Як хейціць «калі ласкай»

Рускамоўныя беларусы падаваліся носьбітамі пэўнай палітычнай пазіцыі і набору ідэяў, звязаных з рускім светам, — і гэта было такім жа стэрэатыпам успрыняцця, як думка пра тое, што любы беларускамоўны мае пад кашуляй вышымайку і татуху з Пазняком.


Пры ўсіх пазітыўных зменах у стаўленні да беларускай мовы сёння ў дыскусіях на тэлебачанні яна прысутнічае прыкладна на тых жа правах, што і ў парламенце. Строга вызначаная квота, з папярэдне прадуманай рэжысёрамі роляй тых, хто мог бы мовай скарыстацца. Хто б ні вырашыў загаварыць, у рускамоўным асяродку, зададзеным астатнімі выступоўцамі, гэта выглядае занадта азначана, штучна. У самой мове хаваецца пазіцыя, якая прыемная адным і раздражняльная для іншых. Адсюль — адчуванне вырачанасці, гетаізаванасці, нават дэкаратыўнасці. Быццам нашай мове не дадзена лёсу гучаць у сталых публічных спрэчках. Быццам яна — толькі для фестывалю вышыванкі ці мітынгу супраць сумесных расійска-беларускіх вучэнняў.

Дадайма сюды гэтую звычку сіх-тых чыноўнікаў, якіх палітычная кан’юнктура ўджаліла неабходнасцю ляпнуць нешта па-беларуску, катастрафічна блытаць канчаткі і карыстацца русіфікаванай граматыкай, і карціна будзе поўнай.

Сёмы з’езд беларусаў свету з гэтага пункту гледжання быў вельмі цікавым вопытам. Два дні запар я пільна слухаў, як на мове фармуюць парадак дня, выказваюцца па набалелых пытаннях і не пагаджаюцца адно з адным беларусы, для якіх нашая мова — асноўны сродак камунікацыі. Былі дэпутаты Вярхоўных саветаў 12-га і 13-га склікання, былі дыпламаты старой школы, былі прадстаўнікі дыяспары, якія эмігравалі беларускамоўнымі ці нарадзіліся і гадаваліся ў беларускіх сем’ях. Была палеміка, у якой мова не з’яўлялася маркёрам “нашасці”. У гэтай палеміцы гучалі як блізкія аўтару гэтых радкоў, так і спрэчныя для яго тэзісы. І гэта ўсё вельмі моцна адрознівалася ад гетаізаваных моўных практыкаванняў, якія нам пакуль што паказваюць у эфіры.

Першае, што кінулася ў вочы, — што з гамагеннага беларускамоўнага асяродка руская мова выпінаецца гэтаксама ненатуральна і “гетаізавана”, як беларуская мова ў асяродку рускім. Рускамоўныя беларусы падаваліся носьбітамі пэўнай палітычнай пазіцыі і набору ідэяў, звязаных з рускім светам, — і гэта было такім жа стэрэатыпам успрыняцця, як думка пра тое, што любы беларускамоўны мае пад кашуляй вышымайку і татуху з Пазняком. Я заўважыў, што ў дыскусіях вечара другога дня да беларускай пачалі схіляцца нават тыя, хто першапачаткова ўпэўнена трымаўся ў рускай мове. Выснова: хочаце, каб мова не рабілася маркёрам, — гамагенізуйце тэлебачанне, парламент і любую іншую пляцоўку грамадскіх спрэчак. Зрабіце так, каб усе карысталіся адной гаворкай.

Другая эмоцыя тычыцца штучнасці шмат якіх канцылярызмаў, што фігуруюць сёння ў публічнай палеміцы. Бывае так, што слухаеш чалавека ў тэлевізары і маеш адчуванне, што ў ягонай галаве з вялікімі лагамі працуе гугл-перакладчык, што перакладае рускамоўную тарабаршчыну на беларускі аналаг, яшчэ больш тарабарскі. Выраз “пастаўлена пытанне пра пачатак працы па дапрацоўцы законапраекта для другога чытання” — класічны прыклад. Хочаце выправіць сітуацыю — запрашайце на публічныя выступы “старую школу”. Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі — гэтыя людзі часам на З’ездзе давалі такога моўнага джазу, што калекцыянер рэдкіх выразаў і сакавітых беларускіх словаў ува мне проста танцаваў гапака. Мова — гэта штучка, якая хутчэй за ўсё перадаецца паветрана-кропельным пуцём. Хочаіце зрабіць яе вірусам — запускайце ў грамаду самых “хворых”.

Трэцяе падагульненне тычыцца мовы нянавісці і спрэчкі пры падвышаным эмацыйным градусе. Сёння ў беларускіх палітычных баталіях у выпадках, калі некага трэба захейціць, людзі ўдаюць русінаў і пачынаюць карыстацца выразамі з тэлесерыялаў на НТВ. “Апусціць”, “не поал\не зразумеў”, “нагінаць”, “прэсаваць\прасаваць”. Усё гэта, нават пасля перакладу на беларускую — штучнае і прыўнесенае. Тое, што я бачыў у моманты, калі паміж нязгоднымі распачынаўся сапраўдны батл, выдавала зусім іншую палітычную культуру, якая вяртае да часоў Соймаў Рэчы Паспалітай.

Самавітыя беларусы рабіліся падкрэслена ветлівымі. Там, дзе раней было “ты”, бо спрачаюцца сябры, раптам узнікала “вы”. Там, дзе раней было адно “выбачайце”, узнікала яшчэ і “калі ласка”. Я глядзеў на гэта з захапленнем, бо нячаста такое пабачыш. Нашае хейтарства — гэта гіпертрафаваная ветлівасць. Нашыя абразы — тры разы прамоўленае “даруйце, калі ласка”. І вось што цікава: “калі ласка”, паўторанае тры разы, сапраўды можа зачапіць. А калі “каліласкуе” прафесійны ўдзельнік публічнай палемікі, яно можа зачапіць нашмат мацней, чым той самы рык з серыялаў на НТВ, які мы чуем у палітыцы часцей за ўсё.

З напісанага вышэй можа ўзнікнуць уражанне, нібыта на з’ездзе сапраўды былі гарачыя палітычныя бойкі. Насамрэч згаданае тычыцца высвятлення другасных пазіцый у даўніх сяброў, згодных у галоўным. Мне вельмі спадабалася, як пасля прапановы пра перанос праху Максіма Багдановіча ў Беларусь выйшаў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Крыме і проста парваў залу выступам з паэтычнымі цытатамі з класіка: ён асэнсавана рабіў гэта без гукаўзмацняльніка (астатнім трэба было крычаць у мікрафон, бо зала была здаравенная), ён выступаў экспромтам і без паперчын, але пытанне пра Багдановіча болей не ўздымалася. Вось дзе традыцыя! Вось дзе харызма!

Ці той момант, дзе пасля эмацыйнай дыскусіі Станіслаў Шушкевіч і Валянцін Голубеў паціснулі адзін аднаму рукі — у палітычнай культуры той мовы, якая не мае аніякай лаянкі, а наезды ўвасабляе ў ветлівасці, па-іншаму быць не можа.

Апошняе назіранне будзе тычыцца механізмаў прыняцця рашэнняў, якія вынікаюць з беларускай мовы. Гэта можа быць нягеглай спекуляцыяй, але мне падалося, што ў палемічнай культуры, у якую так шчыльна ўшрубаваная павага да іншага выступоўцы, будучыня ўсё ж за калегіяльнымі органамі дзяржаўнага кіравання. Руская мова, з яе адназначнасцю фармулёвак, жорсткімі дзеясловамі, вымагае прэзідэнцкай пасады і выканаўчай вертыкалі. Культура, дзе бойка пачынаецца са словаў “калі ласка”, мусіць мець больш гарызантальную сістэму.

Таму — з моўнага пункту гледжання — я магу толькі вітаць ідэю рэформу сістэмы прыняцця дзяржаўных рашэнняў, якая цяпер прапрацоўваецца ў Беларусі.

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!