Жанчыны БНР: экстрым, каханне і супраца са спецслужбамі

На большасці фота ўрадоўцаў БНР вы не ўбачыце жанчынаў. Ніводнай. Здаецца, гэта была выключна пацанская тусоўка. Ці так было насамрэч? Магчыма, жанчыны не толькі ўдзельнічалі ў стварэнні нашай дзяржавы 100 гадоў таму, але часам нават бралі на сябе найбольш адказныя абавязкі.
Па-першае, рэаліі стогадовай даўніны сапраўды моцна адрозніваюцца ад нашых сённяшніх. Жанчына калі і магла займаць вядучую пасаду, дык толькі дзякуючы паходжанню, будучы каралевай, баранэсай, землеўладальніцай — як тая ж мецэнатка Магдалена Радзівіл, якая фундавала безліч беларускіх праектаў.

А што, калі ты жанчына, хочаш нешта зрабіць для грамадства, але не маеш грошай, нерухомасці і тытулу? Тады табе варта ісці ў асвету, літаратуру альбо ў тэрарызм і партызанку. Жанчыны, якія адзначыліся ў беларускім руху пачатку ХХ стгоддзя і ў БНР, акурат пацвярджаюць такі расклад. Разгледзім некалькі найбольш характэрных партрэтаў.

Палута Бадунова — фурыя БНР


Эсэрка, якая кантактавала з Леніным, асветніца, сябра Рады і Народнага сакратарыята БНР, каханка Тамаша Грыба. Гэтая жанчына сапраўды магла стаць гераіняй для беларускіх феміністак, бо ламала стэрэатыпы пра жаночую ролю ў палітыцы і грамадскім жыцці. У дадатак, асоба эмацыйная і непрадказальная.

Яе гісторыя — яшчэ і гісторыя няўдалага кахання. Палута была закаханая ў Тамаша Грыба, нават падпісвалася «Бадунова-Грыб», хоць сам Тамаш меў іншае меркаванне пра іх стасункі: не адкідаў канчаткова, але перавагу аддаваў іншай — Паўліне Мядзёлцы. Палута ладзіла суперніцы скандалы, а ахоўнікі польскай турмы, дзе трымалі Грыба, не маглі разабрацца, хто ж яго нявеста — на гэтую ролю прэтэндавалі абедзве дамы...

Урэшце ў Палуты пачалося псіхічнае захворванне, неўзабаве яна вярнулася ў БССР з эміграцыі, дзе ўсё скончылася прадказальна: 1938-ы, расстрэл.

Паўліна Мядзёлка — femme fatale БНР


Гэтую німфу беларускага руху сёння памятаюць найперш праз Янку Купалу. Менавіта яна грала ў першых пастановах «Паўлінкі» яшчэ да рэвалюцыі, калі класік лез да прыгажуні са словамі: «Вы ненатуральна цалуецеся на сцэне, давайце пакажу!..» Яе сёння часам вінавацяць у смерці Купалы, маўляў, у Маскву, у той пракляты гатэль у 1942-м, ён паехаў менавіта да яе, Паўлінкі, а яна аказалася ўсяго толькі «салодкай пасткай» савецкіх спецслужбаў. Але пакінем гэта ў раздзеле фантазіяў і дадумак.

Насамрэч Паўліна вельмі шмат зрабіла ў грамадскім сектары і асвеце: займалася пацярпелымі ад Першай сусветнай і школьніцтвам, а ў 1920-я ўзялася за беларускія гімназіі ў Дзвінску і Рызе разам з «тусоўкай» Езавітава. З канца 1920-х — у БССР, пасля — у Ленінградзе. Яна праходзіла па справе «Саюза вызвалення Беларусі», была сасланая, але... выжыла. У паваенны час нават напісала мемуары «Сцежкамі жыцця» — жудасна цэнзураваныя, праўда. Нават яе колішні каханы Тамаш Грыб там апісаны ў чорных фарбах.

Усё гэта — гісторыя з Купалам, працай у Латвіі пад крылом савецкага консульства, нетыпова доўгае для «нацдэма» жыццё (памерла ў 1974-м) — дае некаторым падставы лічыць Паўліну агентам... Не будзем кідацца пустымі абвінавачваннямі, мы гэтага не ведаем. Але ведаем яе як неймаверна актыўную і прыгожую femme fatale эпохі БНР.

Вера Маслоўская — валькірыя БНР


Падчас Першай сусветнай Вера займалася арганізацыяй беларускага школьніцтва на Беласточчыне, якое немцы зрабілі легальным. Пасля — рэвалюцыя, БНР, няспраўджаная мара пра сваю дзяржаву... Роднае Падляшша, населенае беларусамі, аказалася ў складзе Польшчы. Што рабіць? Канечне, арганізоўваць там партызанку.

Фантастычна, але менавіта жанчына ўзначаліла падпольны антыпольскі рух на Беласточчыне ў 1920-я па даручэнні ковенскага ўраду БНР Ластоўскага. Яна ж у выніку стала адным з ключавых фігурантаў гучнага «Працэсу 45-ці» ў Беластоку ў 1923-м: палякі да яе ўсё ж дабраліся і далі шэсць гадоў турмы. Гады зняволення красуня адбывала ў турмах Беластока і Варшавы.

Далей — цікавей. З прыходам саветаў у 1939-м яна пераязджае на Ваўкавышчыну, дзе займаецца школьніцтвам. Прыходзяць немцы — яна зноў займаецца беларускай школай. Вяртаюцца саветы — яна працягвае займацца тым самым. Проста «тэрмінатрыкс» ад беларускай асветы. Ад 1950-х яна жыве ў савецкай Польшчы, у Супраслі, дзе і памірае ажно... у 1981-м.

Зоська Верас — «жорсткі дыск» БНР


Неймаверная жанчына, якая пражыла амаль 100 гадоў і ўсё жыццё прысвяціла беларушчыне. Нарадзіўшыся ў шляхецкай сям’і ва Украіне і толькі пасля з сям’ёй пераехаўшы ў Беларусь, яна ад 17 гадоў працавала на гэтай ніве: гурток беларускай мовы ў Гродне яшчэ да рэвалюцыі, супраца з «Нашай Нівай», «Беларуская хатка» ў Мінску, дапамога пацярпелым ад вайны, а ў 1920-я — апякунства зняволенымі палякамі вязнямі-патрыётамі ў віленскіх Лукішках.

Яна ўвесь час нешта пісала і рэдагавала, пры гэтым цікавілася... пчалярствам і батанікай. Першыя крокі пчалярства па-беларуску — яе заслуга. Першы батанічны беларускі слоўнік — таксама за ёй. У паваенны час, за саветамі, жанчына сыходзіць ва «ўнутраную эміграцыю», але з пачаткам адлігі робіцца сапраўдным ланцужком паміж двума пакаленнямі беларускай інтэлігенцыі. Яна ўсё памятае і не баіцца пра гэта казаць. Да яе, у «лясную хатку» пад Вільняй, ездзяць Барадулін, Купава, Мальдзіс і шмат хто іншы.

Нібы «жорсткі дыск», Зоська зберагла і перадала неймаверна важнае пасланне з часоў БНР, якое беларусы мелі атрымаць і асэнсаваць, каб пачаць свой новы этап, будуючы незалежную краіну. А яшчэ Зоська Верас — неймаверна прыгожая жанчына, хоць найчасцей у друку мы бачым фота старэнькай бабулі. Зірніце на партрэты маладой Зоські Верас часоў БНР і «беларускай вясны», яна сапраўды фантастычная!

P.S.

Час ідзе, свет навокал змяняецца. Сімвалічна, што з 1997 года Урад БНР на эміграцыі ўзначальвае менавіта жанчына, Івонка Сурвіла. Няхай сёння гэта ўжо не тая адказнасць і не крыж, як 100 гадоў таму, але няхай такі стан рэчаў будзе сімвалічнай падзякай няўрымслівым, фантастычным і прыгожым жанчынам, якія так шмат зрабілі для нашай незалежнасці, абіраючы для сябе фармальна другасныя, але ад таго не менш складаныя і важныя ролі.

Алесь Кіркевіч, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!