Вяртанне бацькі беларускага тэатра

Чытка частак п’есы «Каспар Карлінскі» і яе абмеркаванне пройдуць 18 траўня ў Мінску. Упершыню па-беларуску прагучаць ўрыўкі самай трагічнай п’есы Уладзіслава Сыракомлі, якая мела шалёны поспех на тэрыторыі Беларусі 160 год таму.

Ініцыятыву тэатразнаўцы Наталлі Валанцэвіч падтрымаў перакладчык Алесь Плотка, а літаратар Ганна Севярынец пакінула зону камфорту і дэбютавала ў ролі рэдактара. Падзея, прымеркаваная да 195-годдзя з дня нараджэння творцы, пройдзе ў межах фэста «Горад і кнігі — 2018».

Выкладчыца Акадэміі мастацтваў Наталля Валанцэвіч кажа: «У Беларусі Уладзіслаў Сыракомля больш вядомы як выдатны паэт і гісторык. П’есы ж яго ў сучасным тэатры не ставяцца, і нават імя яго амаль невядомае тэатральнай супольнасці. Між тым ў спадчыне Сыракомлі ёсць камедыі, драмы і нават монадрама, усе пастаўленыя пры жыцці з вялікім поспехам. Наша мэта — пераклад п’есаў на сучасную беларускую мову і вяртанне класіка ў культурнае жыццё краіны».

У праграме — чытка урыўкаў п’есы і размова з Ганнай Севярынец і Наталляй Валанцэвіч пра ролю Уладзіслава Сыракомлі ў развіцці беларускай драматургіі і тэатра. У фокусе гутаркі — «спаборніцтва» паміж ім і Дуніным-Марцінкевічам і, канешне ж, шматмоўнасць беларускай культуры. Апошняе пытанне асабліва вострае пасля атрымання Нобеля рускамоўнай беларускай і ў свеце таго, што найбольшую частку сваіх працаў Сыракомля ствараў на тагачаснай польскай мове і на польска-беларускай «трасянцы» таго часу.

Героі чытання: рэжысёр — Юліана Шырма, выканаўцы — студэнты БДАМ Кiрыл Акуленец, Ульяна Антанюжэнка, Аляксей Савунiн, Iгнат Валанцэвiч.

Час: 14.00 — 15.00, 18 траўня.

Адрас: Мінск, Незалежнасці, 65 (дворык БНТУ).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: