Віцебскі тэатр пакажа ў новым сезоне яшчэ адзін спектакль пра Марка Шагала

Прэм’ера спектаклю «Шагал. Вяртанне ў Віцебск» у Беларускім тэатры «Лялька» адбудзецца ў лютым 2019 года. Новы, трыццаць другі, тэатральны сезон таксама пачнецца з цікавай прэм’еры.

Пра гэта паведаміў падчас прэс-канфэрэнцыі мастацкі кіраўнік тэатру Віктар Клімчук.

Ён нагадаў, што ў рэпэртуары “Лялькі” ўжо ёсць шагалаўскі спектакаль — “Шагал. Зыход”. Але ён вулічны: граецца толькі ўначы і пад адкрытым небам, а акторы працуюць на дыбах. Новы спектакаль “Шагал. Вяртанне ў Віцебск” будзе класічным – з лялькамі, жывымі акторамі, праекцыямі і г.д. Папярэдне, ролю Шагала ў пастаноўцы выканае Юрась Франкоў.

“Ікона — не Шагал. Ікона — долары…”

Рэжысёрам новага спектаклю пра Шагала выступае сам Віктар Клімчук, а вось мастака шукалі цягам амаль трох гадоў. У выніку наладзілі плённае супрацоўніцтва з расійскай мастачкай Зоф’яй Шахноўскай.

Як расказаў Віктар Клімчук, пастаноўка робіцца паводле аўтабіяграфічнай кніжцы Марка Шагала “Маё жыцьцё”.
  Эпізод са спектаклю "Шагал. Зыход". Фота: lialka.by

  Эпізод са спектаклю "Шагал. Зыход". Фота: lialka.by


“Гэта было маёй марай — паставіць спектакль пра Шагала. І, калі прачытаў кніжку, зразумеў, што гэтую мару трэба нарэшце здзейсніць… Усе кажуць: “Шагал, Шагал!”. Але ж трэба адкрыць нешта сваё. Трэба даць, каб бачылі звычайныя людзі. Не думаю, што ўсе з іх чыталі гэтую кніжку. І мяркую, яны прыйдуць на новы спектакль”, — кажа мастацкі кіраўнік тэатру.

І ў той жа час наракае: “Але зараз цяжкія часы, няўдзячныя. Ікона — не Шагал. Іконай зрабіліся долары ды рублі. Гэтаму зараз пакланяюцца людзі. Таму з людзьмі бывае цяжка гаварыць, бо гаворым на розных мовах…”

Плануецца, што ў сярэдзіне студзеня 2019 году, перад пачаткам рэпетыцый новай пастаноўкі, у тэатры “Лялька” адбудзецца адкрытая сустрэча з даследчыкамі жыцця і творчасьці Марка Шагала — Аркадзем Падліпскім, Аляксандрам Лісавым і вядомым беларускім пісьменнікам Віктарам Марціновічам (“Мова”, “Параноя” і г.д.).

Адкрыццё сэзону – 30 верасня. Ёсць таямніцы…

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар Беларускага тэатру “Лялька” Аляксандар Грыгор’еў, новы сезон у “Ляльцы” адкрыецца ўжо 30 верасня. Дзетак чакае прэм’ера спектаклю “Казка пра казку”, а дарослых – спектакль “Спакуса, або Чорны манах”.

Эпізод з пастаноўкі "Казка пра казку". Фота: lialka.by

Эпізод з пастаноўкі "Казка пра казку". Фота: lialka.by


Пастаноўку “Казка пра казку” ў тэатры называюць знакавай, яе ажыццявілі рэжысёр Міхась Клімчук і мастачка Зоф’я Шахноўская паводле твораў вядомай беларускай мастачкі Ганны Сілівончык.

Чакаецца ў новым сезоне і яшчэ адна прэм’ера, але ў тэатры кажуць пра яе як пра таямніцу і сакрэтаў не выдаюць. Вядома толькі, што стварае новы спектакль Міхась Клімчук разам з маладым драматургам Вольгай Прусак (зараз працуе ў “Ляльцы”), чые п’есы з поспехам ідуць у Беларускім Свабодным тэатры.

Зміцер Міраш, vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: