Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Віцебшчына – чароўны край блакітных азёраў і помнікаў даўніны. Глыбоччына

Глыбоччына — цудоўны куточак нашай краіны, дзе налічваецца вялізная колькасць азёраў і рэк, а таксама выдатных помнікаў даўніны. 

Касцёл Св.Архангела Міхаіла ў в. Лужкі. Пабудаваны ў 1744 г..

Мне неаднаразова давялося прыязджаць сюды ў камандзіроўку і ў якасці глебазнаўца, і ў якасці геолага, таму я з вялікай ахвотай прыняў прапанову Уладзіміра Цвірко суправаджаць яго ў гэты дзівосны край.

Месца для начлегу ў інтэрнаце нам любезна прапанавала дырэктар Глыбоцкага ліцэя. Даследванне помнікаў архітэктуры мы пачалі з вёсак Бушыкі, дзе знаходзіцца Пакроўская царква, пабудаваная ў 1731 годзе, а ў вёсцы Залессе азнаёміліся з сядзібай графаў Молляў (XIX стаг.).

Вёска Лужкі, якую мы наведалі пасля Залесся, адносіцца ўжо да Шаркаўшчынскага раёна, і вядомая далёка за межамі Беларусі. У гэтай вёсцы нарадзіўся ў 1858 годзе Э.Бен-Іегуда (сапраўднае прозвішча Лейзер–Іцхок Перальман), якога называюць «бацькам сучаснага іўрыта», які ўсё сваё жыццё аддаў адраджэнню іўрыта ў якасці сучаснай размоўнай мовы. У гонар яго названыя вуліцы ў такіх гарадах Ізраіля як Тэль–Авіў, Іерусалім ды Хайфа.

А ў в. Лужкі яго памяць ушанавана памятным знакам у цэнтры вёскі, на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. На адкрыцці помніка прысутнічаў пасол Ізраіля ў Беларусі І. Шагал. Надпіс на ім зроблены спачатку на беларускай мове, затым на яўрэйскай, а ў канцы — на рускай, што сведчыць аб тым, што тыя, хто замаўляў выраб помніка, а гэта напэўна асобы і яўрэйскай нацыянальнасці, паважаюць нашу беларускую мову, што сведчыць аб высокай культуры гэтага народа.

Бен -Іегуда, Элізэр. Лейзер-Іцхок Перэльман

Памятны знак ув. Лужкі, прысвечаны Э. Бен-Іегудзе, які прысвяціў усё сваё жыццё адраджэнню іўрыта ў якасці  размоўнай мовы. У г. Іерусаліме адна з цэнтральных вуліц носіць яго імя.

У г. Глыбокае на Алеі знакамітых землякоў усталяваны бюст Э.Бен–Іегуды. Захаваліся ў Лужках руіны сінагогі, дзе ён вучыўся ў хэдары, захаваліся таксама руіны вадзянога млына на р. Мнюта.

Сінагога ў в. Лужкі. Збудавана ў 1838 г. У хедэры сінагогі вучыўся Э. Бен-Іегуда

Руіны млына на р. Мнюта 

Першы ўспамін пра в. Лужкі датуецца 1519 годам. У 1756 годзе быў збудаваны касцёл Святога Архангела Міхаіла (гл. здымак), а ў 1794 г. збудавалі царкву Нараджэння Божай Маці. У 1745 годзе Лужкі атрымалі статус мястэчка.

Вёска Празарокі Глыбоцкага раёна мне вядомая яшчэ з 1970-х гадоў, калі я даследваў глебы аднаго з суседніх з Празарокамі гаспадарак. Ужо тады мяне ўразіў сваёй прыгажосцю будынак цаглянага касцёла Ўзнясення Дзевы Марыі (1907 г.).

Будынак касцёла ў в. Празарокі Глыбоцкага раёна

Непадалёк ад касцёла знаходзіцца і царква Пятра і Паўла (1909 г.).

Царква ў в. Празарокі Глыбоцкага раёна 1909 г.

Але не толькі гэтыя помнікі архітэктуры прыцягваюць у Празарокі шматлікіх турыстаў. У цэнтры вёскі знаходзіцца магіла стваральніка беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага, на якой узвышаецца яму помнік (скульптар І. Міско). Тут, на месцы апошняга жыццёвага шляху выдатнага сына беларускага народа, мне прыгадаўся верш «Ігнату Буйніцкаму», напісаны Я. Купалам у 1911 годзе:

Важна рэй Ігнат Буйніцкі
Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца – усё чыста
Хадыром з ім ходзіць.

       …………

Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прыспявае…
Сцеражыцеся, усе людзі:
Беларус гуляе!

Тэатр І. Буйніцкага працаваў выключна на беларускай мове, таму яму ўвесь час даводзілася пераадольваць цяжкасці з боку расійскіх улад, якія бачылі ў беларускай мове пагрозу сваёй вялікадзяржаўнай палітыцы, што назіраецца часамі і зараз. Памёр І. Буйніцкі на сцэне, у час рэпетыцыі. Сёлета, 22 верасня, спаўняецца 100 год, як І.Буйніцкі пайшоў з жыцця.

Помнік на магіле Ігната Буйніцкага. ў в. Празарокі

З’ехаўшы з трасы Полацк–Вільнюс, праз 4 км мы апынуліся ў вёсцы Мнюта, і якая размешчана на аднайменнай рацэ, побач з возерам з такой жа назвай. Але галоўнай славутасцю гэтай вёскі з’яўляецца вялікіх памераў прыгожы касцёл Панны Марыі, пабудаваны ў 1910 годзе. Яшчэ адной цікавасцю касцёла з’яўляецца тое, што ў ім быў ахрышчаны прэм’ер — міністр Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), пісьменнік, гісторык, філолаг Вацлаў Ластоўскі. У савецкі час ён нават атрымаў званне акадэміка. Але затым, у пачатку 30-х гадоў В. Ластоўскі быў абвінавачаны па сфабрыкаванай справе і як «вораг народа» быў асуджаны на высылкі, а ў 1938 годзе растрэляны.

Касцёл Панны Марыі в. Мнюта, у якім хрысцілі Вацлава Ластоўскага, прэм'ер-міністра БНР, пісьменніка, філолага, гісторыка, растрэлянага бальшавікамі ў 1938 г.

У вёсцы Прошкава знаходзіцца драўляны касцёл Святога Яна (канец XIX стаг.). Служачая з вялікай ахвотай расказала нам пра гісторыю касцёла, і пра тое, хто пахаваны на цвінтары. Цікавым было знаёмства з царквой Святой П. Пятніцы (1887 г.) і касцёлам Святога Іаана Хрысціцеля (1920 г.) у в. Чарневічы, з царквой Святога Мікалая (пачатак XX стаг.) у вёсцы Забор’е.

З гістарычнымі помнікамі архітэктуры г. Глыбокае паважаны Уладзімір Цвірко азнаёміўся яшчэ, таму на славутасцях Глыбокага я не буду спыняцца. Адзначу толькі, што апошні раз я быў у Глыбокім недзе год 25 таму, і мяне прыемна ўразіла, як за гэты час горад пахарашэў! У горадзе мы наведалі старыя яўрэйскія могілкі, якія радуюць вока сваёй чысцінёй і дагледжанасцю.

Ля ўвахода на старыя яўрэйскія могілкі г. Глыбокае

Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы ў г. Глыбокаеа

Глыбоччына — малая радзіма многіх выдатных людзей Беларусі. Тут нарадзіліся двойчы Герой Сацыялістычнай працы, авіяканструктар Павел Сухі, упамянуты вышэй Ігнат Буйніцкі, выдатны мастак , скульптар, этнограф, археолаг Язэп Драздовіч, педагог, дыпламат, які стварыў эскіз бел-чырвона–белага сцяга , член урада БНР Клаўдзій Дуж–Душэўскі, старшыня рады міністраў БНР Вацлаў Ластоўскі , пісьменнік, журналіст Тадэвуш Даленга–Мастовіч, пісьменнік Алесь Дубровіч, беларускі вучоны, прафесар у галіне эканамічнай інфарматыкі Мікола Савіцкі.

Па дарозе дамоў мы зазірнулі ў в. Слабада, што ў Докшыцкім раёне. На старых, пакінутых могілках, зарослых папараццю, мы пасля доўгіх пошукаў знайшлі 4 каменныя крыжы, узрост якіх налічвае, верагодна, некалькі стагоддзяў, і якія таксама з’яўляюцца гістарычнымі помнікамі нашай краіны.

Адзін з 4-х каменных крыжоў на закінутых могілках у в. Слабада Докшыцкага раёна 

Перагорнутая яшчэ адна старонка ў кнізе нашых падарожжаў па Беларусі. Св. Аўгусцін некалі адзначыў, што «жыццё — гэта кніга; хто не падарожнічае, той чытае толькі адну старонку», таму, падарожнічайце, паважаныя суграмадзянне!


Каментаваць