Віктар Шалкевіч запрашае на традыцыйны канцэрт да Дня ўсіх закаханых.

13 лютага ў мінскім Моладзевым тэатры эстрады беларускі бард, акцёр, паэт і шоўмэн Віктар Шалкевіч зладзіць традыцыйны канцэрт да Дня ўсіх закаханых. Імпрэзу падтрымае загадчык мастацкай часткай Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, аўтар музыкі да спектакляў, артыст Анатоль Кандыба.



– Становішча ў Айчыне нагадвае пачатак вядомага рамана: “Всё смешалось в доме Облонских…” Тым не менш паміраць збірайся, але жыта сей, – заўважаюць музыкі.

Канцэрты online – не найлепшае выйсце з сітуацыі, таму што артыстам патрэбная публіка, гледачы і слухачы, якія жыва рэагуюць на тую ці іншую метафару, параўнанне, дасціпна сказанае слова. Горшая сітуацыя, калі артыст сыходзіць са сцэны не пад апладысменты, а пад грукат уласных абцасаў.

Таму, канешне, маюць права на жыццё нейкія напаўмасавыя глядовішчы, канцэрты, выставы, бо інакш здзічэем, аклопімся і заўшывеем, але і на канцэртах павінныя ўжывацца дзейсныя сродкі абароны ад віруса. Гэтым будуць займацца адмыслова абвучаныя людзі.

Што тычыцца нас, выканаўцаў, то тут мы прадэманструем і традыцыйнае старое, але вечна залёнае, і добрае, але трошкі падзабытае, і новае, не чутае зусім, і пра патрона ўсіх закаханых святога Валянціна не забудземся. Калі маеце ахвоту і фірмовую маску ад 3М, то запрашаем.

Канцэрт Віктара Шалкевіча пройдзе 13 лютага ў Моладзевым тэатры эстрады (Мінск, вул. Маскоўская, 18а).
Пачатак у 19:00.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: