Vuraj і Intelligency — пераможцы прэміі «Героі года — 2016»

Музычны партал Tuzin.fm адзначыў 13-ты дзень народзінаў і абвясціў пераможцаў сваёй штогадовай музычнай прэміі «Героі года».


Героі года 2016. Гурт SnopSnoǔ адкрываў прэмію

Мерапрыемства традыцыйна прайшло 12 снежня і лакалізавалася ў мінскім клубе «Грай». Вядучым быў Алег Хаменка. Музычная частка вечару складалася з выступаў гуртоў-намінантаў прэміі, — Vuraj, SnopSnoǔ і Intelligency.

Героі года 2016

Узнагароджванне пераможцаў праводзілася па дзвюх намінацыях — «Адкрыццё года» і «Героі года».

Сёлета на званне «Адкрыцця» прэтэндавалі Ferris Wheel, Intelligency, The Superbullz, BarRokka, Tony Fadd, SnopSnoǔ, Рэй, Sakramant, Ільля Фаляжынскі. На «Герояў» — Irdorath, Brutto, Стары Ольса, Re1ikt, Vuraj і Сяргей Доўгушаў, Лявон Вольскі, Shuma, Dzieciuki.

Героі году 2016. Алесь-Францішак Мышкевіч

Вынікі абвясцілі дыпламанты мінулай прэміі: Паўліна Цімохіна, лідар гурта Pauline, узнагародзіла пераможцаў намінацыі «Адкрыццё года». А Алесь-Францішак Мышкевіч, музыка гурта «Крамбамбуля», — «Герояў года».

Героі году 2016. Паўліна Цімохіна

Такім чынам, «Адкрыццём года» стаў тэхна-блюзавы гурт Intelligency. Музыкі ўжо выдалі адзін студыйны альбом і адзін беларускамоўны міні-альбом, ладзілі сольныя выступы па Беларусі і ўдзельнічалі ў вялікіх замежных фэстах. Зараз гурт працуе над новым альбомам, выданне якога плануецца на вясну 2017 года.

Героі году 2016. Intelligency — "Адкрыццё года"

«Героямі года» сталі Сяргей Доўгушаў і фольк-рок гурт Vuraj. Музыкі каторы год запар ствараюць паспяховыя кампазіцыі, супрацоўнічаюць з іншымі гуртамі, ствараюць сапраўдна аўтэнтычны матэрыял. Асабліва трэба падкрэсліць дзейнасць Сяргея Доўгушава, лідара гурта, які з’яўляецца арганізатарам і мэнэджарам шматлікіх культурных праектаў у Беларусі.

Героі году 2016. Гурт Vuraj — "Героі года"

Акрамя узнагарод у асноўных намінацыях рэдакцыя парталу вылучыла і музыкаў, якія атрымалі дыпломы за лепшую песню, кліп і альбом года.

Героі году 2016. Rahis — "Грэй мяне" — "Кліп года"

Лепшым кліпам стаў кліп гурта Rahis пад назвай «Грэй мяне».

Героі году 2016. Irdorath — "Альбом года" і "Песня года"


Альбом «Dreamcatcher» і песня «Быў. Ёсьць. Буду» на словы Уладзіміра Караткевіча прынеслі астатнія два дыпломы гурту Irdorath.

У розныя часы пераможцамі станавіліся такія беларускія гурты, як N.R.M, Паліна Рэспубліка, «Ляпіс Трубяцкі», Akute, Hurma, Re1ikt, Leibonik, Dzieciuki, Pauline, «Крамбамбуля» і іншыя.

Фота Паўла Аксіновіча




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: