Залатая восень мастацкiх выстаў

Надышло доўгачаканае бабiна лета – а з iм пачалася цэлая чародка цiкавых мастацiх выставачных праектаў. У выходныя 19-20 кастрычнiка 2019 г. раiм чытачам звярнуць увагу на наступныя экспазiцыi.

Выстава "Прастора ў скульптуры"

Выстава "Прастора ў скульптуры"

Найперш – Цэнтр сучасных мастацтваў на Някрасава, 3. Апошнiя днi працуе какнцэптуальная выстава «Прастора ў скульптуры», зладжаная самым дасведчаным мiнскiм галерыстам Ларысай Фiнкельштэйн з галерэi «Брама». У розных матэрыялах – метале, шкле, дрэве, тэкстылi, керамiцы – 25 аўтараў паказалi свае эксперыменты з аб’ёмам, сiлуэтам, фактурай, дасягаючы цiкавых выразных эфектаў, музычнасцi i рытмiчнасцi формы. Таму невыпадкова прасторавая iнсталяцыя ў пачатку экспазiцыi выдатнай «металiсткi» Марыi Тарлецкай i называецца «Любоў да «Любовi да вiяланчэлi».


Тамсама на Някрасава – скандальная выстава «Прысутнасць» (з 3 кастрычнiка па 11 лiстапада), дзе свае iнсталяцыi прадставiлi 5 мастакоў на тэму «разнастайных праяў крызiсу ў сучасным свеце». Наўрад цi
выстаўленыя аб’екты прыцягнулi б увагу публiкi навiзной цi мастацкасцю, каб не праведзены на адкрыццi 3 кастрычнiка адным з аўтараў, Аляксеем Кузьмiчом, хэпенiнг. Пакрыўджаны уяўнай цэнзурай ягонай iнсталяцыяй з боку гаспадароў пляцоўкi, ён выйшаў да гасцей вернiсажа аголены, з павешанай на прычыннае месца таблiчкай «Мiнiстэрства культуры Беларусi», i дэклараваў, што ў гэтым месцы – НЦСМ – няма свабоды творчасцi i мастацкага выказвання. Запiс падзеi адразу зрабiўся вiрусным у iнтэрнэце (глядзiце тут). Насуперак канфлiкту, выстава працуе. Больш за тое, у беларускiм Прэс Клубе (вул.Харужэй, 3, ауд.601) 22 кастрычнiка ў 18.30 адбудзецца адкрытая дыскусiя з удзелам Аляксея Кузьмiча i экспертаў на
тэму «Як мастакам абаранiцца ад цэнзуры».


У iншым памяшканнi НЦСМ на пр.Незалежнасцi, 47 працягваецца шыкоўная выстава «(Не)сучаснае мастацтва» Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча, пра якую мы ўжо пiсалi. Паралельна з ёй у iншых залах экспануецца не менш займальны праект нашага суайчыннiка з Нямеччыны Аляксандра Салiвончыка «Straßenbahn 11» – «трамвай нумар 11». Гэта – палотны на тэму недасканаласцi свету, зробленыя з замалёвак у розны час сутак у маршруце трамвая, якi iдзе праз увесь Франкфурт-на-Майне. Праўда жыцця сродкамi жывапiсу.

Цэнтр мастацтваў iмя Ротка з Даўгаўпiлсу, вельмi рэспектабельная пляцоўка  ў Латвii, якая апошнiмi гадамi прапануе розным мiнскiм музеям творы сучасных латыскiх майстроў, гэтым разам супрацоўнiчае з галерэяй
Савiцкага (пл.Свабоды, 15). Па 17 лiстапада там можна бачыць карцiны прызнанага мэтра латыскага жывапiсу Анiты Мельдэрэ – праект «Летнiя аповеды». Пераважна краявiды, выкананыя шырокiм мазком пэндзля ў
сакавiтай, яркай каларыстыцы. Але беларускiм аматарам прыгожага больш цiкавай будзе экспазiцыя да 100-годдзя Мiнскай гiмназii-каледжа мастацтваў «Арт-выпуск» (па 3 лiстапала прадстаўлена ў суседнiх залах). Тут можна бачыць работы «усяго цвету» выпускнiкоў установы, якiя i зараз з’яўляюцца тварам беларускакга мастацкага працэсу. Такой моцнай i цiкавай экспазiцыi мiнскiя галерэi даўно не бачылi. Скажам, «Восеньскi салон з «Белгазпрамбанкам», якi адчынiўся на Казлова, 3 (Палац мастацтваў) 17 кастрычнiка, на фоне «Арт-выпуска» выглядае не пераканаўча.

Нарэшце, знаны каларыст i эксрпэсiянiст, колiшнi старшыня Саюза мастакоў, Мiкалай Бушчык прадстаўляе свае апошнiя работы ў галерэi «Арт Хаос» (метро «Усход», 1 паверх гандлёвага цэнтра «Дана Молл»). Да яго работ прыцягвае ўвагу не толькi нядаўняя спрэчка мастака з кiраўнiцтвам Мастацкага музея на тэму выставачнай палiтыкi апошняга, што выплеснулася на старонкi прэсы. Але i вiдавочная эстэтычная якасць самiх твораў.


Жанчынам будзе асаблiва цiкавы праект «Модны вернiсаж» у Музеi кiно (вул.Свердлова, 4), дзе мастры-дызайнеры з Беларусi, Рaсii, Украiны, Iзраiля, Швецыi дэманструюць вытанчаныя аксэсуары жаночых убораў.


На выставе "Модны вернісаж"

На выставе "Модны вернісаж"

Жадаем чытачам прыемнага прагляду новых экспазiцый.

Фота аўтара і плакаты выстаў

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!