«Заспявай 3.0» назвала пераможцаў

Гурты Pauline, Leibonik, а таксама трыа Дзмітрый Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў сталі пераможцамі конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0», які праводзяць партал Tuzin.fm i фонд «Вяртанне».


 Узнагароджанне з канцэртам пройдзе 22 кастрычніка ў клубе «Coyote» пры ўдзеле гурта Navi.

Журы конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0» назвала пераможцаў у трох намінацыях. У «Спяванай паэзіі» перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч «Людзі, дзе вы?».


Pauline 



У намінацыі «Беларускі кавер» найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гурта «Мроя» — «Я рок-музыкант».

 Гурт Leibonik


У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамацоці ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананні Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк. Названыя выканаўцы падзеляць між сабою прызавы фонд конкурсу, які складае 1500 еўра.







«Усе 18 удзельнікаў апошняга этапа конкурсу могуць лічыць сябе пераможцамі, бо менавіта іх песні былі адабраныя з 78 пададзеных заяваў. Яны атрымалі цудоўную магчымасць паказаць сябе ўжывую і займець новых прыхільнікаў на фінальных канцэртах, якія ішлі цэлае лета. І ў выніковым галасаванні балы адрозніваюцца зусім нязначна. Таму я віншую названых пераможцаў разам з тымі, хто прайшоў у фінал», — сказаў старшыня журы конкурсу «Заспявай 3.0» Алег Хаменка. У журы таксама ўвайшлі беларускія музыкі, паэты, перакладчыкі і арганізатары конкурсу: Лявон Вольскі, Уладзь Лянкевіч, Ганна Янкута, Сяргей Пукст,  Віталь Рыжкоў,  Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Сяргей Балахонаў, Яўген Карпаў, Сяргей Будкін, Павел Бераговіч.




Выніковы канцэрт «Заспявай 3.0» пройдзе 22 кастрычніка ў клубе «Coyote». На ім таксама будуць названыя пераможцы глядацкага галасавання, якое праводзілася на сайце Talaka.by. Акром сэтаў ад Pauline, Leibonik, трыа Нікановіч-Сацюк-Найдзёнаў у гэты вечар чакаецца выступ гурта Navi — пераможцаў леташняга конкурсу «Заспявай».





22.10. Мінск. Бар «Coyote» (пр.Незалежнасці, 117а). 19:00—22:00. Канцэрт пераможцаў конкурсу «Заспявай 3.0»: Pauline, Leibonik, Дзмітрый Нікановіч&Вольга Сацюк&Мікіта Найдзёнаў. Пры ўдзеле гурта Navi.

Інфа: +375 29 687-20-93.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: