«Занавес апускаецца». У Оперным тэатры працягваюцца звальненні

З Вялікага тэатра па-ранейшаму звальняюць артыстаў і музыкаў, піша «Народная Воля».

Вялікі тэатр скончыў сезон, і трэба было б праводзіць яго апладысментамі і падзякамі трупе. Тым больш, што два апошнія спектаклі ў ліпеньскай афішы — доўгачаканая прэм'ера оперы Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле рамана У. Караткевіча. А вось сэрца нешта не радуецца, гаворыцца ў артыкуле «Народная Волі»... Творчыя поспехі? Вядома, яны ёсць. І пісалі пра іх, і будзем яшчэ пісаць. Але ж з тэатра па-ранейшаму звальняюць артыстаў і музыкаў. Прычым, нягледзячы на рангі. Народнаму артысту Уладзіміру Пятрову не працягнулі кантракт. І гэта пасля серыі бенефісных спектакляў у гонар яго падвойнага юбілею — асабістага і творчага! Так, спявак: не малады. Але тое, як гучыць яго барытон, і тое, як цудоўна выглядае Уладзімір Генадзевіч, дае яму, па-мойму, права на сцэну Вялікага тэатра. Але…

Але цяпер у тэатры дзьмуць вятры палітычныя, шквальныя. Аляксандр Лукашэнка падчас свайго візіту ў Оперны сказаў зусім недвухсэнсоўна: ён не забыў пра восеньскія выступленні артыстаў супраць гвалту. Ён не даруе гэтага нікому і ніколі. А асабліва інтэлігенцыі. Пратэсныя настроі будуць пакараныя. І вось мэтр Уладзімір Пятроў губляе працу. Праўда, без публічнага скандалу: проста скончыўся кантракт.

Як проста... І гэта пасля бенефісу, калі яму спявалі дыфірамбы.

Ну, на фоне мэтра Пятрова звальненне канцэртмайстра хору Вялікага тэатра Івана Цітова не атрымала гучнага рэзанансу. Распавядаюць, што ён хадзіў па горадзе ў масцы з нацыянальнай сімволікай. І гэта не засталося незаўважаным. Яго пакаралі штрафам. Але гэтага мала! Бо ў яго расійскі пашпарт, то чалавека проста пазбавілі права знаходжання ў нашай краіне. Цітоў аўтаматычна страціў працу і, услед за гэтым, арэндную кватэру. І вось сям'я з двума дзецьмі і цяжарнай жонкай паехала шукаць прытулку ў Расіі. Сказаць, што людзі знаходзяцца ў шоку, — гэта нічога не сказаць.

Думаю, што чыстка кадраў у Вялікім будзе працягнутая. Мне здаецца, агульны настрой у трупе цяпер вельмі падушаны. Артысты зняважаныя. Напалоханыя. Здаецца, менавіта гэтага і дамагаўся Аляксандр Лукашэнка, калі прамаўляў са сцэны Вялікага 3 ліпеня. Творчасць? Божа мой, цяпер гэта не цікавіць ўладу зусім! «Нешта там новае паставіў Елізар'еў? Ці, можа, яшчэ паставіць?» Менавіта ў такім даволі грэблівым тоне гаварылася пра праслаўленага на ўвесь свет мастацкага кіраўніка... Думаю, вынікі не прымусяць сябе чакаць. Занавес апускаецца, — падсумоўвае аўтар «НВ».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: