Выйшла з друку кніга, прысвечаная бітвам пад Клецкам у 1506 і 1706 гадах

Яе аўтар — гісторык і краязнавец Андрэй Блінец —  распавядае пра дзве ваенныя падзеі, якія аб’ядноўвае адно месца здарэння. Аднак яны адбыліся ў розны час і мелі рознае значэнне.



Разгром крымскіх татар пад Клецкам у 1506 г. харугвамі войска ВКЛ пад камандаваннем князя Міхаіла Львовіча Глінскага стаў у пэўным сэнсе знакавай падзеяй пачатку XVI ст. Пра гэту перамогу добра ведалі сучаснікі, пра яе не забыліся нашчадкі.
 
 
Бітва паміж шведскімі аддзеламі і расійска-ўкраінскім корпусам, якая адбылася 19 красавіка 1706 г., застаецца малавядомым эпізодам Паўночнай вайны. Нават спецыялісты мала што могуць пра яго сказаць.
 
 
Часткова такое адрознае стаўленне да гэтых падзей можна зразумець. У 1506 г. з паўднёвымі агрэсарамі біліся нашы продкі, у бітве вырашаўся лёс нашых зямель. Сваіх блізкіх чакалі з паходу ў Наваградку, Лідзе, Мінску…
 
 
У 1706 г. на нашай тэрыторыі зводзілі рахункі паміж сабой больш моцныя і агрэсіўныя суседзі. Перамога, якую здабылі шведы, прынесла славу чужой зброі. Наўрадці ў Мінску, Ваўкавыску ці Слоніме моцна бедавалі з такой нагоды. Тым не менш, падзеі трохсотгадовай даўніны — таксама частка нашай гісторыі. Бітва паміж шведскімі і расійска-ўкраінскімі злучэннямі вясною 1706 г. стала кульмінацыяй баявых дзеянняў у Наваградскім ваяводстве падчас Вялікай Паўночнай вайны.
 
 
У дадатках да кнігі змешчаны шэраг малавядомых дакументаў XVI і XVIII стст., некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.
 
 
Кнігу,што выйшла ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча, можна набыць у найлепшых кнігарнях Мінска і Беларусі, а таксама ў інтэрнэт-крамах.
 
 
Паводле прэс-рэлізу Андрэя Янушкевіча

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: