Відэамэпінг? Паўночны Рэнесанс? Марк Шагал? Музейная разнастайнасць на выходныя ў Мінску

Камфортнае надвор’е, блізу 20 градусаў, з магчымай навальніцай толькі ў нядзелю, дазваляе на выходных наведаць як музейныя, так і пленэрныя выставы.
фота sputnik.by

фота sputnik.by

Варта пачаць з арганізаванай Цэнтрам сучаснага мастацтва (пры падтрымцы «Альфа-Банка» і Мінгарвыканкама) — ужо трэці год запар — оўпэн-эйр экспазіцыі «Арт-Выспы» на Камсамольскім возеры, акурат насупраць галоўнага пляжу, на «выспе Камсамольцаў». Ужо ў папярэднія гады наведвальнікі адзначылі: тут можна і адпачыць, і падзівавацца на цікавыя кампазіцыі, і весела пасмяяцца. Як з мінулагодняй скульптуры з металічных палосаў, што выяўляла дзябёлага хакеіста, у якіхсці некалькі сотнях метраў ад новага параднага палацу галоўнага хакеіста краіны.

Гэтым разам, як і раней, аўтары прадставілі творы з самых розных матэрыялаў: таго ж металу (скульптура "Бітва на Нямізе" Паўла Вайніцкага і Вадзіма Мацкевіча), лазы, пластыку… А агульнай тэмай чарговага паказу ў гэтым годзе з’яўляецца 950-гадовы юбілей сталіцы. Працуе экспазіцыя па 17 верасня.

Той самы Цэнтр сучаснага мастацтва на выходныя запросіць у свой галоўны офіс (Някрасава, 3) на сямейны фэст (прыходзьце з дзецьмі ад 3 год!) BooK!DS #5ART.


Тут можна будзе пазнаёміцца з працамі прафесійных ілюстратараў (у тым ліку дзіцячых кніг) і фатографаў, непасрэдна сустрэцца з мастакамі. І нават паўдзельнічаць у майстар класах, каб пазнаёміцца з рознымі тэхнікамі ілюстрацыі, ствараючы ўласныя арт-аб’екты. Час працы 11.00-19.00, дзецям да 10 год — уваход вольны.

Зрэшты, выходны дзень — зручны час наведаць калекцыю мастацкіх твораў у месцы, дзе можна падсілкавацца ўсёй сям’ёй.  Такую магчымасць прапануе  «Артэль Gallery» ( пр-т Незалежнасці, 58/1, офіс 6, побач з Маскоўска-Венскім гандлёвым цэнтрам).


Назіраць за дзейнасцю новай творчай пляцоўкі заўсёды цікава: пакуль стварэнне выстаў не робіцца завядзёнкай, больш шансаў чакаць нестандартных праектаў. З 8 ліпеня па 7 жніўня галерэя прапануе экспазіцыю жывапісу Уладзіміра Ткачова «Асязальная рэальнасць»16+, падрыхтаваную маладым куратарам Юліяй Пятручык (час працы — штодня 10.00-19.00).


Незвычайнасць мастакоўскага падыходу Уладзіміра Ткачова — у спалучэнні эстэтыкі экспрэсіянізму, сюрэалізму і сімвалізму, накладзенай на матывы жывапісу Паўночнага Рэнесансу.


Вострая стылістыка дапаўняецца гульнёй сэнсаў: дакладна, аглядаючы жывапісныя работы не засумуеш.

Закончым агляд запрашэннем на экспазіцыю эксперыментальную, якая зацікавіць аматараў «пагуляцца» з тэхнікамі фотаработ у спалучэнні з інтэрактыўнымі тэхналогіямі. У ЦЭХу (Кастрычніцкая, 16) свае работы на групавой выставе *SCAPE дэманструюць — з 6 ліпеня па канец месяца — маладыя мастакі з Чэхіі, якія працуюць з новымі медыямі.


 Вобразная дамінанта — краявід, але паказаны не статычнымі сродкамі графікі або жывапісу. Вы ўбачыце інтэрактыўныя інсталяцыі, відэамэпінг, камп’ютарныя генераваныя выявы. А калі вы жадаеце атрымаць дэталёвыя тлумачэнні, лепш абраць для наведвання наступныя дні:

13 ліпеня — Новыя тэхналогіі ў мастацтве. Лекцыя.
20 ліпеня — Экскурсія па выставе з удзелам аўтарак і аўтараў.
27 ліпеня — Праца з відэавыявай і аўдыё ў сучасным мастацтве. Ўоркшоп.


Прыхільнікам «класічнага» мастацтва ў якасці альтэрнатывы раім звярнуць увагу на афішу Нацыянальнага мастацкага музея (Леніна, 20).


Тут днямі адчынілася і працуе па 12 верасня экспазіцыя «Марк Шагал: Колер Кахання»  — твораў  з калекцыі Музея Марка Шагала (Віцебск).

Зычым прыемных выходных!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: