Забыцца памерці

Яна перажыла ўсіх са свайго пакалення. З пакалення наступнага — пляменнікаў, дзяцей свае сястры. Страціла памяць. Але памятае вершы, якія вучыла ў дзяцінстве.


Сукенка

Вельмі прыгожая. Цёмна-барвовы, з чорнымі паскамі трыкатаж. А яшчэ — з люрэксам. Так называлі ў вёсках бліскучыя ніткі. Мець такую ў сямідзясятыя гады было вялікім шыкам. У крамах такіх не было. Затое жылі яшчэ ў нашым краі краўчыхі з польскіх часоў, якія валодалі сваім майстэрствам дасканала. Не проста адзенне шылі, а мастацкія ўзоры тварылі. Матэрыял з-за мяжы даставалі: з блізкае-далёкае Польшчы, з Масквы, а часам — з Амерыкі.

Гаспадыня сукенкі — пані доктарава. Прыгожая кабета, якая ніколі не дазволіла сабе з хаты выйсці, належна не выстраіўшыся. Была, ды і засталася, узорам беларускае жаночае шляхетнасці.

Гэтая сукенка Ларысы Антонаўны Геніюш у Гудзеўскім музеі.


Куфар

Драўляны, з металёвымі акаймоўкамі. Выразна відаць літары — АК. Ініцыялы паненкі на выданні, куды збіраўся пасаг. Для будучае сямейкі, для шчасця.

Не магу без болю глядзець на яго, бо ўсплывае тое, чаго не было, чаго не магло быць. Куфар АК не мог трапіць у ягоны дом. Хоць ён так кахаў яе! Верыцца, што было тое ўзаемна. Але хто ён? «Бедны студэнт, сухотнік. Не пара маёй пляменніцы!» — вырашыла цётка-апякунка. І куфар трапіў у дом іншага, шчаслівага абранніка.

Прайшло больш за сто гадоў. Людзі памятаюць яе, бо яна — ягонае каханне. І той куфар сёння ў ягоным доме.

Куфар Ганны Какуевай у Музеі Максіма Багдановіча.


Забыцца памерці

Яна перажыла ўсіх са свайго пакалення. З пакалення наступнага — пляменнікаў, дзяцей свае сястры. Страціла памяць. Але памятае вершы, якія вучыла ў дзяцінстве.

Не пра яе гэта: «Ён ведае так мала, каб памерці, // І гэтак многа ведае, каб жыць». Яна забылася, што паміраць трэба.

Яе блакітныя вочы напоўнены туманам. Яны глядзяць не на свет. Позірк увесьчасна сплывае некуды ў глыбі́ні, дзе нельга адшукаць сэнсу. Вочы быццам становяцца вадою, што некуды сплывае. Мо ў мінулае, мо ў будучыню, якое тут, у гэтым жыцці, у яе больш няма.

Да болю шкада яе, і тых, хто побач.

Не дай Божа забыцца памерці.


Здымак

Яна магла бясконца ўглядацца ў твары, вочы гэтых незвычайна прыгожых маладых людзей. Двое мужчынаў і адна дзяўчына. І тады, калі атрымала гэты водгук з далёкае, даваеннае пары, і пазней, калі ўжо ведала, як пераблытаў лёс іхнія шляхі, як перакруціў, пераплёў, завязаўшы ў вузел, каб ураз жа яго і рассекчы. Яна не проста глядзела, а імкнулася дайсці: пра што яны думаюць цяпер, што было перад тым, калі фатограф выхапіў гэтае імгненне, і што было пасля. Хто падаў ёй руку, хто і што сказаў ёй — адзінай паненцы між гэтых прыгожых хлопцаў? Цікавілі звычайныя жаночыя пытанні: якога колеру яе цёмная сукенка з белым карункавым каўнерыкам, што быў заколаты пасярэдзіне брошкай з пярлінавымі вочкамі? І завушніцы таксама з пярлінкамі. Хто так прыгожа ўклаў каронаю вакол галоўкі яе шыкоўныя валасы, якія туфлікі на яе ножках?

Ад самага пачатку дакладна ведала толькі імя жанчыны — Гелена. Была тая стрыечнай бабулінай сястрой аднакласніцы, ад якое і атрымала здымак: «Ты збіраеш даўняе, відаць, табе будзе цікава». Яшчэ як цікава! Здымкі тае пары ў яе Шчонаве лічаныя, дзясятка не набярэцца. А тут такі якасны, выразны, зроблены няйначай прафесіяналам. Дзе зроблены? Ніякага надпісу, ні рамачкі ці хоць якога знаку нямашака.

Нат прозвішча аднакласніца не назвала, бо сваячка бабулі была па кудзелі. То і згубілася яно, у той даўняй кудзелі заблытаўшыся. Сям’я Гелены з’ехала ў сярэдзіне трыццатых гадоў не­дзе пад Баранавічы, дзе бацька служыў эканомам у пана. Яна тады ўжо не ў Шчонаве жыла, замуж кудысьці выйшаўшы. Гэта было ўсё, пра што даведалася. Аднакласніцы хапала таго, што імя бабулі і дзеда памятала. Глыбейшае яе не цікавіла.

З пяці не заўсёды надзейных крыніцаў, шчонаўскіх доўгажыхарак, толькі апошняя, цётка Волька Харанджукова, да якой даехала ў Наваградак, пазнала, хто справа ля Гелены:

— Дык гэта ж яе мужык, Костусь Сасімовічаў. О, яго то я добра памятаю, хоць малая тады была, бо ён да мае старэйшае сястры спачатку заляцаўся, спадзяваліся бацькі, што замуж возьме… А той, як Гэлю ўгледзеў, то на Агату нашу і не глянуў болей. Надто харошая тая Гэля была. Шмат хто на яе заглядаўся... Сасімовічы прыязджалі на Спаса да сваякоў у Шчонава, на гуляні Костусь яе і ўпадабаў. А ішоў да Агаты…

Адразу згадала: шэкспіраўскі сюжэт па-шчонаўску: Рамэо забывае Разаліну, угледзеўшы Джульету... Даведалася, што сям’я Гелены жыла ў сядзібе на ўскрайку Захомаў, недалёкага ад Шчонава лесу. Бацька яе Пахалінскі, у тутэйшага пана Ждана эканомам працаваў. Замуж за Костуся пайшла ў фальварак за Цырынам. Аўдавеўшы, адна ўсё жыццё пражыла, з сынам. Той быў ажаніўся, развёўся, сын у яго быў. Не ведала цётка Волька, дзе той сын, Гэлін унук, бо радні блізкае ў нашых ваколіцах не засталося. Згубіўся след…

— Хто думаў тады, як Агату Костусь пакінуў, што на добрае гэта выйдзе. Бо забілі Костуся на вайне, а яе мужыка нат не паранілі. Хоць таксама на вайну быў узяты…

Вось жа, адзін з мужчынаў на здымку, той, што справа, Канстанцін Адамавіч Сасімовіч, муж Гелены. Загінуў ва Усходняй Прусіі 25 кастрычніка 1944 года. Адкуль такія дакладныя звесткі? З кнігі «Памяць» іхняга раёна.

Падавалася б, дастаткова даведалася, каб адкласці гэты здымак, супакоіцца і пакінуць у спакоі тых, каго ўжо даўно няма. Але спакою не было. Ёй чамусьці вельмі хацелася ведаць, хто быў трэці, што звязвала гэтых людзей. Але ніхто з старэйшага пакалення таго маладога хлопца не прызнаў. Ужо і надзею страціла. На сваёй стужцы яшчэ раней стварыла суполку «З даўнейшага». Многія туды заглядвалі. Знаёмыя і незнаёмыя. Выкладала здымкі. Каб лепей было зразумела, хто ёсць хто, падпісвала не толькі прозвішчы, імёны, але і мянушкі. Любіла шчонаўскія мянушкі. Па-рознаму яны гучалі. То ласкава — Леснічок, Чорненькі, то грубавата — Корч, то са смяшынкай — Чубко, то ганарова — Ахвіцэр, Пасэсар, Барын.

Апошняя мянушка якраз і дапамагла разгадаць, хто трэці на здымку. Як аказалася, зусім не таго чалавека за Барына прымала. На трох здымках той быў. Ды вось адгукнуўся аднойчы незнаёмы мужчына:

— Вы часам згадваеце мянушку майго дзеда Міхася — Барын. Ведаю, што так нас называлі. Ад бабулі пра гэта чуў. Але гэта не той чалавек, якога Вы пазначаеце. Той, мой дзед, іншы, на Вашым здымку таксама ёсць. Мяне ў гонар яго Міхасём назвалі. Праўда, на радню бацькаву я не падобны. Па маме я.

І пазначае — каго б Вы думалі!? — таго трэцяга мужчыну з ёйнага здымка, што поруч з Геленай. Гэта было так неспадзявана! З маладзейшага пакалення мала хто мянушкі шчонаўскія ведае, мала хто і здымкі даўнейшыя ма́е. Таму гэта падалося ёй праўдзівым цудам: знайшоўся згублены для шчонаўскае грамады чалавек усяго з трэцяга пакалення. Так параскіданыя яе шчонаўцы па свеце! І знайшоўся не дзесьці за марамі-акіянамі, а ў не такім і далёкім Санкт-Пецярбурзе. Каранямі сваімі цікавіцца, здымкі беражэ. Праўда, да Шчонава ні разу так і не даехаў. Даслаў ён здымкі сваіх дзядулі (так, гэта той, трэці), бабулі. І бабуля ягоная, жонка Міхася Барына Аксіння, з Геленаю знаёмая была, сябравалі, на вяселлі іхнім з сваім мужам будучым пазнаёмілася. Перад вайною пабраліся. Таксама, як і Гелена, мужа страціўшы, разам з сынам жыццё пражыла. На старасці забраў ён яе ў Санкт-Пецярбург. Адтуль з Геленаю стэлефаноўваліся часам, перапісваліся, здымкі адна адной дасылалі. Сыноў сваіх, унукаў. І тыя здымкі даслаў таксама…

Там яна і ўгледзела тое, што не давала ёй спакою. Папрасіла спадара Міхася звесці яе з унукам Гелены, адрас даць, бо не прызнаваў той сацыяльныя сеткі. Напісаў яму, дазволу папрасіў, даслаў адрас...

Яна сутрэлася з Кастусём Сасімовічам, унукам Гелены і Кастуся, мінулым летам у Райцы, недалёкім ад Шчонава мястэчку, на Спаса, парафіяльным свяце. Не тое, што баялася гэтае сутрэчы. Не, проста не ведала, ці можна паведаміць яму пра іх сямейную таямніцу, якая адкрылася ёй, чужой кабеце, праз столькі гадоў. Напачатку яны абодва, унук Сасімовіча і ўнук Барына, прыехаць меркавалі. Але і гэтым разам даехаць на Радзіму бацькоў апошняму не выпала.

Калі яна хвалявалася і мусіла нешта хаваць, то гаварыла шмат, адводзячы ад галоўнага, адцягваючы час. Так і гэтым разам. Расказвала пра сваю кнігу, пра ягоных сваякоў, блізкіх і далёкіх, сувязі з якімі ён не меў, пра даўняе Шчонава і самотнае цяперашняе вёскі. Пасля свята яны збіраліся туды паехаць. Вырашыла, што скажа яму (калі ўсё ж асмеліцца) там. Глядзела ў ягоныя вочы, высокі, адкрыты твар, хвалістыя валасы. І бачыла ў ім таго, іншага, што не вярнуўся з вайны. Баялася загаварыцца і назваць яго Міхасём. Было ніякавата. Мужчына (а яны ж так любяць, каб слухалі іх), не надта імкнуўся падтрымаць размову. У нейкі момант ёй падалося: ён ведае, што яна хавае. Такім праніклівым быў ягоны пагляд. Яна змоўкла.

— Хочаце ведаць, што сказала мне бабуля Гелена перад смерцю?

Пытанне прагучала вельмі нечакана. Яна яшчэ нічога пра іх не сказала, баялася загаварыць пра Гелену, Кастуся, Міхася... Ён разумеў, што пытаць пра гэта было лішнім. Быццам выпрабоўваў яе.

— Вы ж хочаце назваць мяне Міхасём?

Гэта ўжо было занадта! Ён што — чытае яе думкі?

Гаварыць пачаў не так, як яна. Без хвалявання, стрымана:

— Бабуля глядзела на мяне вельмі ўважліва. Прыблізна як Вы зараз. А яшчэ з такою любоўю і пяшчотай, як на мяне не глядзеў ніхто і ніколі. Прамовіла: «Міхасю...» Калі я памкнуўся пратэставаць, думаючы, што яна трызніць, бо я ж яе ўнук, Кастусь, яна сказала: «Ты ўнук Міхася Барына». І пачала гаварыць хутка. Пра Міхася, якога кахала ўсё жыццё. Пра тое, што толькі з ім звязвала свае надзеі на замужжа, шчасце. А сябра ягоны, Кастусь, так яе ўпадабаў, што сватоў той жа восенню прыслаў. І бацькі адразу пагадзіліся: багаты быў, фальварак меў, ды і хлопец прыгожы, добры. Нічога не скажаш. Яна і не сказала нічога. Хто б яе слухаў? Бацькі вырашалі. За гонар ім было мець такога зяця. Як пабегла вечарам пасля таго сватання на спатканне да Міхася. Як рвалася на часткі яе сэрца. Як ён суцяшаў яе... І як сталася... Як страшна было ёй сказаць Кастусю пра той смяротны грэх. Ды ўсё ж сказала, ведаючы, што добры ён, не пракляне, не выдасць яе на ганьбаванне, што мо адмовіцца ад шлюбу. Не адмовіўся. Доўга маўчаў. Сказаў, што даруе, бо кахае. Але запатрабаваў ад яе клятвы, што будзе вернай яму ўсё жыццё. Стрымала клятву. Ні за кога не выйшла, удавою застаўшыся. Засталася вернай свайму Кастусю. І Міхасю. «І ты, унучак, даруй...»

Змоўк на хвіліну. Спытаў:

— Вы дзеля гэтага прасілі мяне прыехаць?

— ...І каб пра здымак распытаць...

— Гэты? — Ён дастаў з свайго кейса канверт, у які быў укла­дзены той жа здымак, у які яна бясконца ўглядалася. Яна ўжо не здзіўлялася...

— На Спаса быў зроблены. Калі Кастусь упершыню маю бабулю ўгледзеў. Фатографа з Наваградка запрашалі, у школе здымкі рабіў.

— Мо ведаеце, якога колеру была сукенка пані Гелены?

Задумаўся:

— Не, не памятаю, каб бабуля пра гэта казала. Тады ж, перад смерцю, здымак гэты мне аддала. Казала, што вельмі няёмка ёй было сядзець між імі. Бачыла, што Кастусь захапіўся ёю. Міхась іх і пазнаёміў...

Яны вырашылі пайсці да Шчонава пешшу. Шляхам, якім хадзілі Гелена, Міхась, а таксама яе бабуля Волька і той, каго кахала ды за каго не выйшла...

А хто той, каго яна як Барына ўспрымала? Ніхто ўжо, пэўна, не падкажа…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!