Жанчыны вызначаюць усё?

У Мінску ў «Артсядзібе» 7 лютага прайшла сустрэча з самым папулярным польскім гісторыкам-эсэістам сучаснасці Славамірам Коперам. Беларусам ён мусіць быць цікавы хоць бы з нагоды адной з яго лепшых кніжак — «Жанчыны ў жыцці Міцкевіча».

А прыехаўшы ўпершыню ў Мінск, аўтар прэзентаваў беларускі пераклад чарговага бестселера — «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай». Выдалі кнігу «Галіяфы».

Па вызначэнні выдаўцоў, у кнізе «прыгожая эпоха, інтэлігентныя і прыгожыя жанчыны прадстаюць перад намі з усімі сваімі сумненнямі і цяжкасцямі, аўтар адкрыта піша аб іх фінансавых пытаннях, пачуццёвых праблемах, сэксуальнай арыентацыі».

Крэда Славаміра Копера — прачытанне гісторыі праз забытыя і на першы погляд неістотныя, але цікавыя падзеі, праз чалавечыя дачыненні, штодзённае і прыватнае жыццё. Тое, што губляецца ў «афіцыйных» гістарычных манаграфіях. Тады, мяркуе ён, і гістарычны кантэкст, і літаратурныя творы робяцца нашмат больш зразумелымі — і жывымі.

Скажам, колькі жанчын было ў Адама Міцкевіча? Аўтар налічыў 20, прычым не толькі тых, якіх звыкла клічуць паэтычнымі музамі. А чаму «правадыр нацыі» Юзаф Пілсудскі паўсёдна пікірваўся з іншым знаным палітыкам Другой Рэчы Паспалітай, Раманам Дмоўскім? Агульнае каханне! І спачатку Дмоўскі меў перавагу, але рашучую «перамогу ў вайне» атрымаў Пілсудскі, ажаніўшыся з Марыяй Юшкевіч з Вільні.

Зноў-такі Пілсудскі. Напаўзабыты факт: як і расійскія сацыялісты, іх польскія калегі ў 1900-я гады папаўнялі партыйную касу «эксамі», нападамі на транспарт з банкаўскімі грашыма.  У 1908 годзе на станцыі Безданы пад Вільняй Пілсудскі «ўзяў» цягнік з касай у 200 тысяч рублёў (з другой спробы — з-за памылак нападнікаў). Цікава, што дапамагалі будучаму лідару нацыі… чатыры (!) будучыя (па чарзе) прэм’ер-міністры Другой Рэчы Паспалітай.

Асаблівая тэма аўтара — жанчыны. Вось узор варшаўскага досціпу міжваеннага часу — пра мясцовага слыннага журналіста. Варшавякі казалі — той пан не напіша ніводнага артыкула, калі ў жонкі дома няспраўны тэлефон. Бо няма як параіцца ў працэсе працы…

Зрэшты, Копер піша не толькі пра жанчын і гісторыю ХХ стагоддзя. Адна кніжка — пра майстроў футбола Еўропы. Некалькі — пра цікавосткі старажытнага свету, Рым і Грэцыю. Яшчэ – пра каралеўскую дынастыю Пястаў. Уявіце — агульны наклад яго кніг дасягнуў сёння 800 тысяч экзэмпляраў! Яшчэ ён журналіст, каментатар, папулярны тэлевядоўца, аўтар сур’ёзнай «Gazety Wyborczej».

Копер дбайна працуе з архівамі і мемуарамі. Але піша лёгка і займальна. Аўтар лічыць: кніга не павінна быць перагружанай навуковым апаратам на кожнай старонцы — што адцягвае ад прыемнага чытання. З-за гэтага прынцыпу Копер меў нават судовы працэс, папраўдзе, «развязаны палюбоўна». Адна з «крыніц» пакрыўдзілася, што на яе не было дакладнай спасылкі — на старонку цытаты. Толькі згадка ў бібліяграфіі напрыканцы выдання. З таго часу Копер дае спасылкі лічбамі ў дужках пры кожнай цытаце, але бібліяграфія — пад лічбамі — усё роўна выносіцца на апошнія старонкі.

Копер, кавалер знака «За заслугі перад польскай культурай» (2015) і ордэна Срэбны Крыжа Заслугі (ад прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага ў 2013), яшчэ раз хутка наведае беларускую сталіцу. Візіт адбудзецца ў сувязі з чарговай і юбілейнай XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставай-кірмашом, якая стартуе 28 лютага (пр. Пераможцаў, 14, працуе па 4 сакавіка). Чытачы маюць магчымасць набыць кнігу з аўтографам самога Славаміра Копера.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!