Змітрок Бядуля: 135 гадоў з дня нараджэння

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі. Кірыл Стаселька на budzma.by ўспамінае жыццё славутага беларускага пісьменніка.

Школа рабінаў і «Наша Ніва»

Змітрок Бядуля нарадзіўся ў 1886 годзе. Ён паходзіў з габрэйскай сям’і, а таму атрымаў адпаведную рэлігійную адукацыю. Спачатку навучаўся ў габрэйскай рэлігійнай пачатковай школе (хедар), а пасля — у школе рабінаў (ешыва), якая з’яўлялася вышэйшай рэлігійнай навучальнай установай. Натуральна, што з дзяцінства Змітрок ведаў іўрыт і ідыш (а таксама нямецкую і польскую) і менавіта на іўрыце пісаў свае першыя вершы. А на першыя творчыя тэксты ўплывала культура і традыцыя габрэйскай літаратуры.
Браты Плаўнікі: Мацвей, Самуіл, Ізраіль

Браты Плаўнікі: Мацвей, Самуіл, Ізраіль

Разам з тым малады чалавек быў прагным і адкрытым да саманавучання і імкнуўся пашырыць свае веды пра розныя культурніцкія кірункі і традыцыі. Змітрок шмат чытаў — як кнігі з хатняй бібліятэкі свайго дзядулі, так і тыя, што выпісваў з іншых гарадоў. Паступова ён пачаў пісаць вершы на рускай мове, якія дасылаў у расійскія часопісы, а потым пазнаёміўся з беларускай перыёдыкай і літаратурай і пачаў пісаць на беларускай.

Пасля навучання Змітрок Бядуля працаваў хатнім настаўнікам і канторшчыкам на лесараспрацоўках. Адначасова з гэтым ён працягваў спрабаваць пісаць. У 1909 годзе ён выпадкова (дзякуючы сябру) пазнаёміўся з газетай «Наша Ніва», куды пачаў дасылаць свае тэксты. Першыя з іх так і не апублікавалі, але ў 1910 годзе ў газеце з’явіўся яго тэкст на беларускай мове «Пяюць начлежнікі». У той жа год Бядуля наладзіў супрацу з газетай і стаў карэспандэнтам «Нашай Нівы», а ў 1912 годзе атрымаў запрашэнне пераехаць у Вільню на сталую працу.

Жыццё з Купалам і Багдановічам

У Вільні за часамі рэдактарства ў газеце Янкі Купалы Змітрок Бядуля становіцца адказным сакратаром. З Купалам яны не толькі супрацоўнічалі і пасябравалі, але і разам жылі. Менавіта ў Вільні Бядуля бліжэй пазнаёміўся з беларускім асяродкам, беларускімі дзеячамі і рухамі і менавіта там напісаў некаторыя свае вядомыя творы. У 1915 годзе Бядуля пераехаў у Мінск. Варта адзначыць, што ён быў схільны дапамагаць іншым, вылучаўся добрым характарам, часам надзвычай мяккім, за што яго крытыкаваў Купала. Так, некалькі месяцаў у 1916 годзе на ягонай кватэры жыў Максім Багдановіч, які на той час ужо хварэў на сухоты і пра здароўе якога Бядуля клапаціўся. Цікава, што менавіта падчас іх сужыцельства Багдановіч напісаў славуты верш «Пагоня».
Змітрок Бядуля з Якубам Коласам

Змітрок Бядуля з Якубам Коласам

У Мінску Бядуля спачатку працаваў у «Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны», а пазней супрацоўнічаў з рознымі выданнямі, у тым ліку газетамі «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь», часопісам «Беларускае жыццё». Менавіта ў Мінску ён сустрэў рэвалюцыю і стаў сведкам гістарычных для краіны падзей. Так, у 1917 годзе ён удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе. Пры гэтым пазней ён не трапіў пад жорсткія савецкія рэпрэсіі (як было з многімі беларускімі дзеячамі), хоць на той час падтрымаў БНР і нават напісаў шэраг антыбальшавіцкіх артыкулаў.

«Савецкая Беларусь» і Інбелкульт

Адметна, што ў Мінску Змітрок Бядуля і Янка Купала, які разам жылі ў Вільні, на некалькі гадоў зноў сталі суседзямі. Па просьбе жонкі Купалы Бядулі арандавалі кватэру ў тым жа доме — доме I з’езду РСДРП на вуліцы Савецкай.

З прыходам саветаў у Мінск Бядуля акрамя літаратурнай дзейнасці працягваў працу ў перыядычных выданнях. З 1920 года ён працаваў загадчыкам літаратурна-крытычнага аддзела газеты «Савецкая Беларусь», а адначасова з гэтым — рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі». У 1926 годзе стаў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». У тым жа годзе пачалася ягоная праца ў Інстытуце беларускай культуры. Як і іншыя калегі па літаратурнай ніве, Змітрок Бядуля належаў да літаратурных супольнасцяў і аб’яднанняў, у прыватнасці «Маладняк», «Узвышша», «Саюз пісьменнікаў СССР».
Змiтрок Бядуля з жонкай

Змiтрок Бядуля з жонкай


У 1941 годзе падчас Другой сусветнай вайны Змітрок Бядуля быў вымушаны пакінуць спачатку Мінск, а потым і Беларусь. Разам з сям’ёй ён з’ехаў на ўсход і жыў у эвакуацыі, але ў тым жа годзе (ва ўзросце пяцідзесяці пяці гадоў) памёр ад інфаркту. Пахаваны беларускі пісьменнік быў у Казахстане.

Толькі ў 2020-м, паўгода таму, Змітрок Бядуля быў перапахаваны ў Мінску. Гэта, што не дзіўна, адбылося не дзякуючы беларускім чыноўнікам ці дзяржаўным дэпартаментам, а дзякуючы сапраўды зацікаўленым у беларускай культуры асобам — Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі і дабрачыннаму фонду Марыі Магдалены Радзівіл.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: