«Заспявай» пройдзе ў фармаце 4x4

У фармаце 4x4 пройдзе конкурс для маладых выканаўцаў «Заспявай». Фіналістаў чакаюць навучальная сесія, праца ў студыі, выпускныя канцэрты, а пераможцу — грашовы прыз у 1000 BYN і кліп.

Партал Tuzin.fm разам з фондам «Вяртанне» і кампаніяй «Будзьма беларусамі» абвяшчаюць чацвёрты сезон конкурсу «Заспявай» для выканаўцаў ад 18 да 30 год. Сёлета ён пройдзе ў новым фармаце і толькі ў адной намінацыі — «Спяваная паэзія». Удзельнікам прапануецца абраць верш сучаснага паэта (за апошнія 30 гадоў) і праспяваць яго на сваю музыку.

«З усіх пададзеных заяваў журы конкурсу адбярэ чатары фіналісты. Кожнага з іх будзе падтрымліваць свой ментар, з якім выканаўцы разам пройдуць такі шлях: навучальная сесія з лекцыямі, майстар-класамі ды практычнымі заняткамі, дапрацоўка конкурснай песні ў студыі і выпускны канцэрт, — распавядае прадусар «Заспявай» Сяргей Будкін, — Па выніку ўсіх гэтых этапаў будзе названы пераможца. Ён атрымае грашовы прыз для рэалізацыі далейшых творчых задумаў, а рэжысёр Арцём Лобач здыме на яго песню кліп». Арганізатары кажуць, што з дапамогай конкурсу імкнуцца адкрыць для маладых музыкаў свет беларускай сучаснай паэзіі ды паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песнямі.



Заявы на конкурс прымаюцца да 1 мая 2017 году ўключна на мэйл konkurs.zaspiavaj@gmail.com з пазнакай «Заява на конкурс-2017». Падрабязней пра ўмовы — на старонцы арганізатараў.

Пераможцамі папярэдніх конкурсаў станавіліся Віталь Варанко, гурты Navi, Pauline, Leibonik і трыё Дзмітрый Нікановіч, Вольга Сацюк, Мікіта Найдзёнаў.

Аўдыё песень пераможцаў і лаўрэатаў «Заспявай» — https://soundcloud.com/tuzinhitou/sets/4x4-2014-2016


budzma.by

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: