Як адзначыла ўкладальніца спецыяльнага каталога твораў майстра Вольга Каваленка, мастацкая спадчына Мікалая Рыгоравіча Залознага (1925–1982), жывапісца магутнага тэмпераменту і каларыстычнага дару, — яркая старонка ў гісторыі беларускага жывапісу. Ягоны творчы шлях быў нядоўгім і драматычным — усяго 20 гадоў. “Але і за гэты нядоўгі перыяд ён змог напісаць творы, якія ўзбагацілі айчынную мастацкую культуру, садзейнічалі стылістычнаму і ідэйнаму абнаўленню беларускага мастацтва 1960–1970-х гадоў”, — падкрэсліла Вольга Каваленка.
Па словах генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзіміра Пракапцова, выстава твораў мастака і цудоўнага педагога Мікалая Залознага — выбітная падзея ў жыцці ачоленай ім установы. “Прайшлі ўжо дзясяткі гадоў, але такое адчуванне, што ён толькі ўчора пісаў свае творы. Гэта значная падзея, бо гэты чалавек унёс вялікі ўклад у гісторыю мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Таму я хачу падзякаваць дочкам мастака Жанне Літвіне і Наталлі Залознай, якія прадаставілі творы Мікалая Залознага з калекцыі сям’і, а таксама Беларускаму саюзу мастакоў, нашым супрацоўнікам музея, якія рабілі гэтую выставу. Гэта памяць нашаму славутаму нацыянальнаму дзеячу, мастаку, педагогу і грамадзяніну”, — адзначыў Уладзімір Пракапцоў.
“Сёння сапраўды вялікае свята для мастакоў і для ўсіх прыхільнікаў прыгожага, — сказаў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Бо імя Мікалая Залознага ва ўсіх не толькі на слыху, але і ў памяці… Калі мы бачым карціну “Макі”, створаную ў 1968 годзе, то такое адчуванне, што гэта зроблена сёння, і зроблена на вышэйшым мастацкім узроўні. Гэта яшчэ раз паказвае, што калі чалавек адораны Госпадам Богам як мастак, ён застаецца мастаком у любых варунках мастаком. І якую б тэматыку не ўвасабляў у сваіх палотнах, ён застаецца творцам, вартым захаплення і памяці пакаленняў”.
Дачка Мікалая Залознага, былая старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адзначыла жыццесцвярджальнасць карцін яе бацькі. “Самое ягонае жыццё было з пакутамі, з болем і завяршылася яно вельмі драматычнай падзеяй. І мала хто ведае, што сам Залозны ў сем гадоў апынуўся ў дзіцячым доме разам са сваімі двума братамі. Гэта былі трыццатыя гады, галадамор, іх бацьку саслалі ў Сібір, маці памерла ад сухотаў. У 1945 Мікалай Залозны трапіў у войска і, як потым узгадваў, прайшоў пешшу палову Еўропы. Гэта і вызваленне Аўстрыі, вызваленне Прагі. У яго няма вайсковых рэгаліяў, узнагародаў. Яму потым задавалі пытанне: а колькі вы фрыцаў знішчылі? І я помню абсалютна сумленны бацькаў адказ: ёсць каманда — страляй, я заплюшчу вочы і страляю. У ягоных карцінах вайна таксама знайшла адлюстраванне, але не ў нейкіх батальных сцэнах, але праз шчымлівыя твары жанчын”, — падкрэсліла Жанна Літвіна.
Яна шчыра падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі выставы Мікалая Залознага. З Бельгіі на імпрэзу прыехала і малодшая дачка майстра, таксама вядомая ў свеце мастачка Наталля Залозная з мужам — мастаком Ігарам Цішыным і сынам Мацеем Цішыным, дарэчы, адзіным унукам Мікалая Залознага (на фота).
Выстава твораў Мікалая Залознага ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працягнецца да 11 студзеня 2016 года.