За буслом паляцець і ўсё зразумець — новы кліп гурта Dzieciuki

Песня гурта «Dzieciuki» «Калі над лугам бусел праляцеў» увойдзе ў новы альбом «Радыё «Harodnia»».



Гурт «Dzieciuki» прэзентуе на TuzinFM кліп на песню «Калі над лугам бусел праляцеў». Відэа зняў нямецкі рэжысёр Роберт Экштайн у маленькай польскай вёсцы, якая знаходзіцца на памежжы Літвы і Беларусі.

Кліп на песню «Калі над лугам бусел праляцеў» — працяг супрацы нямецкага рэжысёра і гарадзенскай фольк-панк-фармацыі. Роберт зацікавіўся музыкай «Дзецюкоў», калі здымаў у Беларусі фільм пра беларускую субкультуру. У якасці падарунку неўзабаве ён зняў відэа да іх песні «Эпілог».

Гэтым разам ён таксама выступіў ініцыятарам здымак разам з аператарам Клеменсам Юркам.

Рэжысёр кажа, што яму вельмі спадабалася новая песня гарадзенцаў на верш Алеся Чобата, і з’явілася ідэя, як яе візуалізаваць, ён напісаў музыкам — і яны вызначылі дзень і месца здымак.

«Здымалі ў маленькай польскай вёсцы Чарна Бухта, якая знаходзіцца на памежжы Польшчы, Літвы і Беларусі. У гэтай вёсцы жывуць двое нашых польскіх сяброў — музыкі з гурта No Logo. Там вельмі блізка да беларускай мяжы, а найбліжэйшы памежны пераход — Друскенікі», — распавёў TuzinFM вакаліст гурта Алесь Дзянісаў.

На галоўную ролю паклікалі сябру гурта Пётрыка Дудановіча, які ладзіць «Дзецюкам» канцэрты ў Польшчы. У гэтым відэа таксама можна ўбачыць новага ўдзельніка гурта — Уладзіслава Берната, які прыйшоў замест ранейшага вакаліста Пашы Трабла.

Песня «Калі над лугам бусел праляцеў» увойдзе ў новы альбом «Радыё “Harodnia”», прэзентацыя якога адбудзецца на пачатку верасня на партале TuzinFM.


Dzieciuki — Калі над лугам бусел праляцеў (рэжысёр — Роберт Экштайн)


Паводле tuzinfm.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!