Выйшаў юбiлейны нумар часопiса «Верасень»

У сядзiбе Таварыства беларускай мовы ў Мiнску 1 ліпеня прэзентавалi 20-ы нумар лiтаратурна-мастацкага часопiса «Верасень». Яго выхадам адзначыўся падвойны юбiлей: 30-годдзе ТБМ i 10-годдзе iснавання часопiса, таварыствам i заснаванага, што нязменна выходзiць пад рэдактарствам паэта, лiтаратара i барда Эдуарда Акулiна.

Дваццаты нумар часопiса — гэта 244 старонкi тэкстаў (з вялiкай, як заўсёды, доляй твораў маладых талентаў) у рубрыках «паэзiя», «проза», «пераклады», «крытыка-публiцыстыка-эсэ». I па традыцыi густоўнае еўрапейскае мастацкае аздабленне, гэтым разам творамi 21-гадовай мазырчанкi Анастасii Чадзiй.

Поруч з маладымi хапае i знаных лiтаратараў — у нумары друкуюцца Вiнцэсь Мудроў (апавяданне «У Вiльнi»), Васiль Дранько-Майсюк (артыкул пра Паўлюка Труса), Эдуард Акулiн (iнтэрв’ю з музыкам Юрыем Несцярэнкам), Алесь Бяляцкi (тэкст да 60-годдзя Анатоля Сыса), Уладзiмiр Сiўчыкаў, Сяргей Чыгрын, Эдуард Дубянецкi. Канцэпцыя часопiса: пераемнасць творчых пакаленняў.

Круглая дата — нагода для ўспамiнаў. I пра тое, як на першы погляд немагчымае робiцца рэчаiснасцю. Як было з «Вераснем», iдэю якога сфармуляваў актывiст ТБМ з Лiды Станiслаў Суднiк, а падтрымаў колiшнi старшыня ТБМ Алег Трусаў. Па словах апошняга, адбылося нешта падобнае да адраджэння Мiрскага замка. Руiны замка некалi Алег Трусаў раскопваў як археолаг, а зараз адроджаны шэдэўр беларускай архiтэктуры — помнiк сусветнай спадчыны ЮНЭСКА i турыстычная Мека. Усё магчымае — калi ёсць воля i вера, рэзюмаваў ён. А волю i веру ў часопiс уклаў Эдуард Акулiн, якi ўзяўся за рэдагаванне з пэўным скепсiсам, але вось ужо 10 год вытрымлiвае i рытм выхаду, i якасную планку публiкацый.
Прысутнiчалi i выступiлi як аўтары тэкстаў, так i сталыя чытачы «Верасня», якiя таксама дзейсна дапамагаюць у пашырэннi часопiса сярод аматараў лiтаратуры. На заканчэнне сустрэчы Эдуард Акулiн праспяваў сваю вядомую песню — «Янка Купала iдзе». 


Адзначым: наклад у 300 асобнiкаў для лiтаратурнага выдання — зусiм не малы для нашай краiны, асаблiва пры наяўнасцi некалькiх канкурэнтаў-перыёдыкаў. Атрымаць «Верасень» можна ў сядзiбе ТБМ на вулiцы Румянцава, 13 у Мiнску. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: