У беларускай музыцы — гэтаксама, як і ў беларускай літаратуры — робіцца да халеры ўсяго цікавага. Пра што 9 мільёнаў, як заўсёды, анічога не чуюць.

Некалі — зусім нядаўна — Беларусь гучала на ўвесь СССР дзякуючы сваёй этнічнай музыцы. Зразумела, што “Сябры” ды “Песняры” нельга параўноўваць з трушным этна, з тым самым Іванам Кірчуком, але ж менавіта сваім “народным” гучаннем брала за душу “Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы; калышыце, люляйце свой напеў векавы” (словы — Ніл Гілевіч).

Сёння большасць беларускіх калектываў, якія маюць у сваім музычным складзе фольк-элемент, цікавыя хіба што заўсёднікам “Камяніцы”. І так, зразумела, што “Расія ўжо не тая”, што цяпер у кожнай з былых савецкіх рэспублік “свой фольк”, і сярэднестатыстычнаму наведніку поп-канцэрта ў Крамлёўскім палацы з’ездаў “Буранаўскія бабулі” будуць цікавейшыя за ўкраінскія ці беларускія этна-гурты менавіта тым, што бабулькі паходзяць з Малапургінскага раёна “вялікай Расіі”, а не з нейкіх там “бандэраўскіх ускрайкаў”. Але вось што цікава: нават з беларускай машыны, стоячы ў заторы ў Мінску, не пачуеш “сваіх”. А ў беларускай музыцы — гэтаксама як і ў беларускай літаратуры — робіцца да халеры ўсяго цікавага. Пра што 9 мільёнаў, як заўсёды, анічога не чуюць.

На музычны калектыў Vuraj, ачолены Сяргеем Доўгушавым, я звярнуў увагу ўжо даўно, але іхнае “Lito” — нешта выбітнае нават для гурта, які ўжо спарадзіў шмат дасканалых інструментальных шэдэўраў. Пачнём з таго, што ўсе вакальныя кампазіцыі ў альбоме з’явіліся па выніках экспедыцый “Вурая” ў беларускае Палессе. Зямлю загадкавую ў тым ліку ўласнай адарванасцю ад “культурнага цэнтра”. На трасе ля Пінска больш указальнікаў на Тураў, чым на Мінск. Гэта абсалютна адасобленая культурна зямля, асабліва на другім беразе Прыпяці. Яны гавораць іншай мовай, яны вераць у іншыя забабоны і спяваюць крышачку іншыя песні. “Lito” “Вурая” збірае гэтыя песні і змяшчае іх у дужа абаяльную музычную абалонку. Але першае, што чапляе вока, — гэта палеская мова. Мацнюткая ў гукавым сэнсе гаворка, якая для беларускага вуха гучыць гэтаксама экзатычна, як каталонская мова для жыхара Мадрыда. Канчаткі, абароты — усё гэта прымушае ўслухоўвацца і ўдумвацца.

Чытайце таксама:

Музычна-музейная ноч (фота)



Я раю пачынаць знаёміцца з альбомам з іканічнай песні “Да дай Божэ цёпле лета”. Яна распачынаецца з жорсткага, “непрычасанага” жаночага харалу (feat. Vytoki). І, як заўсёды ў палескіх вёсках, нягледзячы на тое, што пяюць пра рэчы добрыя і нават у нечым прыемныя (цёплае лета, добры ўраджай, ад якога “калоса спахіліўся”, ды хуткі шлюб сына “ўзяў собі красну дзеўку”), уступ гучыць страшна. Гэта такі гуд беларускай зямлі, ад якога мурашы бягуць па спіне. Бо беларускае шчасце — яно як вось гэтая мелодыя. Хоць “на восень вожэніўся”, але праз два леты нахер спіўся (гэтага ў песні няма, але яе мінорны лад гэта падразумявае). За вакалам ідзе такі нервовы — тыпова “вураеўскі” — рытмак, на які накладаецца струннае адажыа. Гэта абсалютна невызначальна па жанры: гэта гучыць нечым падобным на неакласіку, нечым — на задуменны блюз. Дакладна акрэсліць тое, чым займаецца Доўгушаў, я асабіста не магу, таму што мне не хапае ведаў. Мне падаецца, што ніхто — проста аніхто ў свеце — нічога хаця б аддалена падобнага не рабіў.

І што яшчэ ўражвае — гэта меладычны дыяпазон, бо вось пасля змрочнага нуару “Да дай Боже цёпле лета” ідзе (гэтаксама мінорная) далікатная “Карагодная” — пад яе ўступ можна люляць кацянё, калі тое захварэла. І хай сабе тут усё зноўку зрываецца ў меладычны рык, але ж па-іншаму з беларускім этна ў 2018-м немагчыма. Яно ж беларускае. Пры гэтым у альбоме ёсць кампазіцыі (Lastovka), якія адстаяць ад згаданых дзвюх прыкладна на дыстанцыю “Акіяна Эльзы”. Але ў сукупнасці з нечым прынцыпова новым і шматабяцальным для “Вурая” — выключна інструментальнымі і напісанымі “з нуля”, без этна-складніка кампазіцыямі “Ustup” ды “Lira” — плытка “Вурая” пакідае ўражанне вельмі цэльнага выказвання.

Чытайце таксама:

Энцыклапедыя палесскага жыцця ад гурта Vuraj (відэа)

Альбом “Lito” — успамін пра вандроўку да бабулі ў загадкавую палескую вёску, які прыйшоў у галаву чалавеку, што задумаўся пра сваё ў нью-ёркскай арт-кавярні. Ён з’ехаў даўно, і яму ўжо амаль не баліць за страчаныя краявіды, за спарахнелыя дзедавы вёскі, але штось засталося ўнутры і, бывае загучыць такой невыноснай тугой, якой прасякнутая кампазіцыя “Ой орол, орол, дзе ж ты побував?”. Той беларус, задумаўшыся, заўважыў, як гукі задуменнай музыкі з кафэшных калонак зліліся са спрадвечнымі спевамі беларускай зямлі. І атрымалася гэткая гармонія тутэйшага і нетутэйшага. Зусім нетутэйшага.

Мяне вельмі ўражвае, як адчуванне поўнай культурнай пустыні спалучаецца ў нас з перыядычным з’яўленнем прадуктаў, аўтары якіх ставяць перад сабой задачы, што значна апярэджваюць час. Прычым не наш, беларускі, час, які ёсць пазаўчора Еўропы, а час агульнасусветны. Яны быццам бы адказваюць на пытанні той Беларусі, якой пакуль няма.


“Lito” — музыка не для канцэртаў. Наўрад ці вы захочаце слухаць гэты альбом, несучыся праз ноч па хуткаснай трасе. Але вазьміце яго з сабой у вандроўку, і Радзіма заўсёды будзе побач.

budzma.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-05 17:12:40
Пашукаю, паслухаю Vuraj. А наконт бел музыкі сапраўды нічога для сябе не магу знайсці на ЮТуб. Хіба што Океан Ельзи - Без тебе, Наргиз – Вдвоём і Наргиз - Нежность. Без тебе у меня на МP3 плеере и скоро украинскую мову буду ведаць лепей за сваю родную беларускую, бо мільён разоў чуў Без тебе.

Палескую мову ўпершыню чуў недзе ў 1968 годзе, калі з аднакашнікам прыехалі на вакацыю да яго ў вёску, пару км не даязджаючы да Антопаля. Як толькі прыйшлі Саша стаў размаўляць на тутэйшай мове: падівіцца, кінь і гэтак далей. Дня тры я ўязджаў у тэму: посмотреть, конь. Мова цікавая: 50% украінская, 25% польская, 25% беларуская. Спадзяюся Антопаль нейкае дачыненне па Палесься мае.

Была такая выcтавка "Архитектура США" (1965) во Дворце спорта. Очередь как в мавзолей. І вось мінчукі збіраліся кучкамі ля амерыканскіх беларусаў і беларусак, якія распавядалі па-беларуску пра Амерыку. Мы таялі тады ад невядомай беларускай мовы. Прыгожая беларуска казала з прыгожым палескім говарам.
  • Марыся
  • 2018-11-06 12:20:48
Анатоль, вось тут можаце паслухаць Lito: http://budzma.by/news/vuraj-pradstawlyaye-albom-palyeskikh-pyesyen-lito-awdyyo.html
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-06 13:37:47
Дзякуй. Паслухаю і запішу на свой MP3 плэер. Мне ад дому ў Бронксу да дачкі і ўнукаў на Лонг Айланд ехаць дзве гадзіны ў адзін бок і я часам шмат чаго слухаю пакуль еду да іх і назад - і музыку, і выступы навукоўцаў, і кнігі і інш. Дзякуй, Марыся.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-06 14:03:56
Дзякуй, Марыся.

Каментаваць