Вершы беларускага паэта чытаюць у Ізраілі

Новая кніга беларуска-габрэйскага паэта Фелікса Баторына на мове ідыш «Размова з рэхам» пабачыла свет у Ізраілі.

Выступае Фелікс Баторын

Выступае Фелікс Баторын

Яе падрыхтаваў да друку Цэнтр сучаснай габрэйскай літаратуры. У кнігу ўвайшлі вершы, якія друкаваліся ў часопісах «Саветыш Геймланд», «Полымя», «Маладосць», «Ды пэн» ( Оксфард), «Дзеяслоў», у газеце «Новы час».

Пра гэту падзею аўтар распавёў на сустрэчы з чытачамі ў літаратурным клубе «Хэсэда Рахамім».

Фелікс Барысавіч падзяліўся з чытачамі сакрэтамі літаратурнага перакладу. На беларускай мове з яго дапамогай загучалі творы Генрыха Гейне, Зыгмунда Красінскага,Булата Акуджавы, Рыгора Рэлеса, Мэндэля Ліфшыца. Калісьці ён майстарскі пераклаў твор Барыса Пастэрнака «Зімняя ноч». Для яго важна захаваць дух і рытм верша, а таксама галоўныя дэталі. Пераклады Ф. Баторына ўвайшлі ў свой час у кнігу «На вуліцы Максіма Багдановіча» (2007).

На жаль, усё меньш людзей размаўляе на мове ідыш. У пасляваенным дзяцінстве паэт чуў родную гаворку з вуснаў сваіх бацькоў і цёці, суседзяў. А яшчэ пільна ўслухоўваўся ў сакавітыя гукі беларускай мовы з усімі адценнямі. На ёй размаўлялі былыя партызаны, якія прызджалі ў дом бацькі, былога камісара партызанскага атрада.

Сын паэта, які скончыў  філфак і выкладае беларусістыку ў Кракаўскім універстэце, не аднойчы запытваў: «Тата, дзе ты знайшоў такія дзіўныя словы?!». Памяць літаратара цэпка захоўвае ўсе падзеі і выразы, звязаныя з жыццём яго бацькі Барыса Хаймовіча, якому ўдалося ўцячы з Мінскага гета да партызанаў і вывесці з сабой групу палонных. Яму паэт прысвяціў дакументальнае выданне «Чорны год» (2011).

Не так даўно Фелікс Баторын адшукаў вершы габрэйскага паэта Хайма Ленскага, які загінуў у ГУЛАГу, і пераклаў іх на беларускую мову. Памяць народа, гісторыя і літаратура дапамагаюць паэту і яго родным мужна трываць ў сёняшнім дні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-02-08 14:50:34
Часопіс, у якім друкаваліся вершы Ф. Хаймовіча на ідышы, завецца "Ды пэн" (не "Дэ"). І Хаім Ленскі загінуў усё-ткі ў ГУЛАГу, а не ў "ГУЛУГу". Дарэчы, пераклады яго вершаў на беларускую можна пачытаць тут: http://belisrael.info/?p=8810

Больш цікавага на «Новым Часе»: