Віцебскую епархію вінавацяць у зацягванні рэстаўрацыі манастыра

Канфлікт вакол рэстаўрацыі ў Оршы колішняга кляштара базыліянаў, узведзенага ў XVIII стагоддзі грэка-каталікамі, а з цягам часу адышоўшага Праваслаўнай Царкве, у апошні год набыў грамадскі рэзананс. Кrynica.info выслухала ўсе бакі канфлікту і паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.



На думку супольнасці аршанскай інтэлігенцыі, праваслаўнае духавенства ў асобах кіраўніцтва праваслаўнай Віцебскай епархіі штучна замаруджвае рэстаўрацыйныя працы, што вядзе да канчатковага разбурэння помніка, унесенага ў спіс каштоўнасцяў нацыянальнага маштабу.

Супрацьлеглыя аргументы вылучае духавенства. Сваё бачанне сітуацыі падчас сустрэчы з карэспандэнтам Крыніцы выклалі архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, благачынны Аршанскай акругі пратаіерэй Валерый Сярко, а таксама матухна Данііла — манахіня віцебскага Успенскага манастыра, якая цягам пяці гадоў кіравала працамі па аднаўленні помніка, зрушыўшы справу з мёртвай кропкі, і якая была пазбаўленая сваіх паўнамоцтваў у траўні.

На пачатку стагоддзя, калі будынак колішняга кляштара быў перададзены Праваслаўнай Царкве, ён уяўляў з сябе тыя ж руіны, якія зараз можна добра агледзець з гарадскога моста. Уладыка Дзімітрый кажа, што напярэдадні, вяртаючыся з Мінску з паседжання Сінода БПЦ, яшчэ раз пабачыў на свае вочы гэтае жахлівае відовішча і абавязаў благачыннага Аршанскай акругі а. Валерыя Сярко прыняць неадкладныя меры. Уладыка кажа, што гэта недапрацоўка айца благачыннага: цягам лета над будынкам так і не з’явіўся кансервацыйны дах, у чым увесну запэўнівала грамадскасць матухна Данііла — кіраўнічка працаў па аднаўленні кляштара.

.

Dimitrij

Архіепіскап Дзімітрый запэўнівае, што нешта будзе зроблена яшчэ да Новага года, — прынамсі, будынак часова накрыюць, каб яго надалей не разбуралі снег і дождж. Але матухна Данііла кажа пра нежыццяздольнасць такога абяцання — пакуль не будзе гатовая і зацверджаная праектная дакументацыя, над якой у Мінску працуе майстэрня архітэктара Мікалая Лук’янчыка, ніякіх дадатковых канструкцыяў, нават часовых, у стараджытным будынку рабіць нельга, гэта пацягне за сабой юрыдычныя санкцыі і штрафы.

На пачатку лета, калі я яшчэ мела магчымасць заставацца ў Оршы, я паспрабавала накрыць частку будынка, — распавяде матухна Данііла. — І адразу на мяне паскардзіліся «добразычліўцы», маўляў, я раблю несанкцыянаваныя працы”.

Між тым прадстаўнікі аршанскай інтэлігенцыі, якія згуртаваліся вакол мастака Міколы Купавы і грамадскага актывіста Юрыя Нагорнага, заяўляюць аб марудным і ўвогуле фіктыўным вядзенні працаў. Яны таксама пісалі абураныя лісты архіепіскапу Дзімітрыю, мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі. Зараз чарговая скарга накіраваная ў Генпракуратуру, ад якой актывісты дамагаюцца прымусіць мітрапаліта адказаць на зварот.

26 лістапада ў Оршы грамадскасць сабралася на сустрэчу, вырашыўшы стварыць фонд дапамогі рэстаўрацыі пад працоўнай назвай “Аршанскі замак”. Падчас сустрэчы гаварылася аб тым, што ў мінулыя гады на вядзенне працаў былі пералічаныя грошы, аб якіх пасля не была атрыманая справаздача ад духавенства. Мікола Купава ўдакладняе, што толькі сам асабіста пералічыў на рахунак 3 млн рублёў, выручаныя з дабрачыннага продажу сваіх карцін падчас выставы, зладжанай у Оршы з дапамогай музейных супрацоўнікаў і матухны Даніілы. “Цяпер будзем збіраць самі, — кажа мастак, — бо да царкоўных збіральнікаў існуе недавер”.

Пра іншыя грошы кажа матухна Данііла. “Я яшчэ пачынала толькі працаваць, калі прыйшоў да нас на пляцоўку мастак спадар Купава, — распавядае манахіня. — Прынес фатаздымкі, на якіх бачна, як жахліва ў 50-я руйнавалі царкву. Бачна было, што душа баліць у гэтага чалавека за знішчанае. І ён прапанаваў дапамагчы грашыма, зладзіўшы дабрачынную выставу. Я пайшла ў музей на перамовы, мне там сказалі — гэта чалавек неадназначны, каб не было горай вашай справе. Але выставу мы зладзілі. І з яе спадар Мікола пералічыў мне 400 тыс. Іншых грошаў я ніколі больш ад яго не атрымлівала, а гэтыя грошы я разам з іншымі ахвяраваннямі патраціла на аплату праекта”.

купава

Кошт першай стадыі праекта, які ажыццяўляе архітэктар Лук’янчык, склаў 150 млн рублёў. Працы над другой стадыяй праекта скончыліся ў траўні — бо скончыліся грошы. Папярэдне вядома, што заплаціць за выкананне другой стадыі праекта прыйдзецца каля 200 млн, бо патрэбныя дарагія працы з запрашэннем адмыслоўцаў смежнай накіраванасці. Таксама прыйдзецца аплочваць экспертызы, узгадненні: “Калі праект будзе скончаны, гэта не значыць, што адразу можна будзе пачаць працы”, — кажа матухна, бо наперадзе — абавязковыя прававыя працэдуры.

Ёсць і яшчэ адзін аспект, — кажа матухна. Адмыслоўцы, якія рабілі агляд і заключэнне па стане будынка, папярэджваюць пра неабходнасць вытрымліваць усе тэхналагічныя ўмовы рэстаўрацыі. Пасля таго, як будуць умацаваныя і нарошчаныя сцены, павінныя прайсці два гады, перш чым можна будзе прыступіць да тынкавання. Іншымі словамі, рэстаўрацыя святыні не зможа адбыцца імгненна, цягам года ці двух.

Гаворачы пра сумы, патрачаныя на аплату праекта і заробкі рабочым, якія расчышчалі падвал і тэрыторыю кляштара, а таксама рабілі падрыхтоўчыя працы, матухна кажа, што сабрала вельмі вялікія ахвяраванні:“Вось спадар Купава даў 400 тыс., а яшчэ і іншыя давалі па 10, па 15 млн, і нават не імкнуліся да афішавання свайго імя, наадварот, болей не ўзгадвалі пра гэтыя ахвяраванні. Шмат ахвярадаўцаў з замежжа, у асноўным, з Масквы. Але мае маскоўскія знаёмыя, напрыклад, якія далі і згодныя шмат даць яшчэ, настойваюць, каб гэта быў не проста храм ці кляштар, а — Дом міласэрнасці, які б працаваў па праграме “Міласэрнасць”. Гэтая праграма шмат каму падаецца неадназначнай, бо ў статуце яе закладзена, што спачатку няшчаснаму чалавеку, які апынуўся за бортам жыцця, трэба стварыць нармальныя ўмовы існавання, накарміць і даць чысты ложак, а ўжо пасля знаёміць яго з Божым словам ці пытацца пра яго веравызнанне”.

На думку матухны, у тым ліку шквал скаргаў на епархію прывёў да пазбаўлення яе паўнамоцтваў кіраўніка працаў. Атрымліваючы скаргі, епархія павінна была неяк рэагаваць, у выніку рашэннем архіепіскапа Дзімітрыя ў траўні рабочыя былі звольненыя, працы спыненыя, а сама матухна Данііла, пасля канфлікта з благачынным а. Валерыем Сярко, вымушаная была пакінуць Оршу і перасяліцца ў Віцебск у кляштар. З ад’ездам матухны будынак зноў застаўся кінутым.

Кранаючы абставіны свайго канфлікту з айцом благачынным, а таксама незадаволенасці ейнай працай самога ўладыкі, матухна Данііла кажа, што праблема ў яе адданасці гэтаму праекту і мужчынскай рашучасці ў вядзенні справаў. “Так, я грэшніца, — пагаджаецца матухна, — бо ў вочы кажу ўладыку, што патрэбныя вялікія грошы, бо жорстка абышлася з панамаром, які ледзь не спаліў будынак, бо некалькі чалавек здала ў міліцыю за непатрэбствы, якія рабілі на тэрыторыі разбуранага будынка”.

Даниила

Нягледзячы на канфлікт з благчынным, матухна гатовая працаваць з ім далей і вярнуцца чым хутчэй да сваіх ранейшых абавязкаў. “Айцец Валерый — добры святар, — кажа матухна Данііла, — але процьма яго абавязкаў і асабістая незацікаўленасць у гісторыі, у спадчыне, аб’ектыўна не дадуць яму ўкласціся ў гэтую справу так, як гэта рабіла я. Няма чаго дакараць іншых святароў нашай епархіі, яны маюць іншыя справы, я ж не мела іншай справы, акром працы ў руінах кляштара, таму магла аддацца ёй цалкам”.

Менавіта гэтае “аддацца цалкам” сталася перашкодай для далейшай працы матухны. На думку шэрага супрацоўнікаў епархіі, а таксама настаяцельніцы Успенскага манастыра матухны Сусаны, такая адданасць працы сведчыць пра грэх пыхі, а таксама пра празмерную прывязанасць манахіні да зямнога і матэрыяльнага. “Але як рабіць сумленна справу і не гарэць ёй, як заставацца “прахалоднай”?”, — не разумее матухна.

Цяпер, жывучы па-за сваёй справай у Віцебску, матухна бачыць, што яе адукаванасць і арганізатарскія здольнасці ўсё ж такі ацэненыя — ёй настойліва прапаноўваюць ехаць у Ксеніеўскі жаночы манастыр у Барань, каб там стварыць Дом міласэрнасці па той жа самай праграме “Міласэрнасць”. Але матухна кажа, што чалавеку, які не здолеў скончыць працу на старым месцы, не будзе даверу і на новым. Тым больш, што частка мецэнатаў гатовыя дапамагаць канкрэтнаму праекту ў канкрэтным месцы, даючы грошы пад адказнасць канкрэтнага чалавека.

Таксама, кажа матухна, змена кіраўніцтва працаў пацягне за сабой новыя выдаткі на пераафармленне дакументаў.

Незадаволеныя і ў Мінску ў майстэрні Лук’янчыка, бо разам з матухнай Даніілай быў пазбаўлены працы рэстаўратар з Пецярбурга, які мае вялікі досвед унікальных працаў у расійскіх праваслаўных святынях. Гэта чалавек прыехаў у Оршу добраахвотна, каб дапамагчы аднаўленню святыні. Грошы на заробак яму збіралі прыхаджане невялічкай драўлянай Пакроўскай капліцы, пабудаванай ля кляштара. Мінскія архітэктары кажуць, што без гэтага чалавека яны не бачуць сэнсу працы — іншага адмыслоўцы, які б мог працаваць па створаным праекце, у Оршы няма.

Матухна Данііла кажа, што адносіны з аршанскай інтэлігенцыяй у яе склаліся добрыя — манахіня цудоўна гаворыць па-беларуску, мае вышэйшую адукацыю і незаангажаваныя погляды на гістарычныя падзеі. Але пераканаць нібыта аднадумцаў перастаць пісаць скаргі ў матухны не атрымалася.

Зусім па-іншаму склаліся стасункі аршанскай супольнасці з айцом благачынным. Усе, хто гаворыць па-беларуску і мае незалежныя палітычныя погляды, выклікаюць у а. Валерыя Сярко недавер, і ён яго не хавае. “Ведаеце, — кажа ён, — я адразу здагадаўся, што гэта “свядомыя”, дык навошта мне падстаўляцца?” На ўдакладненне, — ці лічыць ён нармальным адмаўляцца ад дапамогі людзей, погляды якіх адрозніваюцца ад ягоных, — святар кажа, што прыняў бы дапамогу, калі б яна насамрэч прапаноўвалася.

благочинный

Канфлікт паміж грамадскасцю і а. Валерыем адбыўся пасля таго, як ён адмовіўся правесці грамадскае абмеркаванне праекта рэстаўрацыі на прыходскай тэрыторыі. Айцец Валерый кажа, што, па-першае, для яго аршанскія дзеячы мастацтва — цалкам незнаёмыя людзі, аб рэлігійнай пазіцыі якіх ён нічога не ведае, па-другое — не бачыць сэнсу ў абмеркаванні, бо няма гатовага праекта, — адзінага прадмета, які мог бы стаць тэмай абмеркавання. “Шум дзеля шуму”, — рэзюміруе святар захады грамадскасці.

Аб пералічэнні якіх-небудзь грошаў на рэстаўрацыю а. Валерый не ведае. Таксама не ведае ў вочы тых, хто да яго звяртаўся па тэлефоне. Архіепіскап Дзімітрый таксама здзіўляецца — чаму яму пішуць лісты, у т. л. адкрытыя, але не прапаноўваюць сустрэчу. “Я не закрыты недаступны чалавек, — кажа ўладыка. — Я б прыехаў сам, калі б яны ініціявалі сустрэчу, прыехаў бы ў Оршу і нават не трэба было б пытацца благачыннага”.

Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыста аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць напады на Віцебскую епархію з абвінавачваннямі ў нежаданні ратаваць помнік досыць неабгрунтаванымі, прынамсі таму, што яны пазбаўленыя факталагічнай глебы. “Каб абвінавачваць царкву, трэба факты. А для таго, каб былі факты, то трэба было б зрабіць запыт наконт разыходу грошай на праектаванне з боку царквы, — кажа Антон Астаповіч. — І ўжо калі б не прадставілі матэрыял, то можна было б ініцыяваць праверку — ці мэтава разыходзяцца грошы”.

астаповіч

Старшыня Таварыства падкрэслівае, што працэдура такога кшталту можа быць ініцыяваная юрыдычнай ці фізічнай асобай з ліку ахвярадаўцаў і мае за мэту справаздачу аб балансе рахунка, аб руху грошай на ім, мэтах іх выкарыстання.

Недарэчным лічыць Антон Астаповіч і стварэнне адмысловага рахунка без адпаведнага кантролю за ім: “Перад адкрыццём рахунка трэба было абраць назіральную раду, якая б адсочвала рух грошай, і ў якую ўвашлі б не толькі праваслаўныя актывісты, але і людзі звонку”.

На думку Астаповіча, гаварыць пра тое, што грошы «пайшлі налева», няма сэнсу, бо ніхто не ведае, колькі іх было пералічана: “Можа, напрыклад, там быў мізэр, нейкія там дзесяткі, ці нават сотні дзве мільёнаў, а гэта — кропля для аб’екта, якая з’ядаецца адным махам на мінімальныя карэктыроўкі праектнай дакументацыі”.

Недарэчным лічыць адмысловец па ўратаванні помнікаў і дыскусію аб тым, што будынак дагэтуль не накрытых дахам: “Нават на элементарную кансервацыю патрэбны праект”.

Стварэнне ў Оршы фонда ў матэрыяльную падтрымку рэстаўрацыі Антон Астаповіч не лічыць дзейным крокам: “Будынак — царкоўная ўласнасць, і функцыі заказчыка павінная выконваць царква, ажыццяўляючы плацяжы за выкананыя працы. Таму трэба знайсці і аформіць формы ўдзелу фонда ў працах па аднаўленні помніка. Але трэба ўсведамляць пры гэтым, што кошт пытання па такім аб’екце — дзесяткі мільярдаў беларускіх рублёў”.

Адзін з аршанскіх грамадскіх актывістаў Юрый Нагорны кажа, што на шматлікія пытанні мог бы даць адказы кіраўнік працаў над праектам рэстаўрацыі, архітэктар Мікалай Лук’янчык, якога неаднаразова запрашалі на сустрэчу з гарадской інтэлігенцыяй. Пакуль што зладзіць сустрэчу не атрымалася, тым больш, што на ёй не настойвае духавенства.

Мы сумняваемся ў тым, што праект адпавядае гістарычнай выяве будынка, што ён сапраўды зроблены на падставе ўсіх дакументаў, які атрымалася знайсці у музеі і архівах”, — кажа ён. Гарадская інтэлігенцыя хоча на свае вочы пабачыць адпаведнасць працы майстэрні Лук’янчыка гістарычнай праўдзе, хаця сам Юрый Нагорны не хавае, што не з’яўляецца знаўцам сакральнай архітэктуры.

Яшчэ адной нагодай для сустрэчы з архітэктарам, на думку аршанскіх актывістаў, з’яўляецца спадзеў на тое, што атрымаецца пераканаць яго працягнуць працы з дамовай іх паступовай аплаты за кошт сабраных сродкаў.

krynica.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!