«Вянчаныя» каровы і шанаванне продкаў: святы на беларуска-рускім памежжы ў 1980-х

Даследчыца з Санкт-Пецярбурга Марына Уласава марыла стаць журналісткай, але займаецца фалькларыстыкай. Два яе захапленні дазволілі зрабіць змястоўныя і ў той жа час мастацка выразныя фота. У 1980-х Марына Нікіцічна шмат здымала на беларуска-рускім памежжы.

З канца 1970-х Марына Уласава ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі разам са студэнтамі іншай вядомай фалькларысткі, Алены Разумоўскай, якая, напрыклад, «адкрыла» спявачку Вольгу Сяргееву, чый голас гучыць у фільме «Настальгія» Андрэя Таркоўскага.

Вольга Сяргеева нарадзілася ў вёсцы Пералазы Усвяцкага раёна, пры самай беларускай мяжы. Гэту частку Пскоўшчыны ўлучалі ў межы беларускай этнічнай тэрыторыі на сваіх мапах Яўхім Карскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аляксандр Рыціх і Родрыг Эркерт. А Таркоўскі вызначыў яе песні як «знак рускага».

Марына Уласава шмат здымала рускую Поўнач, але значная частка яе фотакалекцыі прысвечана і беларускаму памежжу. На яе здымках 1980-х гадоў можна пабачыць, як адзначалі каляндарныя святы жыхары Веліжскага і Руднянскага раёнаў Смаленскай вобласці, як праходзіў вясновы кірмаш у Невелі на Пскоўшчыне. Вялікая частка абрадаў, зафіксаваных Марынай Нікіцічнай, ужо адышлі ў нябыт. Тым больш каштоўнымі становяцца яе здымкі.

Шумілава, Веліжскі раён, 1987 год. Фёкла Сяргееўна Андрэева і Фядосья Сідараўна Васільева трымаюць зорку, атрыбут калядавання, з якім абыходзілі двары, славячы гаспадароў, жадаючы ім добрага ўраджаю, удалых шлюбаў для дзяцей і спрыяння ва ўсялякіх справах. Па розных версіях, калядная зорка адсылае да віфлеемскай, сімвалізуе сонца, ці спалучае ў сабе два гэтыя аспекты. На фота зорка — пяціканцовая. Складана сказаць, сантымент гэта да савецкай сімволікі ці выпадковасць. Часцей рагоў у каляднай зоркі шэсць ці восем, бывае дванаццаць.

Музыкі-валачобнікі, Веліжскі раён, 1980 год. Валачобны абыход здзяйсняўся на Вялікдзень. Гурт спевакоў і музыкаў зычыў гаспадарам дабрабыту, а тыя іх адорвалі (часцей пачастункамі, а часам і грашыма). Вялікдзень, як і Каляды, улучае сімволіку навалецця, валачобнікі сваімі віншаваннямі «праграмавалі» наступны гадавы перыяд на добрае.
Вясновы кірмаш у Невелі (Пскоўская вобласць). 1980 год. Людзі прыцэньваюцца да парасяткі. Кабана білі да вялікіх святаў: Калядаў, Вялікадня, часам восеньскіх Дзядоў, калі трэба было сабраць асабліва вялікі стол.

Ягор’еў дзень (у Беларусі часцей кажуць Юр’я), 6 траўня. Першы выган кароў у поле і абыход статку. Шумілава, Веліжскі раён, 1982 год. Запасванне жывёлы ў адным шэрагу з засеўкамі і зажынкамі ўрачыста пазначала новы этап сельскагаспадарчых работ. Беларускі фалькларыст Арсень Ліс адзначаў, што ў паўночнай Беларусі юр’яўскія абрады мелі ў першую чаргу жывёлагадоўчую скіраванасць, а ў паўднёвай і заходняй частцы краіны — сельскагаспадарчую. Абыходы статку і нівы былі накіраваны на іх сімвалічную абарону (ад ваўкоў, граду) і падвышэнне ўраджаю, прыплоду.

На Троіцу ў Шумілаве кароў «вянчалі» (1983 г.) Гэта рабілі гаспадары. Ёсць запісы з Беларусі, дзе вянкі для кароў на Троіцу плятуць пастухі, за што атрымліваюць ад гаспадароў пачастункі. Траецкая зеляніна пазначала істотныя месцы ў хаце і двары: абразы, брамы, вокны. Яе маглі сцяліць у хаце проста на падлогу. Траецкімі вяночкамі мяняліся дзяўчаты, калі куміліся (абіралі сабе сяброўку на наступны год, якая павінна была стаць іх дружкай на вяселлі). Траецкую зелляніну часам насілі на могілкі.

Увіванне крыжоў і памінальная малітва на могілках у Траецкую суботу. Шумілава, Веліжскі раён, 1986 год. Яшчэ адзін аспект траецкай абраднасці — памінанне продкаў. Вельмі часта па ўсёй Беларусі святкавалі Траецкія Дзяды. Агулам памінальных дзён у асобна ўзятай вёсцы магло быць да шасці на год, асабліва шмат — у паўночнай частцы краіны. У вёсцы Вітунічы Докшыцкага раёна нават зафіксавана прымаўка “Каб сёмы Дзед, дык звёўся б свет”. Маецца на ўвазе, што падрыхтаваць стол на Дзяды — гэта немалыя выдаткі для сялянскай гаспадаркі.
Ро́згары (Русальныя загавіны, канун Пятроўскага посту). Панізоўе, Руднянскі раён. 1986 год. Пятроўскі пост, ці, у лакальных варыянтах «Пятровіца», «Пятроўка», цягнуўся ад Троіцы да свята Пятра і Паўла, якое праваслаўныя адзначаюць 12 ліпеня. Чакалі новага ўраджаю (з Пятра пачыналася жніво), казалі: «Пятроўка — самая галадоўка»; «Жджы Пятра — сыр з’ясі!». Як і на Загавіны перад Вялікім Постам, сяляне імкнуліся зладзіць добрае застолле.

Панізоўе, Руднянскі раён. 1983 г. Хадора Пятроўна Мартынава ў пакроўскім вянку. Такі вянок плялі дзяўчаты-падлеткі, гуляючы ў маладых (нявест) на Пакравы, 14 кастрычніка. Свята выступала адным з каляндарных рубяжоў між восенню і зімой, па павер’ях, у гэты дзень ужо мог легчы снег. Дзяўчаты маліліся да Божай Маці, каб пакрыла іх галаву жаночым галаўным уборам, як пакрывае зямлю снегам. Пакравы выступаюць у шэрагу “багародзіцкіх святкоў” разам з Успеннем і Багачом.

Марына Уласава мае іншыя здымкі беларускага памежжа і зацікаўленая іх выставіць у нашай краіне. Звязацца з фатографкай можна праз мэйл mrsteelheart@yandex.ru ці праз аўтарку артыкулу alena.leshkevich@ethno.by.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!