«Жаніцьба Цярэшкі»: магія беларускага секс-сімвалу

Калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі» — даўнішняя забава моладзі, вядомая са старажытных часоў. Яе аўтэнтычны варыянт быў прадстаўлены ў клубе «Грай» гасцямі з Лепельшчыны ў рамках чарговай сустрэчы грамадскай ініцыятывы «Спеўны сход з Сяржуком Доўгушавым».

Пра сутнасць гэтай гульні і яе мэты мы папрасілі распавесці ініцыятара праекту, кіраўніка гурта «Vuraj» Сяржука Доўгушава: «Каляды яшчэ не скончыліся, таму мы працягваем святочную тэматыку «Спеўнага сходу», прысвечаную менавіта калядным ігрышчам. Наша мэта — навучыць маладых людзей спяваць песні, які суправаджаюць «Жаніцьбу Цярэшкі». Палову праграмы сходу мы будзем вучыцца спяваць, а другая палова — сам абрад. У правядзенні абраду нам дапамогуць госці з Лепельшчыны, дзе нкаторы год праводзіцца гэтае фальклорнае свята. Сярод іх фалькларыст Вольга Маханенка з сябрамі і сяброўкамі, якія ведаюць усе песні, маюць вялікі вопыт у правядзенні абраду і будуць кіраваць усім працэсам».


Спадарыня Вольга Маханенка дадала да слоў Сяржука іншыя цікавыя факты з гісторыі  «Жаніцьбы Цярэшкі»:

«Гэты абрад вядомы на нашых тэрыторыях з часоў Полацкага княства, калі ён быў упершыню зафіксаваны ў пісьмовых крыніцах. Па звестках фалькларыстаў, «Жаніцьба Цярэшкі» была пашырана ў межах цяперашняй Віцебскай вобласці. Што датычыцца нашага Лепельскага раёна, то абрад захаваўся на ўзроўні бытавой традыцыі. Да цяперашняга часу ў нашых вёсках збіраецца моладзь па вялікіх хатах ці клубе, каб жаніць Цярэшку.


Цярэшка — гэта такі міфалагічны сімвал продка, які спрыяў каханню маладых, злучаў маладых. У мінулым ён «драўляны хлопчык», які з’явіўся ў бяздзетных бацькоў. У сучаснай інтэрпрэтацыі — гэта малады і гожы хлопец, як цяпер кажуць, секс-сімвал, які прыходзіць на свята, каб выбраць сабе каханую для шлюбу.

На «Жаніцьбу Цярэшкі» дзяўчаты прыносілі калядныя пачастункі — кілбасы і вяндліну, хлопцы — пітны мёд ці гарэлку. Абавязкова выбіралі Маці і Бацьку, і з дапамогай гэтых персанажаў моладзь пачынала знаёміцца паміж сабой. Калі пашукаць метафару «Жаніцьбе Цярэшкі», то можна было б, з вялікай доляй упэўненасці, назваць яе «паганскай дыскатэкай» з абрадавымі прыпеўкамі, якія азначалі прыязнь альбо непрыязнь («Ой, бяда, бяда, далі мне старога дзяда!») адзін да аднаго. Свята ў сацыяльным плане было, так бы мовіць, «несапраўдным вяселлем», падрыхтоўкай да сапраўднага шлюбу.

Гэтае свята мы сёння прадставім і развучым разам са сталічнай моладдзю. З намі будуць нашыя сябры — народны майстар Галіна Жураўлёва, якая прадстаўляе публіцы мастацтва выцінанкі. Яна будзе выконваць ролю Маці. Таццяна Бехерава будзе дапамагаць у развучванні танцаў. Чацвёрты наш удзельнік — уладальнік эка-аграсядзібы Віктар Труфанаў, будзе нам дапамагаць ствараць святочную атмасферу. Для нас абрад «Жаніцьба Цярэшкі» — частка нашай нацыянальнай спадчыны, бо з гэтымі мелодыямі мы нарадзіліся, яны ў нас у сэрцы і іх мы хочам перадаць гэты скарб нашым дзецям».

Утульныя і з дызайнерскім густам аформленыя залы кафэ-клуба «Грай» ледзь змясцілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у абрадзе. І вось, здаецца, усе ў зборы! Гэта сігнал для Сяржука Доўгушава пачынаць «распеўкі». Вакальныя практыкаванні, якія прапанаваў Сяржук для ўдзельнікаў «Спеўнага сходу», паспрыялі ўзнёсламу настрою публікі на ўдзел у старажытным абрадзе. Нават тыя з наведвальнікаў, хто ўпершыню завітаў на «Спеўны сход Сяржуком Доўгушавым», «загарэліся» жаданнем хутчэй акунуцца ў святочную атмасферу абраду.

І вось Сяржук Доўгушаў і Вольга Маханенка запрашаюць моладзь у суседнюю залу клуба, дзе планавалася «жаніць Цярэшку». Пасля абрання Маці і Бацькі, з прыпеўкамі і скокамі пад гарачую мелодыю «Лявоніхі», пачынаецца сватанне да сваіх суджаных. Іх бласлаўляюць Маці і Бацька:

Кацілася калясо з клеці,

Ой, жывіце харашо, дзеці.

Не буцеся, не сварыцеся

Цёмна стане — спаць кладзіцеся.

Пасля таго, як моладзь знайшла сабе пару, распачаліся карагоды, танцы, гульні і гумарыстычныя сцэнкі з удзелам камічнага Дзеда, які таксама хукае сабе маладую нявесту. І сапраўды, гарадская моладзь, шмат хто з іх перад пачаткам «Спеўнага сходу» не «вылазіў» са сваіх смартфонаў, забыліся на свае гаджэты і ў святочнай віхуры танцаў і гульняў знаёміліся і выказвалі адзін аднаму сімпатыі. Асабліва падчас гульняў з пацалункамі абраннікаў «Вішанька»…

Ну дакладна, як было закладзена сэнсам старажытнага абраду «Жаніцьба Цярэшкі». Безумоўна, атмасфера, якая панавала ў клубе, шчырыя пачуцці людзей, асабліва маладых, з упэўненасцю можна было б ахарактарызаваць адным словам: магія!

Фота Паўла Аксіновіча


Каментаваць