Вікіпедыя на англійскай мове: што беларусы могуць рабіць

Па шматлікіх просьбах напісаў пару пунктаў па тэме «Ангельская Вікіпэдыя: што мы можам рабіць».

Вікіпедыя — самая папулярная ў свеце энцыкляпэдыя, галоўны анлайнавы даведнік па любой цікавай вам тэме. Галоўная асаблівасць і ўнікальнасць Вікіпэдыі ў тым, што яна рэдагуецца самімі людзмі. І ў гэтым якраз крыніца яе паспяховасці: прыходзяць эрудыты-энтузіясты і пішуць па тэмах, якія ім блізкія і дзе яны разбіраюцца.

Канечне, пры такой схеме не пазбегнуць неаб'ектыўнасці і нават злоўжыванняў. У прыватнасці, гэта традыцыйна тычыцца артыкулаў на такую тэму, як гісторыя Беларусі, дзе было шмат эпізодаў і пэрыядаў, якія могуць па-рознаму ацэньвацца ў залежнасці ад таго, з чыёй пэрспэктывы на гэта глядзець.

Напрыклад, артыкулы пра гісторыю Заходняй Беларусі ў міжваенны час актыўна правяцца польскімі нацыяналістамі, для якіх Заходняя Беларус — гэта «Крэсы Всходне», дыскрымінацыі супраць беларусаў там не было, а беларускі нацыянальна-вызваленчы рух — гэта спрэс дыверсанты і марыянеткі Масквы.

Артыкулы пра гісторыю ВКЛ — там справа яшчэ горшая, бо літоўская нацыяналістычная гісторыяграфія зараз і ў гістарычнай навуцы мае вызначальны ўплыў на тое, як ВКЛ разглядаюць у свеце. Таму пакуль не заварушацца афіцыйная беларуская гістарычная школа і беларуская дзяржава, нам давядзецца мірыцца з тым, што ангельскамоўная Вікі перапоўненая выдуманымі ў ХХ стагодздзі імёнамі кшталту «Вітаўтас» і «Міндаўгас», і тым, што сталіца ВКЛ там называеца «Вільнюс».

Што неабыякавым беларусам варта цяпер у сувязі з усім гэтым рабіць:

1. Рэгулярна патруляваць цікавыя вам артыкулы і адсочваць факты шавіністычнага вандалізму.

2. Адшукваць якасныя крыніцы фактаў і аб'ектыўнай інфармацыі па тых ці іншых эпізодах беларускай гісторыі (у ідэале на ангельскай мове) і дапаўняць артыкулы цікавай інфамацыяй са спасылкамі на такія крыніцы.

Што такое якасныя крыніцы:

— Навуковыя артыкулы ці кнігі (напрыклад, добра было б адшукаць у інтэрнэце кнігі Тыматы Снайдэра)

— Даведнікі

— У горшым выпадку, артыкулы ў нейкіх прыстойных СМІ

Што такое дрэнныя крыніцы:

— Блогі

— Артыкулы з гатовымі рэфэратамі для студентаў

3. Рэдагаваць артыкулы: адкатваць вандалізм, выпраўляць фармулёўкі на нэўтральныя — з пазначэннем крыніцаў.

4. Можна рабіць гэта ў камандзе — давайце гуртавацца.

5. Варта пісаць артыкулы пра тэмы, датычныя Беларусі, якія яшчэ слаба адлюстраваныя ў Вікіпэдыі. Пры гэтым можа быць і так, што на такія тэмы ня будуць лезці польскія ці летувіскія вандалы. Напрыклад:

— Артыкулы пра гісторыю БНР

— Артыкулы пра палітыку ў сучаснай Беларусі:

бракуе якаснага разбору, з спасылкамі на заявы і заключэнні АБСЭ, недэмакратычнасці беларускіх выбараў і рэфэрэндумаў;

бракуе якаснага артыкулу пра гістарычны Беларускі Народны Фронт. Цяперашні артыкул неблагі, але малаваты і яму бракуе спасылак. Плюс варта зрабіць асобныя артыкулы пра БНФ «Адраджэнне» і пра Партыю БНФ.

— Варта абнавіць артыкулы пра беларускія палітычныя партыі і партыйныя кааліцыі (такое ўражанне, што там інфармацыя па стане на 10 гадоў таму)

— Не падабаюцца артыкулы пра Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазняка.

— Артыкулы пра гарады, мястэчкі, раёны і г.д. Напішыце пра ваш горад ці адкуль вашыя карані — самім прыемна будзе.

Калі яшчэ засталіся пытанні — давайце абмяркоўваць у каментарах.

P.S. Дадаў у артыкул пра Заходнюю Беларус раздзел пра дыскрымінацыю беларусаў. Крыніцы там не заўжды ідэальныя, так што буду ўдзячны, калі падкінеце яшчэ дадаткова добрых, асабліва на ангельскай мове.

Алесь Лагвінец, паводле Нашай Нівы

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!