Вялікі брытанскі фестываль запрашае!

У мінскім Верхнім горадзе 23 чэрвеня пройдзе Вялікі Брытанскі фестываль, а 22 чэрвеня будзе працаваць брытанская фан-зона ля Палаца спорту ў межах Еўрапейскіх гульняў. Амбасадарка Вялікабрытаніі Фіёна Гіб анансавала праграму мерапрыемстваў.
Амбасадарка Вялікабрытаніі Фіёна Гіб

Амбасадарка Вялікабрытаніі Фіёна Гіб


На Еўрапейскія гульні прыедзе каля 150 удзельнікаў з Вялікабрытаніі. Амбасадарка краіны Фіёна Гіб выказала спадзяванне, што спартсмены будуць кантактаваць з прыхільнікамі у брытанскай фан-зоне ля Палаца спорту 22 чэрвеня і на спартыўнай пляцоўцы на Вялікім брытанскім фестывалі 23 чэрвеня.

Агулам наведвальнікаў фестывалю чакаюць 14 тэматычных пляцовак, у тым ліку экалагічная, адукацыйная, творчая, інавацыйная, аўтамабільная, літаратурная, дабрачынная, гістарычная. Будзе працаваць фудкорт і кінатэатр на вольным паветры. На галоўнай сцэне выступяць спявак Dan Owen (Лондан), індзі-рок гурт Clean Cut Kid (Ліверпуль), шатландскі кавер-гурт Somethin’ Regenerated. І 22-га, і 23-га чэрвеня дзень будзе “закрываць” DJ Blaise.


Вялікі брытанскі фестываль адкрые шэсце валыншчыкаў, якія ў 12.30 пройдуць ад Амбасады Вялікабрытаніі (вуліца Карла Маркса, 37) да Плошчы Свабоды. Афіцыйны пачатак фестывалю – у 13.00. На галоўнай сцэне валыншчыкі выступяць разам з беларускім аркестрам.
Клуб рэканструктараў шатландскай пехоты на Свяце Сонца-2018

Клуб рэканструктараў шатландскай пехоты на Свяце Сонца-2018


Сёлета ўпершыню на Вялікім Брытанскім фестывалі будуць працаваць зоны “Інавацыі”, “Гісторыя” і “Экалогія”. На інавацыйнай пляцоўцы Акадэмія навук пакажа шоў робатаў, а ІТ-кампаніі распавядуць пра беларуска-брытанскія праекты. Гандляры і салдаты з Шатландыі з’явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагоддзі па запрашэнні Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Сувязі між нашымі краінамі на гістарычнай пляцоўцы прадэманструюць рэканструктары шатландскай пехоты. У зоне “Экалогія” арганізацыі адпаведнага профілю раскажуць дзецям і дарослым, як правільна сартаваць смецце і эканоміць ваду. Акрамя таго, на фестывалі будзе арганізаваны асобны збор смецця і мінімізавана выкарыстанне пластыку.

Фудкорт створаць больш за 30 рэстаранаў. Кожны дадасць у меню нейкую страву брытанскай кухні. Наведвальнікі змогуць пакаштаваць любімыя брытанцамі напоі – піва і сідр.

У Карэтным дворыку разгарнецца адукацыйная пляцоўка. Можна будзе праверыць свой узровень валодання англійскай мовай, даведацца пра адукацыйныя праграмы ў Вялікабрытаніі, паўдзельнічаць у майстар-класе па стварэнні чароўных палачак у кутку Гары Потэра. У зоне “Літаратура” англійскі пісьменнік Найджэл Робертс прэзентуе сваю кнігу “Гід па Беларусі” і падзеліцца ўражаннямі пра нашу краіну. Будуць прадавацца кнігі англамоўных аўтараў. Упершыню на фестывалі прадэманструюць пераклады англійскіх твораў на беларускую мову.
 У Амбасадзе Вялікабрытаніі

 У Амбасадзе Вялікабрытаніі


Вуліца Зыбіцкая ператворыцца ў спартыўную пляцоўку з рэгбі, кёрлінгам і тэнісам. Там жа зробяць адмысловую сцяну, дзе паўстане графіці на брытанскую тэматыку. На Свабоды, 4 будзе працаваць аўтасалон, дзе прэзентуюць новыя мадэлі Bentley I Land Rover, a Jaguar Club Belarus арганізуе экспазіцыю рэтра-аўтамабіляў.

Акторы тэатра Янкі Купалы будуць чытаць санэты Шэкспіра і іншыя вершы. Тэатралы змогуць пабачыць лялечную пастаноўку “Панч і Джудзі” (гэта класіка кшталту рускага Петрушкі) ад выкладчыка і актора Роберта Стайлза і, для параўнання, беларускую батлейку “КапялюШ”. На галоўнай сцэне пакажуць свае калекцыі дызайнеры праекта Fashion Scout (Лондан).
Менеджэрка Вялікага Брытанскага фестывалю Ірына Малінская і амбасадарка Вялікабрытаніі Фіёна Гіб 

Менеджэрка Вялікага Брытанскага фестывалю Ірына Малінская і амбасадарка Вялікабрытаніі Фіёна Гіб 


Менеджэрка фестывалю Ірына Малінская адзначыла, што сёлета амбасада Вялікабрытаніі акцэнтуе ўвагу на новых тэндэнцыях і на фестывалі будзе шмат маладых удзельнікаў. Фіёна Гіб запрашае таксама наведаць выставу, прысвечанную брытанскай спявачцы Эмі Уайнхаўз, бабуля-габрэйка якой нарадзілася ў Мінску. Адкрыццё выставы пройдзе 15 чэрвеня ў Музеі гісторыі Мінска. Яна будзе працаваць да жніўня. Дарэчы, кавер-канцэрт з песнямі Эмі дасць у брытанскай фан-зоне 22 чэрвеня беларуская спявачка Настасся Малашкевіч. Поўная праграма мерапрыемстваў неўзабаве з’явіцца на сайце амбасады Вялікабрытаніі.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!