Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вярхоўны суд Расіі ліквідаваў Міжнародную канфедэрацыю Саюзаў мастакоў

Адно з самых скандальных рашэнне за апошнія гады вынес Вярхоўны суд РФ. 12 ліпеня была ліквідавана Міжнародная канфедэрацыя Саюза мастакоў.

Паводле рашэння суда, дзяржаве мусяць адысці калекцыя з 50 000 твораў мастацтва (з іх — 4 500 палотнаў лепшых мастакоў былога СССР і новых незалежных дзяржаў), знакаміты Цэнтральны дом мастака на Крымскім вале ў цэнтры Масквы (10 000 кв.м. выставачных плошчаў), Падольскі камбінат мастацкіх вырабаў і яшчэ некалькі прывабных аб’ектаў нерухомасці.

Той, хто глядзеў фільм Аляксея Навальнага «Ён вам не Дзімон», усё зразумее правільна: для процьмы палацаў, што набудавала сабе кіроўная эліта Расіі, пажадана атрымаць бясплатныя творы мастацтва: для ўпрыгажэння. Ды і зямелька ў «салодкіх» месцах таксама прыдасца. Між тым абсалютна афіцыйна аформленае майно былога Саюзу мастакоў СССР з пачатку 1991 г. калектыўна належыць саюзам мастакоў 12 былых рэспублік СССР (і кааптавана — СМ Прыбалтыйскіх краін), якія і зараз сплочваюць складкі і ахвяруюць у калекцыю МКСМ работы сваіх найлепшых творцаў. У адказ гэта дае магчымасць усім удзельнічаць у парадку 30 выставак і праектаў у Маскве штогод («Арт — Масква», «Арх — Масква», «Антыкварны салон», у Цэнтральным Доме мастака — у «Маскоўскіх міжнародных мастацкіх салонах» ды інш.).

У сваю чаргу, МКСМ выдзяляе творы з калектыўнай калекцыі і сродкі  на выставы ў астатніх краінах, чые саюзы ўваходзяць у МКСМ. Можна сказаць тут назіраецца найбольш справядлівы ўзор “разводу” і новага “шлюбу” былой агульнасаюзнай установы пасля распаду СССР.

Цэнтральны дом мастака ў Маскве

Аднак не ўсё так проста. Дзеля падтрымкі статутнай дзейнасці частку майна (у тым жа ЦДМ) арганізацыя здавала ў арэнду — «Альфа-банку», ТАА «Арт-Палітра», ДНК «Медыа», некаторым салонам і кавярням. Паколькі ў Статуце МКСМ першапачаткова не было запісу пра камерцыйную дзейнасць (хай сабе і для ажыццяўлення статутных мэтаў), арганізацыі — пасля заўвагі з боку Мінюста РФ — давялося выправіць недарэчнасць. Але самыя густыя хмары сабраліся пасля таго, калі (хаця і пасля ўзгаднення з Мінкультам РФ) тры гады таму МКСМ прадаў на аўкцыёне Сотбіс у Лондане тры работы класікаў савецкага жывапісу — Георгія Ніскага, Юрыя Піменава і Аляксандра Дайнекі. За 2,5 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Натуральна, заплаціўшы 700 000 той самай валюты ў якасці падаткаў у бюджэт РФ. Мала! Тут і пачаліся “праверкі з асаблівай увагай”, якія выявілі больш парушэнняў у дзейнасці Мінкульта, чым МКСМ. Але рыкашэт ударыў найперш па МКСМ, прывёўшы да вышэйзгаданага выніку.

«На гэтым мы не спынімся», — сказаў старшыня СМ Беларусі Рыгор Сітніца, які 14 ліпеня вярнуўся з судовага паседжання ў Маскве, — «Нашаму саюзу належыць афіцыйна 11% майна МКСМ. У тым ліку работы Міхаіла Савіцкага, Васіля Шаранговіча, Гаўрыілы Вашчанкі, іншых выдатных творцаў. Альбо мы даможамся адмены судовага рашэння, альбо вернем тое, на што маем права, на радзіму».

Работа Георгія Ніскага (1903-1987) «Над снягамі» (1964), прададзеная на аўкцыёне Сотбіс

Таго ж пункту гледжання прытрымліваецца і Валянцін Сідараў, Прэзідэнт МКСМ. Будзем сачыць за развіццём падзей у скандальнай справе. Тым, хто пажадае прасачыць за дэталямі, раім паглядзець спецыяльны сюжэт, нядаўна (яшчэ да суда), паказаны на беларускім тэлеканале АНТ.


Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2017-07-17 11:07:04
Яшчэ дэталі: http://www.nv-online.info/by/769/printed/132468/

Каментаваць