Выстава пра міжваенную польскую архітэктуру адкрыецца ў Мінску

30 лістапада 2018 г. а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі) адбудзецца вернісаж выставы «Вечнасць і момант. 1918-1939 — Польшча моцная архітэктурай», якая падрыхтавана Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча, Фондам «Цэнтр Архітэктуры» і Польскім Інстытутам у Мінску.

Назва выставы «Вечнасць і момант» натхнёная прамовай Леха Немаеўскага (1894-1952), вядомага польскага архітэктара, прапагандыста мадэрнізму, а таксама пільнага даследчыка польскай старажытнай архітэктуры. Словы Немаеўскага трапна акрэсліваюць патэнцыял і стабільнасць незалежнай Другой Польскай Рэспублікі, а таксама той кароткі перыяд, калі ўвасаблялася амбіцыйнае бачанне сучаснай, дынамічнай дзяржавы.

Высокая планка польскай архітэктуры перыяду 1918-1939 гг. — гэта не толькі інавацыйныя, высокатэхналагічныя будынкі, але і ўнікальная рэкламная стратэгія, якая выкарыстоўвала макеты, фотаздымкі і фотамантаж. Выбар аб’ектаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца падсумаваннем спосабаў прэзентацыі дзяржавы, адроджанай пасля 123 гадоў няволі, з гледзішча мадэрнісцкай архітэктуры. Бо нельга казаць аб архітэктуры міжваеннага дваццацігоддзя без яе фатаграфічнай дакументацыі, выкананай найлепшымі польскімі фатографамі. Будаўнічае мастацтва не існуе без урбаністыкі, а добрая ўрбаністыка — гэта, у сваю чаргу, сучасная эканоміка. Сабраныя ў экспазіцыі прыклады толькі ў некаторай ступені даюць уяўленне пра архітэктурную тапаграфію Другой Польскай Рэспублікі, і гэта ўсяго некалькі кропак на густа запоўненай архімапе. Уверцюра да сімфоніі наватарскіх ідэй і паспяхова рэалізаваных далёкасяжных планаў.

У дзень адкрыцця выставы спецыяльны госць Міхал Пшчулкоўскі, прафесар Акадэміі мастацтваў у Гданську, прачытае лекцыю пра польскую архітэктуру на Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць