З верай у цуд

Кнігі бываюць двух тыпаў: добрыя і дрэнныя. І як выключэнне з правілаў існуе трэці тып — гэта калі раскрыеш том, а там цэлы сусвет. Дык вось, «Планктон» Міхася Зізюка (Мінск, Галіяфы, 2017) — якраз падобнае прыемнае выключэнне.

У кнізе — сусвет партрэтаў сучаснага беларуса, галерэя вобразаў, яны паўстаюць са старонак і ідуць, ідуць, ідуць шыхтом… Плачуць і смяюцца, радуюцца і злуюць, кахаюць і ненавідзяць, і часцей за ўсё енчаць ад пакутаў. Бо пакутаваць — гэта нацыянальная рыса беларуса. Перад чытачом паўстаюць звычайныя чалавечыя гісторыі здрады і кахання, пошуку шчасця і расчаравання, усё вакол гэтак па-чалавечы, што нездарма ў першай аповесці зборніка ўяўна праглядаецца пошук Бога.

Шукаць Бога — гэтаксама нашае нацыянальнае, і героі ў свядомым і несвядомым пошуку часцяком спыняюцца перад выбарам, ад якога залежыць не толькі вынік пошуку, але і тое, ці застануцца яны людзьмі.

Героі кнігі — звычайныя людзі. Яны не мараць пра тое, каб уратаваць свет, не маюць дзяржаўных узнагарод, не атрымліваюць ганаровых грамат, іх здымкі не вісяць на дошках гонару. Іх жыццё праўдзівае, кожны па-свойму ўспрымае свет. Але яны здольныя на значныя ўчынкі, здольныя перайначыць свет на ўласны густ і выйсці пераможцам.

Праз прызму твораў праглядаецца аналіз сённяшняга жыцця, часам можна і натхніцца, і схамянуцца. Калі разглядаць тэму пакутніцтва, то часам яно крыецца ва ўнутраным матыве шукаць справядлівасць — і нідзе яе не знаходзіць («Сцяна»). Пракаветныя пакуты заўжды ёсць у адносінах чалавека да ўласнага лёсу. Хтосьці скараецца, а хтосьці змагаецца з конам — і, пэўна, выйграе, трапляючы часам з агню ў полымя, чытай: у не меней складаную сітуацыю («Кароль Капайла і яго атачэнне»). Пакутніцтва, між іншым, ёсць і ў выніках стаўлення чалавека да прыроды («Мурзікава дарога»). І выпадае ж часам так, што ў добрага чалавека ўсе беды і суцэльнае гора хаваюцца выключна ў адсутнасці кахання ў жыцці. Варта каханню ўзнікнуць, як свет калі не заззяе ружовым святлом, дык адмыслова напоўніцца шчасцем («Дождж на Іллю»).

З чытацкага гледзішча заўвага бадай адна: каркас аповесцяў мае лінейную структуру — усюды. Нават там-сям ход сюжэту можа падацца ў чымсьці прадказальным. Але гэта не загана, а аўтарская манера напісання. Што не спадабалася — «Хата з аканіцамі». Але тут ужо мая цалкам суб’ектыўная пазіцыя чытача. Аповесць наўпрост прасякнутая палескім забабоннем. Каб яе зразумець, трэба пажыць на Палессі, і пры жаданні набрыняць тамтэйшым акультызмам (ну, альбо не набрыняць). Але ж, даравальна аўтару, герой аповесці ў пошуку паратунку звяртаецца да Бога, бо толькі Госпад можа разбурыць кайданы помраку.

Здаецца, няпроста кніжка выйшла да 50-годдзя аўтара. Тут вынік творчасці Міхася Зізюка і зацемкі на далейшае. Нельга не пагадніцца з прадмовай Андрэя Федарэнкі: у літаратуру сапраўды прыйшоў цікавы пісьменнік, якому ёсць што сказаць, у якога ўласная пазіцыя і бачанне жыцця. Дарэчы, з займальнымі сюжэтамі і надзвычай прыстойнай мовай. Вельмі станоўчы момант: аўтар — вялікі аматар прыроды. Недзе даводзілася чытаць, што ў сучаснай літаратуры апісанняў прыроды бракуе. Міхась Зізюк шчодра кампенсуе гэтую хібу ўдалымі нарысамі.

Калі казаць пра мэтавую чытацкую аўдыторыю, то гэтая кніга — на любы густ. Аматары прыроды знойдуць тут сваё, прыгодаў — сваё. А вось, напрыклад, падлеткам можна параіць аповесць «Мурзікава дарога». Увогуле, зборнік атрымаўся шматгранным, і ў тым яго паэтычнасць. Кніга мяне як чытача парадавала і захапіла. Здаецца, чытаеш — і недзе быццам гля­дзіш у люстэрка, пазнаеш сябе і блізкіх.

Галоўная думка кнігі: ці ёсць у беларусаў будучыня? Па ўсім вынікае, ёсць. Але якой якасці — залежыць ад кожнага паасобку, і самае важнае тут — не губляць надзею. Аўтар імкнецца ўзбадзёрыць чытача, надаць аптымізму. Здаецца, па мерках сённяшняга меркантыльнага часу эгаістаў, нявер’я і амаль усеагульнай распусты, у творах часам прысутнічае пэўны фантастычны складнік. І гэту фантастыку па-іншаму мянуюць верай у цуд. Тое, чаго нашаму чалавеку сёння так бракуе. І ўслед за аўтарам хочацца натхніцца, набрацца няўтрымнага аптымізму, веры і надзеі, бо заўсёды так: «Зіма зменіцца вясною. Ізноў прыйдзе лета, запяе рознымі галасамі, закувае зязюляю, каб засведчыць: жыццё ідзе, жыццё працягваецца».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: