Віктар Марціновіч: Мы ўсе жывём у Пінску. Ідэя аднаго праекта

Кожны раз, калі выпраўляешся ў сапраўдную Беларусь, што жыве за межамі Мінска, крыху баішся. Таму, што «Дажынкі». Таму што  зернебабовыя. Таму што «тружанікі сяла». Таму, што нават Шагала тут умеюць спачатку забыць, а потым так усхваліць, што чалавека з пачуццём густу цягне стаць акрабатам. 



Глядзіце, напрыклад, як адзначыў Віцебск гадавіну пабрання Марка і Бэлы шлюбам. Звярніце асаблівую ўвагу на дзядзю і цёцю, што падвешаныя да пад’ёмнага крану, на жанчыну з домам і, канечне, на карэты (куды ж без іх!).

Дык вось, збіраючыся ў вандроўку, тым больш працяглую, на 300 кіламетраў, падспудна баішся, што апынешся ў ліпкім балоце. Сярод чорнай вады.

І кожны раз, вяртаючыся, разумееш, што Мінск, Глуск, Смаргонь, Пінск, Віцебск, Лунінец, Брэст, Ашмяны, Гародня — гарады абсалютна тоесныя. І праблемы ў іх аднолькавыя.

Калі б я не ездзіў у Віцебск, калі б не ведаў адукаваных, інтэлігентных, абазнаных віцебчукоў, што баранілі памяць пра Шагала і спрыялі ягонай рэабілітацыі, я думаў бы, што акрабаты з’явіліся таму, што гэта Віцебск. А так разумею, што ўся справа ў тым, што гэта Беларусь. Беларусь, дзетка.

Культуру на вуліцы часцяком тут нясуць зусім не тыя людзі, якім варта было б. І ў Мінску таксама могуць быць «акрабаты». Выдатны прыклад — трындос, які здарыўся на адкрыцці фундаванага velcome фестывалю вулічнай класікі ля ратушы. Там, уявіце сабе, быў вядоўца… Які праводзіў… конкурсы. Там быў, прабачце, мім! Творы прадстаўляліся так: «Ну а наступная кампазіцыя — Моцарт!» Моцарта гралі з барабанамі.

Дык вось, прыязджаеш у Пінск — а там у абсалютна віленскай па інтэр’еры кавярні сабраліся людзі, кожны з якіх, як ты разумееш праз дзесяць хвілін размовы, мог бы заняць месца пачэснага госця з большымі, чым ты, падставамі. І казаў бы цікавей за цябе. Таму што ведаў і значэння для культуры у яго болей чым дастаткова. Тут сядзяць сівыя мастакі, паэты, гісторыкі архітэктуры, група таварышаў з Кажан-Гарадка, група дзяўчат з Лунінца, апранутых нібы на баль, і нават адна прадстаўніца грамадскай суполкі экскурсаводаў. Тут хмурыцца былы хіпі — вельмі далікатны і задумлівы мужчына. Тут сядзіць паэтэса Тамара Кейта-Станкевіч.

Напярэдадні ты спрабаваў даведацца што-небудзь пра Пінск, пра ягоныя цікавосткі. І знайшоў толькі панылыя фоткі плошчы Леніна і адрэстаўраванага да поўнага бляску (не выключаю — акрабатамі!) калегіума. Ты прыязджаеш у горад, у цябе зусім няма часу, і вось за трыццаць хвілін бегу па яго вуліцах паспяваеш знайсці тую самую вежу, верх якой рабіў вынаходнік сталінскага ампіру Іван Жалтоўскі (калі яшчэ не стаў знаным савецкім архітэктарам і быў толькі малавядомым выпускніком Акадэміі, што вярнуўся ў родны польскі Пінск). Ты заходзіш у касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі, і ў цябе забірае мову: тут захаваўся ўвесь барочны драўляны інтэр’ер! Тыя самыя размаляваныя статуі, якіх дзесяць штук ёсць у мастацкім музеі! А тут яны, некранутыя, у бакавых нефах, па алтарах! Яны перажылі французаў, немцаў, руска-польскую вайну, дзве сусветныя, 70 гадоў саўка!

Тут ёсць увянчаная архангелам кафедра, па якой можна выкладаць прынцыпы беларускага драўлянага барока. Потым пачынаецца служба, і ты бачыш, што ў храме сядзіць чатыры чалавекі. Вось сярод гэтага ўсяго… чатыры…

Побач з касцёлам — дзіцячая кавярня «Лакомка», дзе за дванаццаць тысяч можна набыць талерачку ўзбітых вяршкоў — ласунак, роўнага якому не каштаваў нават у Італіі, дзе таксама ведаюць, як пацешыць сябе вяршкамі.

Гэтыя назіранні паспяваеш схапіць, паўтаруся, за  палову гадзіны. І гэтая несувымернасць таго, што мы (гэта значыць, у тым ліку і гугл), ведаем пра горад Пінск, і таго, што ў горадзе насамрэч ёсць — квінтэсенцыя любога зазірання ў Яе Вялікамосць, беларускую правінцыю. Дый і не толькі правінцыю! Пачытаць гугл — дык у Мінску толькі плошча Перамогі і Лінія Сталіна!

«Захаваліся фотаздымкі пінскіх сялянак, якія прыязджалі ў горад на пачатку мінулага стагоддзя, каб сфатаграфавацца, — кажа адзін з наведнікаў сустрэчы. — Жанчыны апранутыя вельмі густоўна! Гэта, ведаеце, не якія-небудзь калгасніцы!». «Вакол Пінска заўсёды быў хто»? — пытаецца другі. Яму адказваюць: «Тутэйшыя»!

Перада мной — пінская шляхта. Ганарлівая і крыху пагардлівая да астатніх. Гэтаксама як і сучасная мінская шляхта, што лічыць, што за межамі Мінска толькі чорныя воды бясконцай багны. З зернебабовымі і «тружанікамі сяла».

«Я на сустрэчы пабачыў людзей, сяброў з пінскай культуры, з якімі не бачыўся ўжо два гады. Мы сабраліся, бо ёсць адчуванне, што выступ чалавека з Мінска можа паведаміць нешта новае для нас усіх. Што вам там у Мінску нешта лепей бачна і вядома», — кажа інтэлігентны мужчына пасля таго, як сустрэча скончылася.

І гэта — зноўку як усюды ў Беларусі! У Мінску на заезджых з Расіі зорак-лектараў-блогераў збіраюцца паўнюткія залы, а на сваіх — у найлепшым выпадку тузін.

Мне ўручае кніжку паэзіі Тамара Кейта-Станкевіч. Адкрываю з асцярогай. Па-першае, Пінск. Па-другое, паэзія. Але ўнутры — кранальныя і па-сапраўднаму моцныя вершы, хай сабе і па-расійску. Гэткая Палазкова, дзе кожнае слова — радок. Вось, напрыклад:

Не сбросят
Со счетов,
Не сбросят
Со щитов
Того,
Кто сам
Вдруг
Бросил
Вызов

Ты чэкаеш у гугле і бачыш: Тамара Кейта-Станкевіч ужо зрабіла шмат для таго, каб прабіцца. Ёсць нават буктрэйлер, ёсць перамога на двух конкурсах. Калі б Тамара нарадзілася ў Нью-Йорку, ужо б калясіла па кантыненце ў турнэ. Ужо выступала б па клубах у Бронксе. Але гэта Беларусь, дзетка.

І працінае разуменне таго, што мы ўсе жывём у Пінску. У сталіцы таксама шмат таленавітых. Не горшых за  Тамару Кейта-Станкевіч. Яны збіраюцца ў клубе «Графо», што на Тутбаі (што ўжо няблага для любога творцы, які шукае вядомасці і кантактаў з журналістамі). Але на гэтым у большасці выпадкаў усё. І тут, канечне, можна было б суцешыцца. Тым, што, калі ты зробішся зоркай пры жыцці, нешта кшталту згаданага віцебскага свята з акрабатамі пачне атачаць цябе ўжо цяпер. Але гэта дужа паганае суцяшэнне.

І мне здаецца, гэтую сітуацыю, калі на маскоўскіх «зорак» мінчукі збіраюцца, а на мінскіх — не; калі сталічная знакамітасць прыцягвае ўвагу смаргонцаў, а мясцовая — не; дык вось, яе можна пераадолець. Калі ў краіне няма гарызантальных сувязяў, калі Мінск нічога не ведае ні пра пінскае мастацтва, ні пра давыд-гарадоцкую паэзію, іх варта папулярызаваць. Маеце некага таленавітага ў правінцыі — расказвайце пра яго. Спрабуйце выштурхнуць на ўзровень рэспублікі. І так, я разумею! У вас ёсць адчуванне, што ў Мінску — ліпкая багна. З чорнай вадой. З БРСМ, плакатамі «За Беларусь», Лядовымі палацамі і металадатэктарамі ў метро. А ў вас — у вашым маленькім гарадку — запаведнік беларускасці. Але, паўтаруся, у нас — тое ж самае. Мы ўсе — жыхары аднаго Пінска.

Ёсць задача і для людзей са сталіцы. Нам варта падумаць, як паспрабаваць азначваць маленькія беларускія гарады у стылістыцы праекта «Культурны альянс» Марата Гельмана — калі мастакі, пісьменнікі, куратары і галерысты сумесна высаджваліся б у адным месцы, збіралі ўсё самае цікавае і жывое там, а потым выстаўлялівыдавалі гэта ў беларускай і іншых сталіцах. Праект можна рэалізаваць як пры ўдзеле буйнага бізнесу, так і без яго.

Што думаеце, шаноўныя жыхары Пінска?

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: