«Знак бяды». Нямецкіх акупантаў 75 гадоў як «пабядзілі», а паліцаі так нікуды не падзеліся

«Сам таго, канечне, не ведаючы, Быкаў у 1982 годзе патрапіў у сутнасць мірных жаночых пратэстаў у сучаснай Беларусі». Літаратурны крытык Наста Грышчук разглядае на budzma.by творы са школьнай праграмы. Сёння гаворка пра «Знак бяды» Васіля Быкава і паралелі з цяперашнім часам, якія добра бачныя ў тэксце.

«Знак бяды», без таго актуальны сорак гадоў, сёння выглядае анталогіяй страшных паралеляў. Збольшага яны відавочныя, і мая роля сціплая: агучыць іх. Калі мастацкі тэкст 1982 года да драбніц адбіваецца ў рэчаіснасці 2020-га – значыць, калектыўныя траўмы дасюль не адпрацаваныя. Значыць, увесь час мы рабілі выгляд, што гэта не з намі і не пра нас. Такі сабе няпройдзены ўрок белліту.

Вось думкі Сцепаніды, галоўнай гераіні аповесці. «За гэтыя два месяцы яна зразумела, што ад усяго не засцеражэшся, як ні туляйся, а яны калі захочуць, дык знойдуць і прыдзяруцца. Тым болей што ў немцаў знайшліся ўжо і памагатыя з мясцовых…»

Да жніўня 2020 года большасць беларусаў верыла ў сілу закона. Яшчэ ў чэрвені адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, адказваючы на пытанне, што будзе, калі яго арыштуюць, са шчырым (ці добра ўдаваным) здзіўленнем пацікавіўся: а за што мяне арыштоўваць?..

За гэтыя два месяцы толькі самы наіўны не зразумеў: закон не працуе. Нават у той сціплай меры, з якой мы раней мірыліся. Цяпер не ўратуе не толькі пазіцыя «мая хата з краю»; «мой дом – мая крэпасць» – таксама філасофія хібная. У сталінскія часы варанкі прыязджалі пераважна па начах – сённяшнія карэты «справядлівасці» раз’язджаюць пры дзённым святле. Жонак хапаюць на вачах у мужоў, маці – на вачах у дзяцей, проста на вуліцы.

«Яна не ведала іхніх парадкаў, не хацела іх парушаць, але хто ведае, за што яны могуць прычапіцца да мірнага чалавека».

Хто ведае.

Тую ж небяспечную, бо падманлівую, філасофію спавядаў муж Сцепаніды. «Нічога, як-небудзь, – сказаў Пятрок. – Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны… Не з’ядуць, можа…»

Трагічная вера, якая прывядзе да смерці героя. Чытаючы ў 2020-м гісторыю з 1942 года, мы гэта выразна бачым. Спачуваем, прадчуваем бяду.

І ў той жа час сёння, пасля зверстваў на Акрэсціна, знаходзяцца людзі, якія вераць: я невінаваты, я не выказваў нязгоды, мяне не крануць; а тых, каго білі, – іх, відаць, было за што. Свежы прыклад – інтэрв’ю Генадзя Аўсяннікава, купалаўца, які сказаў, што пратэстоўцаў ёсць за што затрымліваць. Таго самага Аўсяннікава, які дзясяткі гадоў граў на адной сцэне з Генадзем Гарбукам, які, у сваю чаргу, граў Петрака ў экранізацыі «Знаку бяды».

Якая горкая іронія.

Мне надзвычай цікава, што сказаў бы Пятрок, аказаўшыся ў нашым 2020-м, дзе нямецкіх акупантаў няма, іх 75 гадоў як «пабядзілі», а паліцаі так нікуды й не падзеліся. Яны, беларускія сыны, з ніжэйшых чыноў дайшлі за паўстагоддзя да самых высокіх. Занялі, так бы мовіць, усю вертыкаль.

А яшчэ я думаю вось пра што: Пятрок, уражлівая душа, вельмі б здзівіўся, пачуўшы, як беларуса называюць фашыстам за тое, што ён беларус. Прычым тыя самыя паліцаі і называюць.

*

Калі на хутары Багацькаў пасяліліся немцы, Сцепаніда памкнулася хаваць карову, свінчо і курэй. Не ўсё атрымалася, і, не жадаючы аддаваць малако немцам, Сцепаніда выдаіла карову проста ў зямлю.

Пра гэты тып народнай барацьбы пісаў журналіст «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў. Сыходзячы ў лес ад ворагаў, беларусы забіралі з сабой карову – ні кроплі ворагу. Цяпер іх нашчадкі здымаюць грошы з банкаўскіх рахункаў: ад пачатку года – 2,5 млрд даляраў.  

Трансфармаваліся і заклікі «акупантаў» паведамляць пра дзеянні «бандытаў». Вы здагадаліся: размова пра славутыя паведамленні ад МУС, у якіх сумленных грамадзян просяць паведаміць пра падазроных асобаў, што парушаюць грамадскі спакой. Народ імгненна адрэагаваў з’едлівым каментарыем: «Парцізанэн, здавайся!»

*

Сам таго, канечне, не ведаючы, Быкаў у 1982 годзе патрапіў у сутнасць мірных жаночых пратэстаў у сучаснай Беларусі:

«Яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго – яна іх ненавідзела. Зрэшты, ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы».

Здымкаў, на якіх жанчыны глядзяць у вочы карнікам, болей чым дастаткова. Як і фота, на якіх жанчыны выглядаюць не запалоханымі, не вінаватымі, не зламанымі, але поўнымі пачуцця ўласнай годнасці.

*

«Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома». Так думала Сцепаніда, разважаючы пра будучыню акупантаў.

Людзі ў счэпках, перад калючым дротам, каля аўтазакаў не раз задавалі пытанне сілавікам: «Што падумаюць вашы маці?..» Тоеснае пытанне: як вы будзеце жыць пасля?..

Пытанне, ці будуць яны ўвогуле жыць, не гучыць – пратэст у нас мірны. Але партызанскі гнеў ужо праявіў сябе: дэананімізацыя, дошкі ганьбы, парэзаныя колы аўто і нават спалены дом. Невядома, ці задаюцца тымі ж пытаннямі самі сілавікі, але пра штосьці такое яны ўсё ж задумваюцца: пра гэта сведчыць вялікі страх застацца без маскі.

Я сама была сведкай таго, як на плошчы Свабоды жанчына сарвала балаклаву з амапаўца. У адказ ён ударыў яе – з размаху, азвярэла. На твары ягоным застыла дзіўная грымаса, і я доўга не магла ідэнтыфікаваць гэтую скамянелую эмоцыю. Цяпер зразумела: гэта быў страх. Знянацку застаўшыся без звыклай абароны, амапавец зрэагаваў жывёльным інстынктам «бі!».

У гэтага страху ёсць яшчэ адна прычына, па-за народнай помстай. Ключ да яе – наступная сцэна ў «Знаку бяды. Паліцай Гуж на вачах у Петрака атрымаў дзве аплявухі ад нямецкага афіцэра – ад умоўна «свайго». Аказваецца, калі пераходзіш на бок моцнага, гэта не робіць моцным цябе. Ты застаешся чыімсьці харчам у ланцужку дзікай прыроды.

«Красаўцы», якім дзякаваў Лукашэнка, – таксама. Мітынгоўцы, стоячы перад блокпастом каля Палаца незалежнасці, так і казалі ім: ён вас кіне. У верталёце мала месца. І верталётаў мала.

*

«Крыж пастаяў вясну і лета – на самай выспе над лесам і ровам, воддаль ад дарогі. Кожны, хто ехаў ці ішоў гасцінцам, пазіраў на гэты знак чалавечай бяды, але мала хто ведаў, якая была то бяда».

Тым і замінаюць Курапаты цяперашнім пакуль што ўладам: кідаюцца ў вочы. Псуюць выгляд кальцавой. І не толькі ўладам: вандалы валілі крыжы, разбівалі лаўкі; на мемарыяле ў Курапатах, які толькі былі адкрылі, у лічаныя дні з’явілася фашысцкая свастыка – старанна выдрапаная па свежым метале. Ці трэба казаць, што вінаватых не знайшлі.

Крыж – не толькі знак чалавечай бяды. Ён – напамін пра злачынства, які злачынцу хочацца сцерці з твару зямлі і свайго аблічча.

Што сталася з крыжам, які Пятрок паставіў на сваёй асабістай Галгофе, зямлі, якая знясільвала? Прыйшлі двое камсамольцаў. Спілавалі. А потым прачыталі лекцыю пра шкоду рэлігійнага дурману.

У Беларусі 2019 года абышлося без лекцый, аднак зялёныя байцы лясгаса ламалі курапацкія крыжы на велікодным тыдні.

*

Ёсць у «Знаку бяды» і свой мукавозчык. Дзікаваты недалуга Патап Каландзёнак, які знайшоў прымяненне сваім талентам у журналістыцы – калі толькі можна так назваць стукацтва. Каландзёнак напісаў у газету нататку з выкрыццём «кулакоў» – аднавяскоўцаў, якія карысталіся наёмнай сілай. Напрыклад, адзінокая бабуля, якая не мела сіл абрабляць зямлю і звярталася па дапамогу да іншых. Тут цяжка не згадаць жанчыну з Гродна, якая, адпрацаваўшы сумленна ўсё жыццё, такі дазволіла сабе – з дапамогай сына – збудаваць дом. А потым трапіла ў выкрывальніцкі сюжэт дзяржаўнага тэлеканала.

Што да Каландзёнка, ён атрымаў мянушку Селькор, а потым стаў паліцаем.

*

Гэта самае цікавае ў творах Быкава, у тым ліку ў «Знаку бяды», – раскрыццё псіхалогіі паліцая.

«Я цяпер чаму сюды прыбіўся? Думаеш, немцам служыць? Чхаў я на немцаў. Мне трэба расчытацца з некаторымі».

Гэтак кажа паліцай Гуж з раскулачанай сям’і. Пры пэўнай чуласці можна было б прасякнуцца якім-ніякім спачуваннем да персанажа, маўляў, помста, балотная вендэта. Але не спяшайцеся.

Яму не трэба зямлі. На пытанне, для чаго Гуж гэтак стараецца, ён кажа: «А хоць бы за тое, што ўладу далі. Дзеля ўлады! Я ўсю жысць быў падначалены, малы чалавечак. Усяго бойся. А цяпер у мяне ўласць! Поўная. Я ж для вас цяпер вышэй, чым сельсавет. Вышэй, чым райком. Чым саўнарком нават. Я ж магу любога, каго хочаш, стрэльнуць».

Напрыклад, бяззбройнага Аляксандра Тарайкоўскага. Або Генадзя Шутава. Альбо стрэліць у журналістку, якая знаходзіцца ў зоне пратэстаў па працоўным абавязку.

Маналог Гужа раскрывае подлую натуру баязліўца, якому ўлада патрэбная, каб пацвердзіць сабе самому права на існаванне. Ён пазбаўлены чалавечай годнасці, ён не ведае любові, ён сам сябе ненавідзіць. Каб давесці, што маеш месца пад сонцам, мусіш нішчыць іншых – вось яго звыродлівая логіка.

Адваротны тыпаж – паліцай Недасека. Малады, нязлосны, нават кранальны. Чаму ў паліцаі пайшоў? Што зробіш, брат – савецкі актывіст, з такімі родзічамі нядоўга стаць да сцяны. А ў яго, у Недасекі, дзеці. Усё для дзяцей.

Сцепаніда нават пашкадавала яго. А потым запытала: ты ўжо вешаў каго-небудзь? Не, адказаў кранальны Недасека, і не хацелася б. Але калі скажуць – «Скажуць, дык што ж. Мусіш». Хоць бы і роднага брата. Што зробіш, калі загад.
 
Так і казалі ваенныя злачынцы ўсіх часоў і народаў: што зробіш, калі загад. І мы аднойчы пачуем тое ж самае.

Вось дзве крайнасці: недасекі з нулявой персанальнай адказнасцю, аморфныя істоты з ружжамі – і гужы з адчуванне поўнай улады й непадлегласці суду. Абедзве крайнасці – бакі аднаго медаля. Страху.

«Сцепаніда болей не казала нічога, толькі слухала яго блытанае апраўданне і думала, які ж ён дурны, а можа, і подлы. Яе спагадлівасць да яго хутка выцяснялася злосцю, і яна думала, што такіх не навучыш, нічога ім не зразумець, бо далей свайго карыта ім не дадзена бачыць. Такія ад прыроды сляпыя да маленькага пробліску чалавечнасці, дбаюць толькі аб сабе і апраўдваюцца дзецьмі. Божа, што будзе яшчэ з тых іхніх дзяцей, што яны пярэймуць ад гэтых во таткаў?..»

*

Фінал «Знаку бяды» вядомы: Сцепаніда коштам уласнага жыцця адстаяла права самой вырашаць свой лёс. Яна абліла сябе газай і падпаліла. Загінула не толькі гераіня, загінуў цэлы свет – яе хутар.

18 верасня ў Смалявічах да будынка РАУС падышоў мужчына, абліў сябе бензінам і падпаліў. Мужчына загінуў.

Я не маю права выказваць здагадкі пра матывацыю гэтага чалавека.

Але я магу патлумачыць, чаму Быкаў абраў для сваёй гераіні такі фінал. Таму што «той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане».

У гэтым сказе – галоўнае для нас сёння. Беларусы, якія ўрэшце пераступілі парог тутэйшасці і абвясцілі сябе беларусамі, адчулі сябе грамадзянамі і зразумелі, што разам у іх – у нас – ёсць сіла перамагчы («Мы непобедимы, пока мы едины»), ужо не вернуцца да стану абыякавага насельніцтва, да ганебнага стану «элехтарату».

*

Адно пытанне непакоіць: што скажуць дзецям пра «Знак бяды» школьныя настаўнікі літаратуры?

Наста Грышчук, budzma.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: