Геніюш не падлягае рэабілітацыі за здзейсненыя падчас вайны злачынствы

Моладзь БНФ атрымала чарговую адмову ў рэабілітацыі беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

Рэабілітацыі імя выбітнай паэтэсы і грамадскай дзеячкі актывісты Моладзі БНФ дамагаюцца ўжо даўно. Але на любыя іныцыятывы і спробы неяк ушанаваць памяць жанчыны ўлады рэагуюць катэгарычна і непахісна. Назваць у яе гонар новую вуліцу ў Мінску ці ў Зэльве, на радзіме Геніюш — яны лічаць немэтазгодным, ушанаваць яе імя ў назве бібліятэкі — неабгрунтаваным. Яшчэ раней актывісты сабралі і накіравалі ў Генпракуратуру больш за тысячу подпісаў за рэабілітацыю дзеячкі, на што быў дадзены цвёрды і катэгарычны адказ “Геніюш Л.А. прызнана не падлеглай рэабілітацыі “.

І вось прыйшоў чарговы адказ, цяпер з Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Прэс-служба Моладзі БНФ паведамляе, што ўлады зноў адмаўляць у рэабілітацыі паэткі, спаслаўшыся на пастанову Прэзідыума Вярхоўнага Суда ад 24 лістапада 1999 года, згодна з якой, асоба Геніюш не можа быць рэабілітавана “за здзейсненыя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 66 і 76 КК БССР (у рэдакцыі 1928 года)". Нават пры тым, што “злачынствы”, за якія была пакарана Ларыса Антонаўна, ужо даўно перасталі лічыцца такімі ў Беларусі, а падобных артыкулаў і блізка няма ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь на сённяшні дзень.

Такі адказ толькі ў чарговы раз даказвае абмежаванасць поглядаў сённяшніх улад, якія ўсе яшчэ жывуць калясавецкімі перакананнямі, відавочную непавагу да літаратурнай спадчыны беларускага народа, а таксама банальнае нежаданне прыслухоўвацца і ісці на саступкі да сваіх грамадзян, якія цалкавіта падтрымліваюць ідэю рэабілітацыі паэткі, грунтуючыся на актыўнасці і зацікаўленасці, якую праяўлялі людзі падчас збору подпісаў.

Ларыса Геніюш прайшла складаны жыццевы шлях, устойліва вытрымаўшы ўсе выпрабаванні, якія паднёс ёй лёс і савецкія ўлады, няхай то будуць рэпрэсіі, ГУЛАГ, забароны. Таму мы можам быць упэўнены, што рана ці позна яе імя будзе ўшанавана з годнасцю, а яе вершы зноў загучаць на ўроках беларускай літаратуры, нават нягледзячы на ўсе надуманыя прысуды і так званыя “злачынствы”. А вось сённяшнія ўлады за свае злачынствы так і застануцца ў памяці людзей толькі сваёй неабгрунтаванай упартасцю і нежаданнем  ісці насустрач свайму народу.

Паводле Прэс-службы Моладзі БНФ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: