Засолка гуркоў: фота Хамянтоўскай і рэцэпт Цюндзявіцкай

У Нацыянальным гістарычным музеі праходзіць фотавыстава Зоф’і Хамянтоўскай. На здымках міжваеннага часу — побыт палескай вёскі, пабачаны праз аб’ектыў жанчыны з вышэйшай класы.

Невялікія па памеры здымкі 1928 — 1933 гадоў. Шмат выяў з вёскі Парахонск, дзе знаходзіўся родавы маёнтак Зоф’і, у дзявоцтве Друцкай-Любецкай, у другім шлюбе — Жухавіцкай. Цяпер гэта Пінскі раён, ад маёнтка нічога не засталося.


На здымках вельмі шмат цікавых этнаграфічных падрабязнасцей. Калі вы не ведалі, што гарбузы можна сушыць на страсе і на Палессі іх завуць “кавуны”, як выглядаюць нарубы на могілках ці курэнь, ад якога атрымала назву вёска ў мележаўскіх “Людзях на балоце”, як на лугах адбельваліся палотны, як ставіліся рыбалоўныя сеткі на рацэ, то ўсё гэта пабачыце на выставе. А яшчэ мясцовую сялянскую вопратку, прачак на рацэ, дзецей з дарослымі тварамі і шмат, шмат цікавага. І коцікаў, куды ж без іх!

Мачэнне агуркоў перад закваскай. Ваколіцы Брэста-над-Бугам. 1930 г.

Мачэнне агуркоў перад закваскай. Ваколіцы Брэста-над-Бугам. 1930 г.


На адкрыцці шмат пытанняў выклікалі здымкі з мачэннем гуркоў пад ільдом. Спецыяліст па традыцыйнай ежы, доктар гістарычных навук Тадэвуш Наваградскі параіў пачытаць пра такі шлях кансервацыі ў кнізе “Літоўская гаспадыня”. Яна ўпершыню апублікаваная ў 1848 годзе і потым шмат разоў перавыдавалася. Аўтарка — Ганна Цюндзявіцкая, шляхцянка з Барысаўскага павета. У кнізе сабраныя розныя парады па гаспадарцы, асабліва шмат рэцэптаў ежы. Вядома, што Ганна збірала сялянскія рэцэпты і правярала іх на практыцы, таму складана сказаць, апісаныя ў кнізе праявы шляхецкай ці сялянскай культуры.


Што ж Цюндзявіцкая піша пра засолку гуркоў? Чытаем:

“Агуркі трэба сартаваць: асобна — чыстыя і зялёныя, асобна — жоўтыя з крапінамі Назіранні нашых гаспадынь пацвярджаюць, што ў трэцяй фазе месяца яны бываюць пустыя, а самыя поўныя і цвёрдыя — за пяць дзён да маладзіка і ў поўню.

Каб агуркі былі поўныя і без дзірак у сярэдзіне, іх адразу ж, як выберуць, соляць. Калі ж яны паляжаць, дык засохнуць і ніколі не будуць цвёрдымі і поўнымі. Агуркі, сабраныя ў гарачыню, тут жа кладуць у пасудзіну, напоўненую вадой: за ноч яны пасвяжэюць і ачуняюць. Назаўтра іх засольваюць наступным чынам. Дно бочкі высцілаюць дубовымі і вішнёвымі лістамі, пасечанымі лістамі і каранямі хрэну, кропу, але толькі ў тым выпадку, калі не дабаўляюць часнок. Агуркі ставяць адзін пры адным. На кожнае рэшата іх бяруць па жмені дубовага, вішнёвага лісту і кропу, а таксама галоўку часнаку, разрэзаную на чатыры часткі, і туды ж кідаюць зеляніну яго. Напоўненную бочку забіваюць накрыўкай і прасвідроўваюць у ёй дзве дзіркі. Праз адну павінна выходзіць паветра, а ў другую ўстаўляюць лейку і ўліваюць пасоленую рачную ваду. Калі пасудзіна зусім запоўніцца, абедзве дзіркі забіваюць і добра асмольваюць бочку па шчылінах… Пасля бочку, як звычайна, затапляюць у ваду і прывязваюць да калоў, каб не выплыла наверх ці каб не знесла яе вадой”.

Кніга Цюндзявіцкай выйшла па-польску і была вельмі папулярнай. Магчыма, на здымку Хамянтоўскай — гуркі засоленныя менавіта такім чынам.


З 2008 года фотаархіў Зоф’і Хамянтоўскай апрацоўвае польскі фонд “Археалогія фатаграфіі”. У Польшчы выдадзена некалькі кніг з яе здымкамі. На выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі можна паглядзець фільм “Я здымаю”. Гэта ўнікальны матэрыял, сабраны з фрагментаў стужак Хамянтоўскай канца 1920-х гадоў, які прадстаўляе асабістае жыццё фатографкі, яе сям'і і сяброў.

Выстава праходзіць у рамках Месяца Фатаграфіі ў Мінску. Працуе да 28 кастрычніка.


Як браліся шлюбам беларусы? «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» (фота)




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-18 23:11:45
Паглядзіце беларусы на беларусаў сто лят таму. Змясціў фота на фэйсбук старонцы НЧ.
Купил я на eBay открытку. На оборотной стороне по-немецки написано, что это Кобрин 1916 года. Перефотографировал, а там, где увидите (с) Anatol Starkou, была надпись на немецком русские дети.

Каментаваць