Вольскі: «З раптоўных пазык з боку дзяржавы пачынаецца коўзкая мяжа абсурду»

Прайшоў амаль тыдзень з апошняга канцэрта славутага гурта VOLSKІ ў межах доўгачаканага туру па Беларусі. Для музыкаў гэта былі пяць яскравых, гарачых і запамінальных тыдняў, напоўненых стракатымі эмоцыямі. Яшчэ некалькі гадоў таму нават уявіць такое свята меламанам было складана. Але вось чарговым разам змяніўся вецер, і нібыта распачалася музычная «адліга».



Ці надоўга такая “размарозка”? Нікому не вядома. Паспрабуем скарыстацца досведам і адшукаць адказ у мінулых падзеях з культурнага жыцця краіны.

Разам са спадаром Лявонам Вольскім паразважаем пра абсурд і крытыку, пагутарым пра новыя тэндэнцыі сучаснай альтэрнатыўнай сцэны, згадаем вынікі колішніх “прымусовых дазволаў” і вызначымся, чым усё ж такі вымяраецца паспяховасць музычнага гурта.


— Прайшла хваля хайпу на фоне забароны пэўных артыстаў, крыху спадае і хваля хайпу на фоне “культурнай адлігі” і доўгачаканага дазволу выступаць асобным гуртам. Ці не хочацца вярнуцца ў перыяд “падполля”? Свая рамантыка ў гэтым усё ж была…

— Канечне, рамантыка была, яшчэ якая! Успомніць адны віленскія канцэрты, дзе збіраліся тысячы гледачоў і слухачоў… Супер было, згодны.

Падчас першай забароны гурту N.R.M. увогуле выпала вельмі багатая замежная гастрольная дзейнасць, усе імкнуліся нам дапамагчы. Еўрапейскаму чалавеку пачынаючы з палякаў забарона музыкі падаецца абсалютным нонсэнсам. Яны гэтага папросту не разумеюць. Складана растлумачыць літоўцу ці тым больш шведу, што на прыватнай тэрыторыі, за якую ўладальнік плаціць арэнду, можна забараніць канцэрт. Аповеды пра тое, што ў Беларусі могуць патэлефанаваць, націснуць, прыгразіць стратай бізнесу, выклікалі абурэнне, бо гэта ўвогуле крымінальнае злачынства.

Затое мы паглядзелі свет, пабывалі ў Швецыі, Германіі, аб’ездзілі ўсю Польшчу ў межах некалькіх паўнавартасных тураў. N.R.M. перайгралі з многімі зоркамі замежнай рок-сцэны і былі на першых старонках усіх тэматычных выданняў.

Потым пачаўся славуты “віленскі перыяд”. У год грымела па некалькі вялікіх канцэртаў, кожны збіраў шмат гледачоў, была прыдуманая выдатная схема з візавай падтрымкай. У той жа час на Беларусі стала немагчыма сыграць нават у звычайнай кавярні. Калі падчас першай забароны з 2004 па 2008 год на невялікія пляцоўкі яшчэ закрывалі вочы, то пасля 2008 года ўсё стала значна складаней.

Аднак, безумоўна, гэта быў вельмі рамантычны перыяд. Таму мы з нецярпеннем чакаем, калі нас зноў забароняць і мы вернемся да былой камфортнай замежнай схемы, каб не ездзіць па Бабруйсках і Светлагорсках, а граць у культурнай абстаноўцы канцэрты ў Вільні ці Стакгольме! (Смяецца.) Можа, мы яшчэ і вернемся туды. Нічога не гарантавана, тут жа як вецер падзьме.

— Увогуле, не адчуваеце ў дазволе ўлады на правядзенне канцэртаў колісь забароненых гуртоў штосьці штучнае, ненатуральнае і крыху абсурднае?

— Паколькі сёння беларускія ўлады крыху пабойваюцца Пуціна і розных іншых “ветлівых” людзей з іх танкамі і ракетамі, безумоўна, яны вымушаныя наступіць сваёй звыклай песні на горла і дазваляць некаторыя рэчы, якія можна дазваляць без аніякай страты “страшнага” іміджу. Напрыклад (хаця, мабыць, гэта вельмі непрыемна, брыдка і мярзотна) усё ж такі вырашылі: “Няхай гэтыя людзі ў вышыванках збяруцца і адсвяткуюць гэты свой Дзень Волі, горш ад гэтага не будзе нікому”.

Тым больш цяпер даводзіцца яшчэ і з Захадам гуляць у нейкую гульню. Калісьці першая хваля культурнай “адлігі” пачалася менавіта з таго, што палепшыліся адносіны да музыкаў, — гэта найпрасцейшае, што можна было зрабіць. Аднак як толькі Беларусь, бы тая хатка Бабы Ягі, павярнулася да Захаду задам, а да Расіі перадам, адразу ўсю непажаданую музыку зноў забаранілі.

Прычым, як ні смешна, на той час канцэртнае заканадаўства ў Беларусі было, напэўна, найліберальнейшае ў свеце. Не было неабходнасці нічога ўзгадняць і атрымліваць гастролькі. Трэба было проста за тыдзень паведаміць у аддзел культуры праз інтэрнэт, што плануецца правядзенне мерапрыемства. Гэта цяпер табе могуць не выдаць гастрольку з прычыны “нізкага мастацкага ўзроўню выканаўца”, а тады схемы забароны канцэртаў не існавала. Таму даводзілася тэлефанаваць і палохаць арганізатараў усялякімі камісіямі, санстанцыямі, пажарнікамі, шматмільённымі штрафамі і поўным гамонам.

Нават дагэтуль некаторыя пляцоўкі, якія ў той час трапілі пад ціск з боку ўладаў, на прапанову зрабіць канцэрт Вольскага проста перастаюць браць слухаўку. Яшчэ адзін яскравы прыклад — FM-станцыі, якім цяпер нібыта ўсё можна, але ніхто ўжо “непажаданую” музыку не ставіць. Тады таксама была адліга, але ўсе памятаюць пра “забаронены спіс” і чым усё скончылася. Таму большасць на ўсялякі выпадак прытрымліваецца старой схемы.

Насамрэч у Беларусі ўсё залежыць ад палітыкі: ніхто не можа ведаць, як павернецца сітуацыя ў культурным рэчышчы. Мяркую, будзе чарговае сяброўства з Расіяй, і ўсё зноў пагоршыцца. Праз такую няпэўнасць я ўвогуле апошнія пару дзясяткаў гадоў адчуваю ўдзел у нейкім тэатры абсурду.

— Ці пагодзіцеся, што сучасная беларуская рок-музыка — моцны інструмент прапаганды і з’ява ў пэўнай меры палітычная?

— Думаеце, моцная? Прапаганды чаго? Адно што пэўнага светапогляду. Так склалася, што ў Беларусі рок-музыка — хутчэй культурніцкая з’ява, мастацтва. Але, безумоўна, любая плынь мастацтва мусіць кудысьці накіроўваць. Кожны творца, лідар гурта імкнецца праз творчасць перадаць ідэю, якую ён лічыць істотнай, патрэбнай. І звычайна ў выпадку рок-музыкі транслюецца крыху анархісцкі светапогляд, барацьба з дзяржавай у любых праявах. Кожная дзяржава схільная прыгнятаць асобных людзей, таму, натуральна, у кожнай краіне — і ў Злучаных Штатах, і ў Брытаніі, і ў той жа Польшчы — нават на топе будуць музыкі, якія выступаюць супраць гэтай дзяржавы. Безумоўна, у Беларусі назіраецца тое самае. Розніца толькі ў тым, што за мяжой улады не настолькі шчыльна змагаюцца з гэтымі музыкамі, нават ведаючы пра іх магутны ўплыў, асабліва на маладое пакаленне.

Натуральна, пэўны ўплыў беларуская музыка ўсё ж мае. Людзі вывучаюць беларускую мову, узбагачаюцца культурна, пачынаюць усведамляць некаторыя рэчы. І гэты ўплыў будзе існаваць, аніякімі забаронамі яго спыніць немагчыма. Адно што, можа, калі цалкам забараніць інтэрнэт. Але менавіта “прапаганда” — напэўна, крыху не тое слова, перадвыбарчай кампаніяй патыхае!

Цяпер музыка рухаецца ўжо не так шчыльна побач з палітыкай. Раней прынамсі гралі на мітынгах, і тое часцей за ўсё бясплатна і толькі таму, што былі сугучнымі іх ідэі. Дарэчы, той самы нашумелы мітынг 2004 года, калі нас нарэшце заўважылі і адразу ўсіх забаранілі, прысвячаўся 10-годдзю тагачаснай улады. У той перыяд беларуская рок-музыка, безумоўна, мела характар грамадска-палітычнай з’явы, і тое больш грамадскай, чым палітычнай. А сёння, мяркую, калі музыкі ідуць, напрыклад, на Дзень Волі, ці то пад дубінкі спецназа, ці то раз у жыцці — на нармальнае дазволенае святкаванне, — гэта проста праява грамадзянскай актыўнасці і ўласнай пазіцыі кожнай асобы.

Канцэрт у Вільні, 2014 год.

Канцэрт у Вільні, 2014 год.



— Вялікі канцэрт да 100-годдзя БНР ля Опернага стаў для многіх беларусаў ледзь не відовішчам мары. Наколькі я памятаю, VOLSKІ адзначылі Дзень Волі ў Беластоку, а напярэдадні святочнай даты далі ў Мінску бясплатны канцэрт. Сапраўды наўмысна адмовіліся ад выступу ў сталіцы 25 сакавіка на карысць падтрымання беларусаў Беласточчыны альбо былі іншыя прычыны? Напэўна ведаеце, што з гэтай нагоды крытыкі хапала.

— Гэта досыць коўзкая тэма. Шчыра кажучы, нават калі б у нас не было абавязку перад беластаччанамі, і тое трэба было б думаць, удзельнічаць у гэтым канцэрце ці не. Таму што менавіта з такіх раптоўных “пазык” з боку дзяржавы і пачынаецца коўзкая мяжа абсурду.

У любым выпадку мы б дакладна не здолелі ў час дабрацца з Беластока ў Мінск. Прагледзелі ўсе варыянты, нават нейкі казачны верталёт абмяркоўвалі, і зразумелі, што так ці інакш губляем пару дадатковых гадзін, улічваючы “прэлесці” пераходу мяжы і двухкіламетровую чаргу людзей з тэлевізарамі. На жаль, так ужо нам выпала. Таму мы пастараліся зрабіць свой унёсак як змаглі і 24 сакавіка зладзілі ў Мінску дабрачынны святочны канцэрт.

Калі паразважаць, то хутчэй за ўсё, калі б не было абавязку перад Беластокам, мы б канечне ўдзельнічалі ў канцэрце ля Опернага. Проста з гэтай імпрэзай усё вырашылася літаральна за пару тыдняў, а ў Беластоку мы пацвердзіліся амаль за год. Натуральна, ніхто не думаў, што будзе нейкі дазвол на вялікі канцэрт у Мінску — такое цяжка было нават уявіць! Летась 25 сакавіка па горадзе бегалі такія “рыцары без страху і папроку”, што мы ледзь самі не трапілі да іх у аўтазак. Але вось чарговым разам змяніўся вецер, і распачалася культурная“адліга”.





Я кажу “чарговым”, таму што калісьці ў 2009 годзе таксама нібыта была “размарозка”. Памятаю, я якраз прыехаў з Польшчы на некалькі дзён, і мне патэлефанаваў Шаблінскі. Яны ладзілі фестываль Bela Musіc на Баравой, дзе мусілі быць усе гурты з “чорнага спісу”. Дзяржава гэтым крокам хацела паказаць, наколькі ў нас цяпер усё дазволена і “нармальна”, як у Еўропе. З адміністрацыі так і перадалі: “Які-небудзь праект Вольскага абавязкова мусіць удзельнічаць”. Дык вось, мяне яшчэ тады ажно перасмыкнула ад таго, што я дырэктыўна павінны ўдзельнічаць. Атрымліваецца, папярэднія чатыры гады яны мяне забаранялі, а цяпер я раптам павінны, мушу. Я тады адмовіўся ад удзелу, з’ехаў назад у Польшчу — і без мяне выдатна ўсё прайшло. Шкада толькі, што ў страшны мінус. Дзяржава дазвол дала, але, безумоўна, фінансава мерапрыемства не падтрымала, таму арганізатары мусілі выплыць толькі за кошт публікі. Усе гульні з дзяржавай увогуле вельмі мутныя і ў выніку мінусавыя.

— Ці сочыце за трэндамі сучаснай беларускай альтэрнатыўнай сцэны? Якія незвычайныя з’явы заўважаеце?

— Пра сучасныя тэндэнцыі я насамрэч мала ведаю. Відавочна, на развіццё сцэны сёння значна ўплывае тое, што стала вельмі проста ствараць музыку. Дастаткова проста запісаць музыку ў камп’ютар — і ўсім будзе ясна, што ты хочаш данесці. Для параўнання, калі мы ў 1996 годзе пачыналі запісваць N.R.M., мы працавалі на партастудыі з Вячаславам Коранем, і працэс быў досыць працяглы і складаны. Трэба было загнаць на касету восем каналаў гуку, а касеты не заўсёды былі якаснымі, хоць мы і абіралі самыя дарагія. Ад гэтага не пакідала ўражанне разладжанасці інструментаў. Збольшага якасць запісу была ў той час не вельмі істотнай (не настолькі, канечне, каб нават словаў не разабраць). Для мяне было істотным як мага хутчэй запісаць першыя альбомы: “Lalalala”, “Одзірыдзідзіна” і “Пашпарт грамадзяніна N.R.M.”. Накапілася шмат матэрыялу, вельмі хацелася выказацца, каб людзі нас пачулі і зразумелі… З сучаснымі магчымасцямі дасягнуць гэтай мэты стала вельмі проста.

Кажуць, сёння ў трэндзе рэп. Гэты стыль увогуле заўсёды прысутнічаў у Беларусі ў пэўным аб’ёме. Мне здаецца, творчасць гуртоў кшталту “ЛСП” — чарговая тэндэнцыя, якая ідзе з расійскага рынку. Хаця да іх працы я стаўлюся хутчэй пазітыўна і мяркую, што яны маюць вялікі патэнцыял і здабудуць яшчэ большую аўдыторыю. У гэтым веянні няма нічога дзіўнага. На беларускай сцэне пэўная частка густаў заўсёды дыктавалася з Усходу. Калі мы толькі пачыналі свой творчы шлях, яшчэ з “Мрояй”, у Расеі былі папулярнымі гурты “Чайф”, “ДДТ”, “Аквариум”. Таму і ў нас пэўная частка калектываў рухалася ў гэтым расійскім мэйнстрыме. Ну а цяпер папулярныя… неістотна іншыя выканаўцы (смяецца). Нічога, проста такі перыяд.

Увогуле, у Беларусі за апошнія гады з’явілася вельмі шмат разнастайнай музыкі і новых імёнаў. Калі паглядзець на старонкі “Тузіна” ці прыпыненых Experty.by Змітра Безкаравайнага, складаецца ўражанне, што ў нашай краіне проста безліч выканаўцаў, пэўная частка з якіх досыць высока ацэньваецца экспертамі. Але мне падаецца, што ў такой сітуацыі з незалежнай музыкай, як у Беларусі, большасць паспяховых гуртоў чакае лёс TonqіXod: успышка, 2 гады ўзнагародаў за найлепшыя альбомы, некалькі паспяховых канцэртаў — і ўсё, які сэнс рухацца далей?

Натуральна, калі чалавеку 18-20 гадоў, ён спрабуе свае сілы, дасягае першага поспеху, імкнецца стаць знакамітым. Але пасля імпэт затухае. Такіх гісторый безліч, узяць тых жа The Toobes ці Yellow Brіck Road, якія былі на хвалі папулярнасці, але доўга не пратрымаліся. Звычайна на пэўным этапе музыкі альбо знікаюць за мяжой, бо там ёсць рынак, альбо сыходзяць у кавер-бэнды, бо гэта прыносіць грошы.

Чамусьці збольшага трымаюцца на сцэне якраз музыкі ў больш сталым узросце. Такія заслужаныя гурты, як, напрыклад, “Дай Дарогу”, не збіраюцца спыняцца. Яны будуць працягваюць ладзіць канцэрты, ездзіць па рэгіёнах, збіраць свае 200 чалавек, таму што па-іншаму проста жыцця не бачаць. А вось моладзь усё часцей хутка з’яўляецца і гэтак жа хутка знікае.

На кантрасце з Беларуссю вылучаецца вельмі добры рынак і складзеная сістэма шоў-бізнесу ва Украіне. Як ні парадаксальна, за той час, пакуль там развівалася карупцыя ва ўладзе, паралельна была пабудаваная выдатная канцэртная сістэма і наладжаная праца мас-медыяў. У музычнай сферы там працаваць камфортна: ёсць і піяр, і дзяржаўная падтрымка, і тэхнічнае забяспечанне. Спадзяюся, з цягам часу сітуацыя зменіцца, і ў Беларусі, як і ва Украіне, таксама стане выгадна і зручна ездзіць у паўнавартасныя туры па маленькіх гарадах. Таму што пакуль, каб далучыцца да высокай культуры і мастацтва, жыхарам рэгіёнаў даводзіцца самім ездзіць у Мінск.




— Уявіце, што вы з’ехалі з Радзімы і апошнія дзесяць гадоў жывяце дзесьці за мяжой. Якую краіну вы б абралі? Паразважайце, як склалася б вашае жыццё, чым бы вы дыхалі?

— На такія пытанні адказаць няпроста. Ведаеце, калі бяжыш ад палітычнага пераследу, звычайна не абіраеш, куды ўцякаць, як ужо атрымаецца. Куды б закінула, там бы і застаўся жыць хутчэй за ўсё.

Якія ёсць гіпатэтычныя варыянты? Найпрасцейшы — напэўна, Польшча. Блізка, збольшага нармаванае жыццё і ёсць нейкая праца. Дзесяць гадоў таму ўжо існаваў “Белсат”, значыць, можна было б там і замацавацца. Калі ў Беларусь “няўезд” — прыехаў на Беласточчыну, патрымаўся за бярозку, паплакаў, пасумаваў, пагуляў па Белавежскай пушчы, заехаў у вёску пагасцяваць да Лёніка Тарасэвіча, а ў перспектыве ля мяжы можна было б набыць уласную нерухомасць. Ну а потым вярнуўся ў Варшаву і працуеш далей.

Іншыя варыянты з больш-менш добрай працай? Хацелася б сказаць “Літва”, але ўсё ж не, напружана там з працай.

Натуральна, прывабны варыянт — Нямеччына. У мяне нават ёсць некаторыя нямецкія карані, можна было б штосьці ў гэтым рэчышчы спрабаваць. Але зноў жа, кім там пасля працаваць? Верагодней за ўсё, таксістам, як большасць былых рэпатрыянтаў. Бліскучую кар’еру там робяць адзінкі, гэта хутчэй выключэнне. А рускамоўных таксістаў у Берліне і без мяне зашмат.

Найкамфортнейшы варыянт — безумоўна, Злучаныя Штаты. Але ў гэтым выпадку трэба падрыхтавацца да таго, што нават калі ты ўязны ў Беларусь, на Радзіме ты будзеш бываць вельмі рэдка, а з цягам часу яшчэ радзей. Затое там можна спакойна сядзець за камп’ютарам, пісаць па два альбомы ў год і распаўсюджваць іх у сеціве. У плане сцэнічнай дзейнасці, праўда, большасць гуртоў-уцекачоў застаюцца абсалютна лакальнымі ўтварэннямі, якія збіраюцца толькі ў вольны час і граюць для прадстаўнікоў мясцовай дыяспары.

Шчыра кажучы, я цяжка ўяўляю сабе жыццё за мяжой. Асабліва калі ты знаходзішся там пастаянна і працуеш не ў Варшаве на “Белсаце” і не ў Беластоку на “Радыё Рацыя”, дзе твая дзейнасць так ці інакш шчыльна звязаная з падзеямі ў Беларусі. Тым больш я ведаю па сабе, што ў адрыве ад гэтай тэрыторыі музыка пішацца зусім не так, не з такім “нервам”. Упершыню я з’ехаў далёка ад Радзімы ў 1995 годзе — правёў два месяцы ў Францыі. Там я спрабаваў штосьці пісаць для N.R.M., але ў выніку ўсё пайшло пад нож, апроч рэфрэна “На вуліцы маёй”. Калі беларускай літаратурай у дальнім замежжы яшчэ можна займацца, як гэта, напрыклад, робіць Бахарэвіч, то музыкай — не ўяўляю. Хаця хто ведае, можа, калі прызвычаіцца, атрымаецца штосьці нават больш мастацкае, больш філасофскае.

— Быць столькі гадоў легендарным голасам беларускай сцэны — вялікая адказнасць. Чым, на вашу думку, вымяраецца паспяховасць музычнага гурта? Камерцыйным складнікам, колькасцю прыхільнікаў, працягласцю творчага шляху?

— Дакладна не працягласцю творчага шляху. Ёсць маладыя выканаўцы, якія за год-два на сцэне робяцца знакамітымі. Яскравы прыклад — сумнавядомы “Клуб 27”. А ёсць такія гурты, як, напрыклад, Ramones, у якіх спачатку было няшмат прыхільнікаў, а потым, калі сам калектыў спыніў існаванне, фанатаў стала значна болей.

Грашыма паспяховасць вымяраць таксама няправільна. За савецкім часам у Беларусі гралі даволі цікавыя музычныя гурты кшталту “Бонды” ці якой “Мроі”, напрыклад. Гэтыя калектывы ведалі ўсе ў краіне, моладзь дык дакладна, але ніякіх грошай за сваю творчасць музыкі не атрымлівалі. Тым не менш для Беларусі гэта былі сапраўды паспяховыя, знакавыя гурты.

Колькасць прыхільнікаў — паказнік адносны, нестабільны. Калі N.R.M. былі на топе, шмат людзей хадзіла на нашыя канцэрты як на модную з’яву ці проста за кампанію. З часам сітуацыя крыху змянілася. Таму, на маю думку, паспяховасць музычнага гурта найперш вымяраецца колькасцю не прыхільнікаў, а менавіта аднадумцаў, і ўвогуле ўплывам музыкі на розум слухачоў.


Наступны выступ гурта VOLSKІ адбудзецца на купальскім open-aіr фестывалі “Свята Сонца”, які пройдзе 16-17 чэрвеня ў Музейным комплексе “Дудуткі”.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!