Запрашаем на выставу Эрыка Ліпіньскага з калекцыі варшаўскага Музея карыкатуры

У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» з 4 па 18 сакавіка можна будзе наведаць выставу «Эрык Ліпіньскі — Карыкатура» з калекцыі варшаўскага Музея карыкатуры.

4 сакавіка а 18-й гадзіне ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Эрык Ліпіньскі — Карыкатура» з калекцыі варшаўскага Музея карыкатуры (Польшча), арганізаванай сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску.

Ганаровы госць вернісажу — дырэктар Варшаўскага музея карыкатуры Эльжбета Ласкоўска.

Эрык Ліпіньскі (12.07.1908 — 27.09.1991) — аўтар плакатаў, кніжных ілюстрацый, карыкатурыст, сатырык, заснавальнік варшаўскага Музея карыкатуры. Скончыў варшаўскую Акадэмію мастацтваў у 1939 годзе, але яго дэбют як карыкатурыста адбыўся ў 1928-м у часопісе «Pobudka».

У 1935 годзе разам са Збігневым Міцнерам Ліпіньскі заснаваў сатырычны часопіс «Szpilki» і цягам некалькіх гадоў быў яго галоўным рэдактарам (1935—1937 і 1946—1953 гг.).

Падчас Другой сусветнай вайны Эрык Ліпіньскі супрацоўнічаў з польскім рухам супраціву, удзельнічаў у вырабе фальшывых дакументаў. Апошнія дні вайны мастак правёў у сумнавядомай турме «Pawiak», сядзеў таксама ў макатоўскай турме і ў канцэнтрацыйным лагеры «Auschwitz».

Пасля вайны Эрык Ліпіньскі супрацоўнічаў з такімі газетамі і часопісамі, як «Przekrój», «Przegląd Kulturalny», «Trybuna Ludu», «Panorama», «Zwierciadło» і «Express Wieczorny». Быў важнай фігурай Міжнароднага біенале плаката ў Варшаве — ініцыятарам, удзельнікам і куратарам першага конкурсу.

У 1978 годзе ён заснаваў у Варшаве Музей карыкатуры, дзе займаў пасаду дырэктара да самой смерці, а яго ўласныя зборы сталі падмуркам музейнай калекцыі. Таксама ён ініцыяваў стварэнне Асацыяцыі польскіх мастакоў карыкатуры (старшыня) і Сацыяльнага камітэта па догляду за могілкамі і помнікамі габрэйскай культуры ў Польшчы. Узнагароджаны Залатым крыжам за заслугі ў мастацкай дзейнасці. У 1991 г. атрымаў званне Праведніка народаў свету.

На выставе будуць прадстаўлены ўсе напрамкі творчасці мастака: карыкатуры, кінаплакаты, вокладкі для часопісаў.

Выстава будзе працаваць з 4 па 18 сакавіка. Час працы: аўторак — субота: 11.00 — 19.00. Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі).

Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: