«Выбірай сэрцам!»: Юрый Жыгамонт правёў творчыя сустрэчы ў пяці гарадах Беларусі

У кастрычніку 2017 года ў Беларусі завяршылася кампанія па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, арганізаваная Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа.
Фіналам кампаніі стала серыя творчых сустрэч з акцёрам і тэлевядучым Юрыем Жыгамонтам у пяці гарадах краіны. Акцёр падзяліўся гісторыямі пра Беларусь, пакінутымі за кадрам перадачы «Падарожжа дылетанта», і распавёў, як пераадолеў сур'ёзнае захворванне, каб працягнуць падарожжа.

Удзельнікамі мерапрыемстваў сталі жыхары і госці гарадоў Горкі, Ашмяны, Слонім, Полацк і Сянно. Мерапрыемствы наведалі каля 300 чалавек.

У 2016 годзе Юрый Жыгамонт прыпыніў свае падарожжа з-за хваробы. Акцёр перанёс інфаркт міякарда. Затым рушылі ўслед складаная аперацыя і працяглы працэс рэабілітацыі. Пасля выздараўлення Юрый аднавіў здымкі перадачы, але ўжо ў новым фармаце. Пра гэтыя змены, пра сваё жыццё, творчасць і захапляльныя падарожжы, якія засталіся за кадрам праграмы, Юрый Жыгамонт распавёў на сваіх творчых сустрэчах.

Калі Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа запрасіла мяне паўдзельнічаць у кампаніі па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, я адразу пагадзіўся. Бо ў нядаўнім мінулым сам перанёс інфаркт. Каб аднавіцца, я змяніў свой лад жыцця на больш здаровы і працягваю працу над сабой. Таму правядзенне такіх сустрэч не выпадкова.

Я ўдзячны кожнаму, хто прыйшоў на мае творчыя сустрэчы. Мне задавалі вельмі цікавыя пытанні і распавядалі свае асабістыя гісторыі. У нас атрымалася адкрытая размова ў прыязнай абстаноўцы. Кожная з гэтых сустрэч запомніцца мне на вельмі доўгі час. Я рады быць часткай такой карыснай ініцыятывы і спадзяюся, што творчыя сустрэчы падарылі гледачам добры настрой і натхнілі клапаціцца пра сваё здароўе, — паведаміў Юры Жыгамонт.
Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа ў 2017 годзе ў рамках праекта «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ініцыявала правядзенне рэспубліканскай кампаніі па прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту «Выбірай сэрцам!». Кампанія складалася з некалькіх кампанентаў.

29 верасня падчас Сусветнага дня сэрца ў дванаццаці школах трох рэгіёнаў Беларусі быў праведзены адзіны ўрок па прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Больш за 500 вучняў 8-11 класаў даведаліся пра хваробы сістэмы кровазвароту, іх сімптомы, рызыкі развіцця, а таксама што трэба прадпрымаць, каб іх папярэдзіць.

Да ініцыятывы далучылася сацыяльная сетка «Аднакласнікі». 29 верасня любы жадаючы мог прайсці тэматычны тэст і даведацца, наколькі ён схільны сардэчна-сасудзістых захворванняў; каля 5000 чалавек прайшлі тэст і атрымалі рэкамендацыі, як умацаваць сваё здароўе.

Хваробы сістэмы кровазвароту з'яўляюцца галоўнай прычынай смяротнасці і інваліднасці насельніцтва ў Беларусі. З дапамогай інфармацыйнай кампаніі мы расказваем, як можна знізіць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў і спрабуем матываваць людзей змяніць сваё паводзіны ў бок здаровага ладу жыцця. Мы рады, што вядомыя людзі Беларусі падтрымліваюць кампанію і далучаюцца да яе. Спадзяемся, творчыя сустрэчы з Юрыем Жыгамонтам таксама сталі для ўдзельнікаў добрым стымулам беражліва і адказна ставіцца да свайго здароўя, — пракаментавала менеджэр праекта БТЧК Таццяна Святловіч.


Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: