Загадкавае фотаатэлье ў беларускім мястэчку

На платформе праектаў Talaka.by ідзе збор сродкаў на выданне новага гісторыка-прыгодніцкага рамана Людмілы Рублеўскай «Дагератып».
Аўтарка стварыла дэкадансны твор, калі дзеянне плаўна перацякае з сучаснасці ў гістарычнае мінулае, прытым два зрэзы ў часе непарыўна звязаныя між сабою.

Гісторыя, апісаная ў рамане, пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з'язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць загадкавыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотастудыі ў правінцыйным беларускім мястэчку, прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem — здымках нябожчыкаў, вымушаныя адправіцца ў экспедыцыю, каб зафіксаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы… Далей пачынаюцца папросту неверагодныя, містычныя падзеі.

                         *****

Усё новае ў гэтым свеце здавалася падазроным.

Таму навіной, трохі небяспечнай і амаль неверагоднай, сталася ў мястэчку N фотаатэлье пана Вараксы Ніхеля і ягонай дачкі Багуславы.

Як усё, што змяняе жыццё, гэтыя асобы з’явіліся проста і нечакана.

Прыехаў, валюхаючыся, заляпаны гразёй экіпаж, нагружаны абцерханымі куфрамі. На мокрую брукаванку ступіў спадар у светла-шэрым касцюме-тройцы, капелюшы і круглых акулярах у тонкай жалезнай аправе. Падкруціў акуратныя пасівелыя вусы, ацаніў краявіды Наўя і тэатральна развёў рукамі:

– Натуральнасць і шчырасць! Я проста прагну адлюстраваць гэтыя рамантычныя лужыны і платы, хлявы і хлебадайныя лаўкі з дапамогай свайго апарату! Сусветная гісторыя не даруе, калі я гэтага не зраблю, таму мы застаемся, дарагая мая Багута!
(…)
Так у мястэчка на берагах звілістай рачулкі Наўкі, якая ніколі не гайдала на сваіх кволых хвалях ні ганарыстую купецкую ладдзю, ні баявы карабель з каляровым ветразем, прыйшоў Вялікі Прагрэс у выглядзе фатаграфічнага мастацтва.

Не тое, каб месцічы не бачылі ніколі фотакартак – але былі яны справай дарагой, загадкавай, мала каму дасяжнай. У сем’ях мясцовай арыстакратыі побач з фамільным посудам захоўваліся даўнейшыя дагератыпы – срэбныя пласцінкі з цьмянымі выявамі бацькоў і дзядуляў. А фотакарткі на шчыльным кардоне, з віньеткамі і абрэзанымі зубчыкамі краямі мелі толькі тыя, хто выязджаў у Вільню, Варшаву, Менск ці Санкт-Пецярбург.
Ці трэба казаць, што напачатку пазычаць сваё аблічча таемнаму дэману з чорнай скрынкі пана Ніхеля баяліся нават прагрэсіўныя насельнікі горада N. У кожнага ў памяці сядзелі аповеды пра скрадзены след і праткнуты спіцай адбітак у лужыне.

Але паступова ў двухпавярховы зялёны будынак насупраць пажарнай часткі, у дзверы пад шыльдай “Фотаатэлье. Пан Ніхель і К*” завітвала ўсё больш месцічаў. Найчасцей замаўлялі сямейныя партрэты – з іх напружана пазіралі чапурыстыя матроны ў капотах і каптурах, мужчыны ў пінжаках і кашулях з накрухмаленымі каўнерамі, дзеці ў гімназічнай форме. Ну і, вядома, маладажоны, гордыя той светлай прышласцю, якой яшчэ не займелі і наўрад будуць мець – круглатварыя нявесты ў карункавых капелюшах, жаніхі з вялікімі далонямі ў цесных пальчатках, цяжкімі сківіцамі і глыбока пасаджанымі вачыма, здрадліва блакітнымі, як тутэйшае неба.

Пасля таго, як пана Ніхеля запрасілі ўвекавечыць гарадскую раду на чале з бурмістрам на фоне грандыёзнай будоўлі заводу па апрацоўцы драўніны па нямецкай тэхналогіі – адкрыццё таго заводу ў хуткім часе мусіла праславіць мястэчка N на ўсю імперыю, – паставіць на сервант фотаздымак з уласным абліччам стала не менш ганарова, чым выпісваць газету.

Сям’я Ніхеляў заняла ў горадзе прыблізна такое месца, як у афрыканскім племені ведзьмакі. Ніхто не спрабаваў іх закідаць камянямі, але запрасіць на гарбату ці папрасіць адрас краўца, які так зграбна пашыў касцюм пана Вараксы Ніхеля, нікому б у галаву не прыйшло. Ну хіба суседу-краўцу Навуму Гурэвічу, у якога шылі касцюмы і паліто нават бургамістр і паліцмайстар. Але ж гэта пан Гурэвіч, які нават пані бурмістрыху можа змусіць чакаць у чарзе, пакуль здымае мерку з булачніцы Манькі, бо вакол булачніцы, як вядома, за хвілю не абыдзеш.

Некаторыя асабліва нервовыя паненкі ўскрыквалі і страчвалі прытомнасць ад выбуху магнэзіі, якім суправаджаўся кожны здымак. Праўда, гэтак жа яны рэагавалі на магнетычныя сеансы італьянскага гастралёра, прыхільніка вучэння Месмера, спірытычныя сеансы таўсманнай егіпецкай жрыцы праездам з Мелітопаля, а таксама на навальніцы, гарматныя стрэлы ў дзень тэзаімяніцтва ягонай імператарскай вялікасці і ўсмешку маладога чарнавусага і буйначубага пана Адальфа Мянчынскага.

Менавіта з-за такога стаўлення, якое рабіла прыхадняў з фотакамерай адначасова і выбранцамі, і ізгоямі, ніхто асабліва не абураўся недзявочымі паводзінамі панны Багуславы, якая дапамагала бацьку ў ягонай таямнічай справе звыкла і спрытна, а часам бацька перадавяраў ёй увесь працэс. А як Ніхелі ў пакоі без вокнаў з дапамогай смярдзючых рэактываў, хімікаліяў ды варажбы пераносілі адбіткі са шкляных бром-жэлацінавых пласцінаў на паперу, добрапрыстойныя месцічы нават ведаць не хацелі. Хіба што непаўналетнія насельнікі горада N распавядалі адзін аднаму страшныя гісторыі пра свае вылазкі ў пракляты дом – у гісторыях абавязкова прысутнічалі безгаловыя прывіды і зачараваныя скарбы, ды бедная ўдава Параска, якая зарабляла сабе на жыццё прыслугоўваннем ды самую крышку шаптаннем на ваду, распавядала пра пякельны смурод, які даносіўся з сутарэнняў фатаграфічнага дому. Да таго ж часцяком у тонкіх пальцах панны Багуславы бачылі і такі д’ябальскі прадмет, як тонкія доўгія цыгарэткі – дагэтуль у горадзе толькі старая пані судзейская курыла, праўда, не цыгарэты, а люльку з чорнага дрэва, што засталася ў спадчыну ад нябожчыка-мужа.

Усё мужчынскае насельніцтва горада N пагаджалася, што фатаграфічная паненка прыгожая. Але й пасля трох куфляў добрага піва з Ёселевай карчмы ніхто, нават пан Адальф Мянчынскі, не наважыўся б падысці да панны Ніхель з куртуазнымі намерамі.

Асабліва калі яна прагульвалася па мясцовых могілках…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: