З сонечнай Італіі — у снежны Мінск

Сёння, 12 снежня а 17 гадзіне адбудзецца адкрыццё ўнікальнай выставы скульптур.

Аўтарская некамерцыйная канцэптуальная галерэя “Брама” і яе нязменны кіраўнік Ларыса Фінкельштэйн адкрываюць у галерэі “Універсітэт культуры” выставу “Дыялог скульптур. Чырвонае. Чорнае. Італьянскі экзэрсыс”.

“Брама” — найстарэйшая ў Беларусі прыватная галерэя, якая у гэтым годзе адзначыла сваё 25-годдзе, не мае ўласных памяшканняў. Але пры гэтым добрым дзясяткам экспазіцый на год даводзіць: і ў Беларусі можна ствараць цуды ў галерэйна-выставачнай працы, калі дзяржава не моцна перашкаджае.

Мантаж экспазіцыі ў Мінску

Кожны раз паказы “Брамы” — увасабленне пэўнай эстэтычнай канцэпцыі. Гэтым разам — супастаўленне пластыкі і фактуры аб’ёмных аб’ектаў у тэкстылі і метале. Да такога падыходу Ларыса Фінкельштэйн, першай у краіне, набліжалася з 1988 года, калі ўпершыню сабрала творы “адарванай” у прастору ад сцяны тэкстыльнай пластыкі у выставе “Эксперыментальны тэкстыль”. Тады “Брама” яшчэ фармальна не існавала.

Экспазіцыя ў Балоньі

У 2012-м удалося падбіць мастакоў на мазгавы штурм, зрабіць пленэр у дворыку Палаца мастацтваў — “Метафары і метамарфозы”. На наступны год пленэр паўтарылі, назваўшы “Гульні з дажджом”. Цяпер ужо ўсе творы былі скульптурай.

Мантаж экспазіцыі ў Мінску


Трэці пленэр, “Снежнае лета” (2014 ) — стаўся спробай зрабіць скульптурнасць тэкстылю яшчэ больш пераканаўчай, каб ён прамаўляў формай, фактурай, лініяй контураў, дзеля чаго было прапанавала пакінуць толькі адзін колер, белы. Дадаліся замежныя віртуальныя ўдзельнікі (Чылі, Польшча, Расія), працы якіх паказваліся ў слайд-шоў.

Нават тое, што арганізатараў тады не пусцілі ў Палац мастацтваў, пайшло на карысць: адчыніўшыся ў Смалявічах, з выставай “Брама” аб’ехала музеі ўсіх абласных цэнтраў. Знікла боязь перамяшчацца ў прасторы, і таму IV пленэр, “Размовы ў зялёных” (2015, адпаведна манахромныя работы вытрыманы ў зялёных танах) адбываўся ў Славакіі, у горадзе Спішска-Нова-Вес. Вярнуўшыся ў Беларусь, выстава зноў наведала ўсе беларускія мастацкія музеі і фінішавала ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі.

Мантаж экспазіцыі ў Мінску

У гэтым годзе “Брама” правяла V юбілейны пленэр — “Дыялог скульптур. Італьянскі экзерсіс” (Чырвонае/Чорнае) у Балоньі, у Італіі, у жніўні-верасні, у галерэі “Артэбо”. Тэкстыльная скульптура падрасла, пасталела, і вырашыла паразмаўляць са сваімі калегамі, скульптурай з металу. Чырвонае — з чорным. А беларускія мастакі — з мастакамі італьянскімі. Так гаспадыня галерэі пацвердзіла: выхад добрага беларускага мастацтва на міжнародную сцэну — зусім не абавязкова прэрэгатыва дзяржаўных праектаў.

Экспазіцыя ў Мінску

Вярнуўшыся з Італіі, экспазіцыя крыху змянілася: складанасці транспарціроўкі (якія збольшага дапамог вырашыць Цэнтр “Сардзінія” ў Мінску) змусілі замяніць працы з металу італьянскіх скульптараў работамі беларускіх мастакоў. Але канцэпцыя засталася. Засталіся і два скульптары-металісты, беларусы, якія выстаўляліся і ў Італіі: Яўген Дабравольскі і Мікалай Дробыш. Да іх работ дадаліся скульптуры з металу Леаніда Рыжкоўскага, Віктара Копача, Васіля Васільева з Віцебску, і нават “тэкстыльшчыка” Таццяны Козік, якая натхнілася на працу ў метале. А тэкстыльныя творы наўпрост пераехалі з Балоньі ў Мінск.  Што з гэтага атрымалася —   можна зараз пабачыць у галерэі “Універсітэт культуры”.

Экспазіцыя ў Балоньі

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: