімся! Аператыўна пераехалі ў іншае памяшканне і раскажам вам пра яго плюсы.

У выніку барахолка KaliLaska пройдзе ў культурна-дзелавым квартале «К21» на Кальварыйскай, 21.

Звязацца з пляцоўкай Ok16 па тэлефоне, пазначаным ў Сетцы, не ўдалося. 

Нагадаем, што ў пачатку снежня міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus быў вымушаны пераехаць з Ok16 на іншую пляцоўку. Першапачаткова адкрыццё і некаторыя паказы павінны былі прайсці ў культурным хабе, аднак за суткі да старту фестывалю прадстаўнікі пляцоўкі заявілі аб рамонтных работах.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: