«Затое колькі мышэй ляснула!» Нядаўняе мінулае — у гістарычных анекдотах

Сёлета здаецца, што вясёлыя святы засталіся цалкам у мінулым гэтаксама, як і 1 красавіка з яго традыцыйнымі бестурботнымі розыгрышамі. Зрэшты, жарты, хай сабе й змрочныя, ёсць у кожным часе, чаму доказам — новая падборка гістарычных і літаратурных анекдотаў з калекцыі даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана.

Антановіч і Зоська Верас
Ніл Гілевіч распавядаў у часе гутаркі з Міхасём Скоблам, як удалося выправіць несправядлівасць у адносінах да паэткі Зоські Верас. Маючы вялікі літаратурны стаж, Людвіка Антонаўна не магла быць сябрам Саюза пісьменнікаў, бо жыла пад Вільнюсам, адпаведна і пенсію не атрымлівала. Аднак пасля таго, як яе да сябе ў Маладзечна прапісаў гісторык Генадзь Каханоўскі, перашкода была знятая, і першы сакратар Саюза пісьменнікаў Ніл Гілевіч тут жа, без прыёмнай камісіі, вынес пытанне на прэзідыум СП.

Назаўтра ў тэлефоне раздаўся сярдзіты голас загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ Івана Антановіча:

— Што вы робіце?! Вам не хапала ў Саюзе пісьменнікаў гэтай старэчы?!

Вельмі не хапала! — шчыра адказаў Гілевіч. — Вы проста не маеце ўяўлення, што гэта за чалавек, колькі яна зрабіла для нашай літаратуры і культуры!

— Больш не рабіце так, — усяго толькі і засталося сказаць Антановічу.

Антановіч і Раман Ярохін

Хоць Іван Антановіч і ўстаўляў палкі ў колы Элему Клімаву і Алесю Адамовічу падчас здачы карціны «Ідзі і глядзі» («Фільм амаль геніяльны, — казаў, — але я супраць!»), кінастужку адстаяць усё-ткі ўдалося. Больш за тое, з падачы загадчыка аддзела культуры «Советской Белоруссии» Рамана Ярохіна галоўная газета рэспублікі змясціла станоўчую рэцэнзію на фільм за аўтарствам Уладзіміра Някляева. З гэтай нагоды Антановіч выклікаў Ярохіна ў ЦК:

Вы самі хоць глядзелі фільм Адамовіча і Клімава? Глядзелі і згодны з меркаваннем Някляева? А ў мяне вось іншая думка…

Пасля чаго паўгадзіны горача і блытана гаварыў пра фільм. А завяршыўшы маналог, паспяшаўся развітацца.
Аднак проста так сысці Ярохін не мог.

— Іван Іванавіч, вы запрасілі мяне абмеркаваць карціну, а замест дыялога — маналог, — казаў ён. — Няўжо я падобны на грыбаедаўскага Малчанава: «Не должно сметь свое суждение иметь»? Калі б вы мяне пераканалі…

— Я выклікаў вас не для пераконванняў! — узняў голас Антановіч.

А чаму вы лічыце, што менавіта вы маеце рацыю? І нават не дапускаеце думкі, што праўда можа быць на іншым баку?

Адказ на сваё пытанне Раман Ярохін атрымаў праз паўгода — яму было прапанавана выйсці на пенсію.


Невытлумачальнае глупства

Раман Ярохін прыгадваў, як аднойчы сустрэў панурага Адамовіча. Высветлілася, што ён, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік збіраюць матэрыял для кнігі «Я з вогненнай вёскі…», але замест спрыяння паўсюдна сустракаюць нават не раўнадушша — мясцовае начальства наўмысна ўстаўляе палкі ў колы.

Ведае выканкамаўскі начальнік, што да вёскі, куды едзем, сорак вёрст, аўтобусы ў тую глуш не ходзяць, ведае і цягне да позняга вечара рызіну: маўляў, выканкамаўская машына на працы, прыйдзецца крыху пачакаць, — распавядаў Адамовіч. — Гэтае «крыху» і назаўтра паўтараецца. Найбольш прыводзіць у шаленства, калі сам бог раённы — першы сакратар райкома партыі сустракае пытаннем: «З чым завіталі ў мой раён?» Уяўляеш: не ў наш раён, а ў «мой»! Пачынаеш гэтаму «богу» падрабязна распавядаць, навошта прыехалі ў «ягоны» раён, і наноў натыкаешся на невытлумачальнае глупства: «А навошта вам успаміны пагарэльцаў? Хто будзе чытаць такую кнігу?»

Ярохін у той жа дзень распавёў пра ўсё сакратару ЦК Аляксандру Кузьміну, які быў адным з рэдкіх прыстойных людзей ва ўладзе. Ягоная рэакцыя была імгненнай — выклікаўшы памочніка, ён загадаў:

Пасля дванаццаці буду гаварыць з сакратарамі абкомаў па ідэалогіі!

Ужо назаўтра выпадкова сустрэты Адамовіч свяціўся ад радасці — учорашняй панурасці як ні было.

Мне тэлефанаваў Кузьмін, папрасіў, як ён сказаў, па магчымасці наведаць яго, — захоплена казаў Адамовіч. — Ён ведае пра нашу задуму, пра нашы пакуты! Ён сказаў, што ніхто цяпер больш не будзе нам палкі ў колы ўстаўляць, наадварот — дапамагаць будуць!

А яшчэ праз пару тыдняў Адамовіч паведаміў з тым жа радасным настроем:

Па Мінскай вобласці ездзілі — хлебам-соллю сустракалі!

З клопатам пра дзяцей

Рыгор Барадулін пераказваў, як аднойчы падчас тэлеэфіра запыталіся ў першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова:

Як вы, партыйцы, пры такой галечы ў краіне гэткія зарплаты сабе ўзялі?!

А мы чатыры разы адмаўляліся, але зверху настоілі.

Ну дык аддайце дзецям!

А мы так і зробім! — нібыта гэтак хітра адказаў Яфрэм Яўсеевіч. — Што вы думаеце, у мяне дзяцей няма? Ёсць у мяне дзеці!

Наступнік

Сустрэў неяк Васіль Быкаў былога першага сакратара беларускага ЦК Слюнькова, які другі год як у маскоўскі Крэмль перабраўся:

Ваш наступнік проста ненавідзіць інтэлігенцыю, — казаў Быкаў, маючы на ўвазе Сакалова. — Вазьміце яго куды-небудзь на павышэнне ў Маскву.

Слюнькоў абяцаў падумаць. Неўзабаве Сакалова выправілі на пенсію. Разам са Слюньковым.

Лёкайскае

З «Падарожжаў з Мінска ў Маскву і назад» Алеся Адамовіча:

«А гэта ўжо 70-я гады… Мы з Васілём Быкавым выйшлі з новага будынка беларускага Саюза пісьменнікаў, прыкідваем, як, на чым даехаць да ягонага дому. Раптам намеснік загадчыка аддзела культуры ЦК прапануе сваю машыну. Гэта што! — сам жа пабег яе шукаць. Хоць і наш брат пісьменнік, а ўсё ж ЦК, неяк нязвыкла. Вярнуўся ён разгублены: як у ваду канула машына, разам з кіроўцам. Увечары мы пачулі: аказваецца, ён ужо не працуе ў ЦК КПБ. У гэтым разгадка і раптоўнага знікнення чорнай “волгі”: кіроўца, як толькі даведаўся, пакаціў у гараж. Не палічыўшы патрэбным хоць бы дамоў адвезці свайго нядаўняга гаспадара. Помста цалкам лёкайская. Ты начальнік — я дурань. Але калі перастанеш быць начальнікам…»

Аспірант

Крытык Валянцін Аскоцкі прыгадваў. 1966 год. У часопісе «Новый мир» надрукаваная аповесць «Мёртвым не баліць». Выхадзец з Беларусі, трэццякурснік аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук Уладзімір Сеўрук узбуджана носіцца па інтэрнаце, трымаючы пад пахай часопіс «Маладосць», дзе ўпершыню й была надрукаваная аповесць, і чапляецца ледзь не да кожнага сустрэчнага:

Давай пачытаю! З ліста! Уголас! Востра! Выкрывальна!

Неўзабаве Аскоцкага запрасілі на кафедру тэорыі літаратуры і мастацтва.

Вы чыталі ў «Новом мире» аповесць Быкава? Ваша думка?

Аскоцкі гаворыць узбуджана і горача. Яму ў адказ:

Вы нам не падыходзіце.

Сеўрук, які прысутнічаў пры размове, толькі загадкава ўсміхнуўся.

А ўжо праз тыдзень на першай паласе галоўнага савецкага афіцыёза — газеты «Правда» — з’явіўся артыкул, у якім кляйміліся і «Новый мир», і быкаўская аповесць. «Гэтая няўдача — вынік сур’ёзных ідэйна-эстэтычных пралікаў пісьменніка», — пісаў аспірант Сеўрук.


Праз злучок

Канец 1970-х. У Маскве рыхтавалася быкаўская кніга «Дажыць да світання» з пасляслоўем Валянціна Аскоцкага. Жадаючы хоць запознена заступіцца за «Мёртвым не баліць», Аскоцкі даў станоўчы водгук пра шматпакутную аповесць і прывёў словы Аляксандра Твардоўскага пра праўду, якая застанецца, калі ўсё мінецца. Але праз нейкі час абухом па галаве: кніга затрымана, аддрукаваны наклад звозіцца ў Маскву і з пасляслоўя выдзіраюцца старонкі. Тыя самыя, дзе пра «Мёртвым не баліць».

Толькі праз шмат гадоў Аскоцкі даведаўся, што распараджэнне выдраць старонкі з упамінаннем «Мёртвым не баліць» сыходзіла ад даўнішняга быкаўскага ганіцеля Сеўрука. Зрэшты, у выдавецтве езуіцкую каманду часткова сабатавалі: выдзірку забароненых старонак правялі для адводу вачэй начальства толькі ў пятай частцы 220-тысячнага накладу.

З таго часу і захоўвалася ў Аскоцкага кніга ў двух экзэмплярах — у адным нумарацыя старонак была звычайная, у другім здвоеная, праз злучок: 661–662, 663–664.

Чаму?

Чаму пра мінулае мала ведаем? — пытаецца Васіль Быкаў у Рыгора Барадуліна і сам жа адказвае: — Бо даносчыкаў мала было, і яны непісьменныя былі.


Караткевіч і ЦК

Былы загадчык аддзела культуры ЦК КПБ Алесь Петрашкевіч распавядаў:

Аднойчы я прыйшоў на працу яшчэ да дзевяці, як раптам раздаўся тэлефонны званок. Падняўшы слухаўку, замест словаў прывітання я пачуў:

«Што вы там такое — так вашу-растак! — робіце ў сваім ЦК?!
— Уладзімір Сямёнавіч, што здарылася? — пазнаў я па голасе Караткевіча. — Гэта не мне, а вам трэба ведаць, што здарылася! Мне толькі што патэлефанаваў мітрапаліт Філарэт і сказаў, што ў такой-та вёсцы разбурылі царкву ХVII стагоддзя, драўляную, без адзінага цвіка складзеную. Мясцовая загадчыца хоча з яе свінарнік зрабіць. Дапамажы хоць бярвенні выратаваць! Можа, зноў складзём!»

Я самым шчырым чынам паабяцаў Караткевічу зрабіць усё магчымае і тут жа патэлефанаваў сакратару райкама партыі — папрасіў зберагчы тыя бярвенні да асаблівага распараджэння. І сакратар гэтаксама «шчыра» паабяцаў маю просьбу выканаць. Як дні праз два Караткевіч патэлефанаваў зноў.

«Позна — бярвенні хтосьці абліў саляркай і спаліў, — скрушана казаў ён і дадаў: — Усе вы ў ЦК мудакі! І ЦК ваш мудакаваты!»


Пра беларусаў

Па сведчанні Адама Мальдзіса, Караткевіч гаварыў:

Зямля і так маленькая, а мы будзем раз’ядаць яе сваімі сваркамі. Трэба знаходзіць тое, што яднае людзей, а не наадварот. Бо ў кожным народзе ёсць і благое, і добрае. У нас, беларусаў, згубная, так бы мовіць, флегматычнасць. Ведаеце анекдатычную гісторыю? У мужыка разам з ураджаем згарэла гумно. Ляснуў увесь гадавы запас неабмалочанага збожжа. Як сям’ю пракарміць — аднаму Пану Богу вядома. І тут да мужыка прыходзіць такое ма-аленькае суцяшэнне: «Але ж затое колькі мышэй ляснула!» Беларусы ўсе ў гэтым анекдоце.

Сяброўскія шаржы Кастуся Куксо з кнігі «Абразы без абразы» Рыгора Барадуліна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: