Вялікі тэатр запрашае адзначыць Дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Напярэдадні гэтай падзеі — 18 лютага — гледачоў запрашаюць прыйсці ў Вялікі тэатр Беларусі: у 18:15 пачнецца імпрэза #Чытаемразам, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія паэты, зоркі сталічных тэатраў, кіно, тэлебачання.

Народныя артысткі Беларусі Ядвіга Паплаўская і Настасся Масквіна, зорка беларускага тэлебачання актрыса Святлана Бароўская, паэт Андрэй Хадановіч, спявачка Вялікага тэатра Ірына Кучынская, карэспандэнт тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс — вядомыя людзі краіны абавязкова прыйдуць на вечар, каб падарыць гледачам часцінку сваёй любові да нашай зямлі, да нашай роднай мовы. Усе яны прачытаюць улюбёныя радкі з твораў беларускіх аўтараў. Безумоўна, калі разам на пляцоўцы сустракаюцца таленавітыя людзі, без сюрпрызаў не абыйдзецца.
Гэта імпрэза стане сапраўдным падарункам для тых, хто набыў квіткі на оперу Дз. Смольскага «Сівая легенда», лібрэта да якой напісаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. У пастаноўцы М. Панджавідзэ 18 лютага галоўныя партыі выканаюць зоркі беларускай оперы: народная артыстка Настасся Масквіна (Ірына), заслужаныя артысты рэспублікі Аксана Якушэвіч (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Мікуцель (Раман). За дырыжорскім пультам — Алег Лясун.
Гледачы таксама змогуць на некаторы час прымерыць на сябе новую ролю: выйсці на сцэну малой залы, адчуць святло сафітаў — і прачытаць свае любімыя творы беларускіх паэтаў. У вас, дарэчы, ёсць шанец падрыхтавацца загадзя: павыкладваць у любую сацсетку відэазапіс таго, як вы чытаеце творы беларускіх аўтараў, з абавязковымі хэштэгамі: #чытаемразам, #мойтэатрмаясцэна, #матчынамова, #маямова. Гледачы, якія праявяць сябе найбольш крэатыўна, атрымаюць падарунак — запрашальны квіток на вечар, прысвечаны Дню матчынай мовы.

Імпрза адбудзецца ў тэатры 18 лютага ў 18:15 у Камернай зале. Цэнтральныя дзверы будуць адчынены з 17:45!.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: