Выйшла новая кніга Алега Грушэцкага. Гэта фэнтэзі на аснове беларускага фальклору

У выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» — фэнтэзі па-беларуску на аснове беларускага фальклору. Аўтар — Алег Грушэцкі. Героі рамана — міфічныя персанажы з беларускай міфалогіі: Цмок, волат Вярнігара, вужалкі, гарцукі, ваўкалакі, багнік, лясун…

Юныя брат і сястра прыязджаюць на летнія вакацыі ў вёску і выпадкова знаходзяць у дзедавай каморы партал, праз які трапляюць у таямнічае каралеўства, што нагадвае беларускае Сярэднявечча, дзе ёсць рыцары, Цмок, міфічныя істоты з беларускіх паданняў. Згодна са старажытнай легендай, юнакам належыць выратаваць каралеўства ад злога караля-чараўніка, які падманам і падступствам захапіў трон.

Юнакоў чакаюць неверагодныя прыгоды, рыцарскія бітвы, барацьба за волю і вызваленне краю ад ненавісных чорных ваўкалаў. Але прыгоды і бітвы, пераадоленне сваіх страхаў і перашкод на працягу казкі са звычайных хлопчыка і дзяўчынкі гартуюць сапраўдных герояў.

Кніга разлічаная на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту і стане выдатным падарункам дзіцяці, каб цікава і з карысцю правесці час на школьных летніх вакацыях. Аформіў выданне таленавіты мастак Віктар Козел («Краіна Вымярэнія»). Набыць кнігу «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» альбо замовіць на Biblio.by і Oz.by. Таксама можна пытаць твор у бібліятэках.

Азнаёміцца з фрагментам кнігі можна тут.

Пра аўтара:

Аўтар кнігі — Алег Грушэцкі. Бацька траіх дзяцей, журналіст, публіцыст, літаратар. Піша вершы, казкі і фэнтэзі на беларускай мове. Лаўрэат шэрагу творчых прэмій. У мінулым — адзін з арганізатараў скаўцкага руху на Беларусі. Удзельнік гісторыка-культурнага таварыства «Талака», першага беларускамоўнага летніка «Грунвальд», нашчадак старажытнага шляхецкага роду. Супрацоўнічае з «Новым Часам».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: