Да ўдзелу запрашаюцца аўтары ды аўтаркі, якія ніколі не выдавалі ўласных кніг на беларускай мове ў электронным або папяровым фармаце. Літаратурнае журы адбярэ некалькі рукапісаў і прапануе працу над імі ў межах тыднёвай сесіі майстар-класаў. У залежнасці ад краіны пражывання ўдзельнікаў ды эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце заняткі будуць спалучаць вочную і дыстанцыйную формы правядзення. Вынікам майстар-класаў зробяцца макеты дэбютных кніг.
У журы конкурса ўваходзяць пісьменнік і публіцыст Сяргей Дубавец, паэтка Наста Кудасава, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, паэтка і перакладчыца Вальжына Морт, празаік і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Удзел у конкурсе бясплатны. Арганізатары конкурсу таксама будуць шукаць магчымасць падтрымаць стварэнне макетаў (рэдактура, карэктура, вёрстка і вокладка) дэбютных кніг і пракансультуюць аўтараў ды аўтарак наконт магчымасцяў выдання.
Умовы конкурсу
Для ўдзелу ў конкурсе трэба даслаць файл з рукапісам меркаванай кнігі (дапускаюцца чарнавыя, недапрацаваныя варыянты) у фарматах .docx або .rtf, кароткія звесткі пра сябе і кантакты для зваротнай сувязі (е-мэйл, тэлефон) на адрас info@pen-centre.by з пазнакай у тэме ліста «Неба з сабою» да 9 жніўня 2020 года ўключна.
Кнігай лічыцца выданне, якое мае ISBN. Дэбютам таксама лічыцца першая кніга паэзіі пры наяўнасці кніг(і) прозы — і наадварот. Дыяпазон жанраў прозы і паэзіі неабмежаваны. Разглядаюцца таксама дэбютныя кнігі драматургіі. У выпадку суаўтарства дэбютантамі павінны быць усе ўдзельнікі творчага калектыву. Узрост удзельнікаў не абмежаваны. Колькасць рукапісаў, якую можа даслаць адна асоба, неабмежаваная. Усе спрэчныя выпадкі, звязаныя з допускам удзельнікаў да конкурсу, застаюцца на разгляд літаратурнага журы і арганізатараў.