Вітаўт Мартыненка як рок-літаратар: не адзіны, але адзін з першых

На правах шчаслівага ўладальніка найвялікшай калекцыі рок-літаратуры напярэдадні канцэрта памяці вырашыў і я ўзгадаць добрым словам спадара Вітаўта Мартыненка. Не многія могуць пахваліцца наяўнасцю ў сваёй бібліятэцы ўсіх кніг яго аўтарства. А я магу. Не столькі пахваліцца, колькі падзяліцца цікавай інфармацыяй пра бібліяграфію Мартыненка.


«Праз рок-прызму», Нью-Ёрк, 1989 г. Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй

Сваю дзейнасць у якасці музычных аглядальнікаў аўтары пачалі яшчэ ў пачатку 80-х гадоў. Яны пісалі крытычныя нататкі і рэцэнзіі не толькі пра беларускіх рок-музыкаў (іх у той час можна было па пальцах пералічыць), але рабілі асноўны ўпор менавіта на гэтым кірунку. Каб беларускі савецкі чытач ведаў і разумеў: мы — асобная краіна са сваёй культурай, са сваёй мовай і сваім рок-н-ролам. Няхай беларуская музыка – нішто на сусветнай арэне, але яна ёсць, і яна наша!

Аўтары гнулі сваю лінію на старонках рэспубліканскай савецкай прэсы, і да канца 80-х гадоў у іх назбіралася матэрыялаў на цэлую кнігу. Дзясятак выдавецтваў, куды звярталіся Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй, адмаўлялі. Часцяком у рукапісы нават не зазіралі, а прычыны адмовы былі вельмі надуманымі. У выніку кнігу выдалі ў Нью-Ёрку ў 1989 годзе. Яе невялікі наклад разышоўся сярод меламанаў ЗША, Канады, Брытаніі, Польшчы, невялікая колькасць асобнікаў патрапіла на Радзіму. І нават нягледзячы на ​​тое, што толькі траціна матэрыялаў кнігі прысвечана айчынным музыкам, выданне стала першай у сваім родзе крыніцай інфармацыі, якая адкрывала вочы чытачам-меламанам на беларускую рок-сцэну.

Папяровы варыянт выдання «Праз рок-прызму» сёння можна знайсці адно што ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў рэдкіх калекцыях сапраўдных прыхільнікаў і знаўцаў. У мяне, напрыклад, на пошукі гэтай рэдкай кнігі сышло без малога 10 гадоў. Паходы ў букіністычныя крамы і капанні на інтэрнэт-барахолках не прынеслі выніку. Я набраўся нахабства і, адшукаўшы кантакты аўтараў, вырашыў спытаць непасрэдна ў Вітаўта і Анатоля. Мяльгуй шчыра прызнаўся, што нават у яго няма асобніка, і што лепш з гэтым пытаннем звярнуцца да яго сааўтара. Мартыненка на ліст не адказаў, а неўзабаве я даведаўся, што яго не стала.

Праз некаторы час я цалкам выпадкова выйшаў на сувязь з Альдонай, дачкой Вітаўта, і пацікавіўся ў яе наконт асобніка «Праз рок-прызму». Кніга ў хатняй бібліятэцы была ў адзіным экземпляры і захоўвалася як памяць. Пазней у сямейным архіве выявілі яшчэ адзін томік. Так кніга трапіла ў маю калекцыю.

 

«222 альбомы беларускага року», Мінск, 2006 г. Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй

З моманту выдання «Праз рок-прызму» прайшло амаль дзесяць гадоў. Беларуская рок-сцэна развівалася. Выйшла досыць шмат разнапланавых альбомаў. Вітаўт і Анатоль у ліку іншых музычных крытыкаў па-ранейшаму пісалі рэцэнзіі на кружэлкі. У адзін цудоўны дзень кіраўнік музычнага выдавецтва «БМАgroup» Віталь Супрановіч прапанаваў аўтарам выдаць чарговую кнігу.

На збор інфармацыі спатрэбілася больш за пяць гадоў. Першая «беларуская рок-энцыклапедыя» пабачыла свет у 2006 годзе. Сутнасць зборніка «222 альбомы беларускага року» крыецца ў самой назве кнігі. Па сутнасці гэта анталогія рэцэнзій Вітаўта Мартынекі і Анатоля Мяльгуя на ўсе тыя кружэлкі, што былі запісаныя беларускімі аўтарамі. Беларускамоўнымі аўтарамі. Так ужо выйшла, што ў кнізе прадстаўлены не поўныя дыскаграфіі некаторых уплывовых гуртоў. Некаторыя калектывы і зусім не трапілі ў гэты зборнік. Не ўсе альбомы атрымалася праслухаць, не на ўсе кружэлкі хацелася пісаць рэцэнзіі. У любым выпадку, гэта ўнікальнае выданне! Ні дагэтуль, ні пасля, нічога падобнага не выходзіла. І наўрад ці ўжо з'явіцца.

Кніга «222 альбомы беларускага року» нарабіла шмат шуму. Былі як станоўчыя, так адмоўныя водгукі. І з боку музыкаў, і з боку калегаў-журналістаў. Частка «форумных» спрэчак на прадмет гэтага выдання ляглі ў аснову наступнай кнігі Вітаўта Мартыненкі.

Гэтую кнігу я набыў неўзабаве пасля яе выхаду і пачаў чытаць яшчэ да з'яўлення першых рэцэнзій ў СМІ. Затым зборнік вельмі ўдала апынуўся пад рукой падчас знаходжання на фестывалі «Басовішча» і на наступныя некалькі гадоў ператварыўся ў часопіс для збору аўтографаў беларускіх выканаўцаў. Пазней, на афіцыйнай прэзентацыі ў 2008 годзе, у кнізе з'явіліся і подпісы аўтараў. Таму дадзены томік у маёй калекцыі каштоўны ўдвая.


«Rock on-line», Мінск, 2010 г. Вітаўт Мартыненка

Пасля выхаду кнігі «222 альбомы беларускага року» на форумах вяліся гучныя спрэчкі. Вітаўт Мартыненка, як адзін з аўтараў, трымаў абарону свайго тварэння. Прыстойная дыскусія разумных людзей часам пераходзіла ўсе межы, і дыялог ператвараўся ў лаянку. Па сутнасці, кніга «Rock on-line» — гэта форумная перапіска Вітаўта і іншых наведнікаў інтэрнэт-рэсурсу, сярод якіх былі і музыкі, і іншыя рок-крытыкі. Скапіраваныя з сайта дыялогі Мартыненка дапоўніў сваімі каментарамі. Кніга атрымалася балюча-спецыфічнай, дзіўнай і нібы злоснай, але мае права на існаванне. Даўні сябар і сааўтар Вітаўта Анатоль Мяльгуй назваў «Rock on-line» «музычна-публіцыстычным раманам з элементамі дэтэктыва».

Кніга «Rock on-line» трапіла мне ў рукі праз шмат гадоў пасля апісаных у ёй падзей. На першых жа старонках у якасці аднаго з апанентаў Вітаўта я знайшоў сябе маладога. Прачытанае выклікала дваякае ўражанне, але такім ужо быў аўтар. Безумоўна, выклікае павагу, што Вітаўт працягваў бескампрамісна гнуць сваю лінію да самага канца.

На момант публікацыі зборніка «Rock on-line», ужо былі падрыхтаваныя да друку кнігі «Вітаўт Мартыненка. Прадмоўі і пасляслоўі» і «Пошукі ідыліі». Але яны пакуль так і не выйшлі, не знайшлося зацікаўленага выдаўца. Магчыма, намаганнямі сяброў і сваякоў калі-небудзь убачаць свет і гэтыя творы Вітаўта. І загадкавая асоба аўтара адкрыецца нам з іншага боку. Ці ж мы ведаем?!

 

***

29 верасня беларускія музыкі ўшануюць памяць спадара Вітаўта Мартыненкі вялікім акустычным канцэртам.

У мерапрыемстве возьмуць удзел Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Алесь Лютыч, Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Андрэй Плясанаў, Алесь Камоцкі і іншыя героі кніг аўтара.

На канцэрта, дарэчы, можна набыць кнігі Вітаўта Мартыненкі, а таксама адмысловы зборнік песень, напісаных на вершы Мартыненкі або перакладзеных ім.

 

29 верасня, 19:00

Палац Культуры імя Шарко (Мінск, вул. Уральская, 3)

Даведкі: (44) 551-77-06, (29) 851-77-06


Пра аўтара:


 

Сяржук Маланка — аматар беларускай рок-музыкі, журналіст, а таксама букініст, які сабраў самую вялікую ў Беларусі калекцыю кніг пра рок-музыку.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!