Віктар Марціновіч: Як чытаць не з паперы

Калі ў чарзе да мяне ў галаву стаіць усё назапашанае чалавецтвам за 5 тысяч гадоў... дык у чарговага кандыдата на азнаямленне не можа быць большых шанцаў, чым на 20 старонак. Калі кніга не зачапіла за 20 старонак — яна не мая.

Віктар Марціновіч на budzma.by распавядае пра тое, чаму чытаць з гаджэтаў усё ж лепей, чым папяровыя кнігі.

Я ўжо пісаў пра тое, што гаджэты зрабілі ў чытанні рэвалюцыю, супастаўную з вынаходніцтвам кнігадрукавання. Нашыя дачыненні з тэкстамі сталі зусім не такімі, як былі яшчэ 10 гадоў таму, і гэта адбілася нават на прыродзе сучаснай мастацкай літаратуры: з’яўленне “малога еўрапейскага рамана памерам менш за колішнія аповесці — рэакцыя на перавытворчасць аўтараў і знікнення бар’еру, які раней выстаўляла неабходнасць выдаткоўваць грошы на друк.

Цяпер кожны трэці — аўтар, кожны пяты — раманіст, і знайсці сярод гэтага нешта сваё робіцца ўсё цяжэй. А знайшоўшы — выдаткаваць тыдзень, патрэбны звычайнаму чалавеку на ўважлівыя зносіны з тэкстам. То сучасны чытач — паспешлівы чытач. Кнігі цяпер імкнуцца быць меншымі, творы — лаканічнейшымі; пры тым што чапляць гэта мусіць не менш, чым колішнія шматтомныя і шматслоўныя формы.

Я чытаю шмат і чытаю ў асноўным з экранаў, бо шмат вандрую і не магу вазіць з сабой валізы кніг.

Першая і самая галоўная парада, якую я магу даць, — ніколі не чытайце з тэлефона. Ніколі, чуеце? Тым болей з падлучанага да інтэрнэту тэлефона. Тэлефон, нават самы сучасны, з суперпракачаным дысплэем, — прылада для гартання стужак, для прагляду фота, але ніяк не для адсочвання літараў. Кажу гэта як чалавек, што часам сам усё ж чытае з тэлефона і ходзіць пасля гэтага бы сляпое кацяня. Тыдзень чытання з тэлефона ў цёмным пакоі — і акуляры спатрэбяцца нават тым, хто іх ніколі не насіў.

Другое правіла для таго, хто чытае, — на час чытання быць як мага далей ад сеціва. Наяўнасць на экране побач дзвюх акенцаў, з FB і з CoolReader, вядзе да таго, што FB перамагае. Які б захапляльны раман ні быў у вас у CoolReader, FB — гэта навела з вамі ў галоўнай ролі, то вашая ўвага ўсё роўна будзе тамака.

Чытаць з планшэта лепей, чым з тэлефона, але ёсць адна адметнасць: чытаючы з планшэта, ты чамусь пазбаўляешся сну. Я не ведаю дакладна, як гэта працуе, але прызвычаенасць да любога зіхоткага экрана можа трымаць ва ўзбуджэнні шмат гадзін. І якой бы нуднай ні была кніжка — ты не заснеш, пакуль не вырубіш гаджэт і не паварочаешся яшчэ гадзіну, адчуваючы, што вочы прыстасоўваюцца да цемры і адпачываюць.

То няма лепшай прылады для чытання ў ХХІ стагоддзі, чым танная, не падлучаная да інтэрнэту электронная кніжка. Чым прасцейшая, тым лепшая. Лепей — на картках. Ні навігацыя, ні ўбудаваны браўзер не мусяць адцягваць ад асноўнага — ад тэкстаў.

Што да тэкстаў, то заўважце: раней мы даведваліся спачатку сёе-тое пра біяграфію аўтара, пра штось напісанае ім, і толькі потым ішлі набываць. Бо па кнігу трэба было ісці, а гэта вымагала высілкаў.

Сёння мы спачатку чуем ад сябра прозвішча, нічога не робім, потым чуем гэтае прозвішча ад яшчэ кагось — і вось тады лезем на пірацкую бібліятэку, і пачынаецца самае галоўнае.

Аўтары для сучасніка — гэта аватарка з фоткай (якая сама па сабе ніколі нічога не скажа), радок з імем, часам з годам нараджэння побач — і ўсё. Далей — пералік назваў, звычайна па алфавіце. З іх нам трэба вылучыць штось. І добра, калі ў бібліятэцы ёсць чытацкі рэйтынг, можна даверыцца хаця б на густу незнаёмай табе большасці. А калі няма? Ты тыцкаеш у першую кнігу, пампуеш, тыцкаеш у яшчэ адну, пра запас, і ўсё — панеслася!

Пры такім падыходзе, пачуўшы прозвішча Булгакава, мы можам паспрабаваць прадрацца скрозь “Зойкіну кватэру”, кінуць, пагартаць “Прыгоды Чычыкава”, кінуць, нарэшце, ужо са скрыўленым тварам, адкрыць “Тэатральны раман”, а потым усім, каго сустрэнем, казаць, што Булгакаў — поўнае лайно.

Таму я, калі чую параду прозвішча ад кагось, адразу ўдакладняю, які дакладна тэкст чытаць. І калі парадзілі некалькі раманаў, перапытваю, у якім парадку варта знаёміцца, бо тое таксама бывае істотным.

У мяне няма прынцыпу душыць тэкст да канца. Мне звычайна хапае дваццаці старонак. Я магу сабе ўявіць, колькі выдатных празаікаў прайшло паўз мяне праз гэты прынцып, але я зыходжу з таго, што калі ў чарзе да мяне ў галаву стаіць усё назапашанае чалавецтвам за 5 тысяч гадоў, ад Гамэра да Сервантэса, а шансу пажыць 5 тысяч гадоў у мяне няма, дык у чарговага кандыдата на азнаямленне не можа быць большых шанцаў, чым на 20 старонак. Калі кніга не зачапіла за 20 старонак — яна не мая.

Натрапляючы на згадку гістарычнай постаці ці падзеі, пра якую нічога не ведаю, я ніколі не дазваляю сабе адразу лезці ў “Вікі” яе правяраць. Я раблю нататку і чытаю пра гэта пазней, калі чытанне скончыцца. Бо трэба мець павагу да тэксту.

Я заўсёды занатоўваю думкі, якія прыходзяць падчас чытання, і ў мяне ёсць асобняя тэчка для гэтага ў Evernote. Бо кніга — гэта не канец падарожжа. Гэта яго пачатак.

 budzma.by

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: