Захаваем самастойны статус музея Максіма Багдановіча!

«Арт Сядзіба» сумесна з першым у краіне сэрвісам анлайн-зваротаў у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь «Zvarot.by» далучаецца да кампаніі супраць рэарганізацыі Дзяржаўнай установы «Літаратурны музей Максіма Багдановіча».



Дырэктар музея Таццяна Шэляговічпаведаміла, што неўзабаве адбудуцца змены ў статусе музея:

«Музей Максіма Багдановіча страціць статус музея, ён стане філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэта адбудзецца, калі Савет Міністраў прыме пастанову аб рэарганізацыі музейнай сферы».

Пасля прыняцця гэтага рашэння музей Максіма Багдановіча перастане быць юрыдычнай асобай, супрацоўнікам будзе дадзены пэўны час, каб прывесці ўсе справы ў парадак і перайсці на новыя рэйкі.

Многія вядомыя беларускія пісьменнікі, у тым ліку Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, выказваюць занепакоенасць ды нязгоду з рэарганізацыяй. Кажуць, што гэта можа прывесці да самых прыкрых наступстваў для будынка музея.

Прыцягнуць увагу да лёсу музея Максіма Багдановіча пісьменнікі і грамадскія актывісты спрабуюць літаратурнымі чытаннямі каля яго будынка.

bahdanovicha musej-0800

«Арт Сядзіба» сумесна з рэсурсам «Zvarot.by» вырашылі далучыцца да кампаніі ў аборону музея Максіма Багдановіча і запускаюць на сайце artsiadziba.by сэрвіс-старонку «Анлайн-зварот».

Праз гэты сэрвіс кожны жадаючы можа ўжо зараз адправіць падрыхтаваны зварот аб спыненні дзеянняў, накіраваных на рэарганізацыю музея Максіма Багдановіча ў Міністэрства культуры і Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Патрэбна толькі запоўніць неабходныя палі формы і націснуць «адаслаць». Зварот прыйдзе на электронныя адрасы Міністэрства культуры і Савета Міністраў.


zvarot.by

Zvarot.by —  гэта першы ў краіне сэрвіс анлайн-зваротаў у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь. Яго база налічвае больш за 600 дзяржаўных органаў па ўсёй краіне. Тут змешчаны органы ЖКГ, міліцыі, адукацыі, аховы здароўя і інш. Формы, праз якія адбываецца сувязь з дзяржаўнымі органамі, адпавядаюць патрабаванням да зваротаў, якія прадугледжаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».

Сэрвіс таксама задавальняе патрэбы ініцыятыўных груп і арганізацый, скіраваных на падтрымку грамадскіх інтарэсаў праз распрацоўку і прасоўванне кампаній анлайн-зваротаў. Кампаніі дазваляюць аб’яднаць намаганні грамадскасці ў вырашэнні запатрабаваных і важных пытанняў.

10 студзеня ў «Арт Сядзібе» ў межах кампаніі супраць рэарганізацыі Дзяржаўнай установы «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» пройдзе літаратурна-музычная імпрэза, у якой прымуць удзел актыўныя ўдзельнікі кампаніі, вядомыя літаратары і музыкі.

На мерапрыемстве выступяць прадстаўнікі рэсурса «Zvarot.by», якія прэзентуюць сэрвіс, распавядуць пра яго працу ды магчымасці, а таксама падзеляцца прамежкавымі статыстычнымі вынікамі кампаніі.

Запланаваная музычная частка з акустычным выступам гурта «Hurma». Пачатак мерапрыемства ў 18.00.

Адрас: Інструментальны завулак, д. 6, оф. 105 (1 паверх). Метро «Парк Чалюскінцаў», па бул. Талбухіна, налева на вул. Мяржынскага, направа на зав. Інструментальны.

artsiadziba.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!