З 30 кастрычніка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка «Незабыўны маэстра»

Выстаўка падрыхтаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага дырыжора, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1964) Іосіфа Самуілавіча Абраміса.
Нарадзіўся 29 кастрычніка 1918 года ў Мінску. Вучыўся ігры на валторне ў Мінскай ваенна-музыканцкай школе і ў Мінскім музычным тэхнікуме (зараз — Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. Глінкі) ў класе Я. Сцягеннага. Падчас навучання працаваў у аркестры БДТ-1 (зараз — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) і ўдзельнічаў у спектаклях як акцёр міманса.

20 чэрвеня 1941 года скончыў як валтарніст Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (зараз — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Творчыя планы — атрымаць спецыяльнасць дырыжора-сімфаніста — давялося адкласці. Цяжкія гады вайны Іосіф Самуілавіч прайшоў байцом-сувязістам, апошнія месяцы — музычным кіраўніком. Быў узнагароджаны медалямі і ордэнам Чырвонай Зоркі.

На працягу 40 гадоў яго творчы лёс быў звязаны з Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі (зараз — Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета), куды Іосіф Абраміс прыйшоў ў 1936 годзе як артыст аркестра, пазней працаваў хормайстрам, адначасова працягваючы навучанне ў кансерваторыі ў класе аркестравага дырыжыравання Р. Рубінштэйна. У 1951 годзе атрымаў кваліфікацыю дырыжора. Амаль тры дзесяцігоддзі Іосіф Абраміс стаяў за пультам Опернага тэатра. За гэты час адбылося 37 прэм’ерных пастановак, сярод якіх оперы “У пушчах Палесся” А. Багатырова, “Марынка” Р. Пукста, “Князь Ігар” А. Барадзіна, “Русалка” А. Даргамыжскага, “Баль-маскарад”, “Аіда”, “Атэла” Дж. Вердзі, балеты “Спячая прыгажуня” П. Чайкоўскага, “Спартак” А. Хачатурана і іншыя.

З 1959 года Іосіф Абраміс выкладаў на кафедры аркестравага дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. За чвэрць стагоддзя Іосіф Самуілавіч падрыхтаваў больш за трыццаць дырыжораў, сярод якіх народныя артысты Беларусі М. Казінец, Л. Іваноў, М. Фінберг, а таксама В. Воліч, В. Валатковіч, А. Сасноўскі.
У 1979 годзе Іосіфа Абраміса запрасілі ўзначаліць аркестр Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. За тры гады ён прыкметна падняў агульную музычную культуру тэатра і прыняў удзел у пастаноўцы спектакляў, якія па праву лічацца візітнай карткай тэатра: “Несцерка” Р. Суруса (1979) і “Лятучая мыш” І. Штрауса (1981).
На выстаўцы будуць прадстаўлены афішы, фотаздымкі, нотныя рукапісы, асабістыя рэчы дырыжора.


Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!