«Зялён явар, дуброва»: музыка Полаччыны ад палачан

Полацкі фальклорны гурт «Варган» прэзентуе дэбютны альбом з музыкай роднай зямлі. У альбом увайшлі песні і інструментальныя кампазіцыі, якія некалі гучалі на тэрыторыі Полаччыны на працягу гадавога каляндарнага кола. Кружэлка прызначана для аматараў этнічнай музыкі і беларускага фальклору.

«Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» — першы студыйны альбом фальклорнага гурта «Варган». Ён змяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песні, танцы і нават «цярэшкі». У якасці бонуса — запіс купальскай песні ад аўтэнтычнай спявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна.

У выкананні «варганцаў»можна пачуць абрадавыя песні, прымеркаваныя да знакавых гадавых святаў, а таксама лірычныя — жаночыя ды мужчынскія. Раней песня ішла з чалавекам праз усё жыццё. Песняй сустракалі пры нараджэнні, песня дапамагала ў цяжкай працы і ў нялёгкіх жыццёвых абставінах. На кожным свяце гучалі асобныя песні, унікальныя ў кожным рэгіёне і нават вёсцы. Спявалі ў хаце, ў полі, ў дарозе.


Вясковы свет не быў глухім і шэрым захалусцем, як і людзі не былі сумнымі і заморанымі рабацягамі. Бо не працай адзінай жыў чалавек. Нашыя продкі ўмелі і любілі весяліцца. Як доказ — інструментальная частка альбома, што пераносіць слухача на сапраўдную вясковую вечарыну з танцамі. гармонік ды скрыпка, цымбалы ды бубен, дуда ды колавая ліра і канешне ж — варган. Так, сапраўды, на дыску можна пачуць гукі гэтага старажытнага інструмента. І гэта не нейкія фантастычныя разважанні на тэму. Мала хто ведае, але ў Полацку гралі на варганах з ранняга сярэднявечча. Гэта пацвярджаюць археалагічныя знаходкі. Ды і назву гурт абраў сабе не выпадкова. Варган для спевакоў сімвалізуе своеасаблівы «партал», які дазваляе вандраваць у прасторы і часе і паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагоддзяў.  


У стварэнні інструментальнай часткі альбома прымалі ўдзел запрошаныя музыкі — вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна (цымбалы).

«Наша мэта — стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцый, якія несла ў сабе гэтая музыка», — кажуць удзельнікі гурта. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, удзельнікі гурта «Варган»імкнуцца максімальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання і перадаць яе жывую энергетыку.

Гучанне альбома стварае атмасферу, набліжаную да палявога запісу ў час свята, вечарынкі, ігрышча. Частка кампазіцый запісвалася ў Полацку (запіс, звядзенне — Алесь Лось), частка — у Мінску (запіс, звядзенне, мастэрынг — Арцём Петрашкевіч і Валерый Бяляеў).

Дызайн вокладкі стварыла Святлана Клепікава.

Прэзентацыі альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны»адбудуцца ў Полацку 6 кастрычніка і ў Мінску 14 кастрычніка.

Паслухаць альбом можна тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць